Па-за “чыстым жанрам”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

У гэтым годзе вядомаму жывапісцу, заслужанаму дзеячу мастацтваў Дзмітрыю Алейніку споўнілася б восемьдзесят... “Песня Палесся” — менавіта так называецца памятная выстаўка твораў Д.І. Алейніка, якая працуе ў палацы Румянцавых і Паскевічаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У экспазіцыі — 40 пейзажаў, створаных жывапісцам у 60-я — 80-я гады ХХ стагоддзя. Большую частку калекцыі прадставіла сям’я мастака.

 

/i/content/pi/cult/232/3186/7-1.jpg
Д.Алейнік. “Далячыні”.
Як пранікнёны паэт-лірык пейзажа, пясняр Гомельшчыны, Д.Алейнік уваходзіў у лік лепшых жывапісцаў краіны. Пасля сканчэння ў 1954 годзе Мінскага мастацкага вучылішча Дзмітрый паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе яго настаўнікам быў Віталь Цвірка. Алейнік да канца свайго жыцця з удзячнасцю ўспамінаў педагога, які "без усякага націску на індывідуальнасць прывіў сваім вучням жывапісную культуру, разуменне колеру, любоў да работы з натурай". Я добра ведаў Дзмітрыя Іванавіча, шмат разоў сустракаўся з ім, асабліва - у 1980-я гады, час росквіту яго таленту. Ён мне многа расказваў і пра сваіх настаўнікаў (гэта і Уладзімір Сухаверхаў, і Валянцін Волкаў), але менавіта Цвірка стаў той пуцяводнай зоркай, якая асвятляла яму шлях цягам усяго доўгага творчага жыцця. Асабіста для мяне Дзмітрый адкрыўся як таленавіты пейзажыст у палатне "Вясна. Порт" (сярэдзіна 1960-х). Гэта быў своеасаблівы апафеоз радасцібыцця, якое мастак пабачыў і замацаваў з рэальнай прадметнасцю свету. Потым было багата цудоўных твораў, што свецяцца ў ягонай спадчыне як каштоўныя россыпы.

Прырода для мастака - быццам тая музыка, якая дорыць яму натхненне для працы. На ягоных карцінах "пяюць" гаі і блакітныя азёры Браслаўшчыны, бары над ракой Убарць і лясныя паляны Мядзельшчыны, дзе фарбы нагадваюць казачныя жменькі перлін: яны зіхацяць яскравай вясёлкай і пераліваюцца ціхім ззяннем. Задушэўная меладычная песня пра Радзіму натхнёна гучыць у палотнах "Лясное возера", "Белыя коні", "Дзявочы гай", "Вясенні матыў", "Восень у лесе", "Бярозкі", "Касавіца". У "Стагах", напрыклад, мастак ужо выходзіць за межы ўласна "чыстага" жанру ў галіне фігуратыўнай карціны, дзе яркая колеравая гама - нібы гімн працоўным здзяйсненням людзей беларускай вёскі. Дзмітрый Алейнік зрабіў вельмі шмат у галіне лірычнага жанру, пейзажа. Ён звяртаўся да сферы інтымнага свету пачуццяў, якія звязаны з прыродай у яе паўсядзённай плыні. І не толькі пераадолеў паверхневы погляд на рэчы, але выявіў духоўную сутнасць звыклых з'яў, абвострыў тыя цудоўныя моманты жыцця зямлі, што мы часта проста не заўважаем. Дзмітрый казаў, што пачынаў працаваць над тым ці іншым матывам толькі тады, калі той выклікаў у яго не "рэчавыя", а паэтычныя асацыяцыі.

/i/content/pi/cult/232/3186/7-3.jpg
Д.Алейнік. “Разліў на Прыпяці”.
 І ў гэтай неадназначнасці - непаўторнасць лепшых палотнаў пейзажыста. Мастацтва Д.Алейніка - індывідуальнае, і таму наўрад ці патрэбна шукаць для яго прамыя аналогіі. Але калі раскрываць прынцыпы, што ляжаць у аснове, падыход мастака да жанру пейзажа, дык можна ўпэўнена сцвярджаць: творчасць Д.Алейніка ляжыць у рэчышчы тых традыцый, якімі кіраваліся нашы класікі В.Бялыніцкі-Біруля, В.Цвірка, І.Карасёў, І.Дмухайла, К.Касмачоў. Таксама сёння бліскуча працуюць землякі Д.Алейніка - пейзажысты М.Казакевіч і Р.Ландарскі. Такім нам бачыцца мастацтва Дзмітрыя Іванавіча. Мастацтва, поўнае чысціні і жыццярадаснасці. Мастацтва, што адлюстроўвае цэласныя, па-юнацку светлыя, адносіны да Радзімы, да прыроды, да людзей.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"