Ансамбль у “папяровай версіі”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Наданне аматарскаму калектыву звання “народны” або “ўзорны” — сапраўднае свята на вуліцы таго гарадка або вёскі, дзе знаходзіцца яго рэпетыцыйная база. Але часам у рашэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь можна сустрэць пункт, дзе гаворка вядзецца пра адваротнае: пазбаўленне звання тых калектываў, якія свайму статусу не адпавядаюць. Штогод на Беларусі ганаровыя званні атрымлівае 70 — 80 калектываў. Сярэдняя ж колькасць клубных фарміраванняў, якія гэтае званне губляюць, — у дзесяць разоў меншая... Аднак важна знайсці адказ на пытанне: што становіцца прычынай для падобных рашэнняў? Чым яны матывуюцца, і якія “прафілактычныя меры” неабходны, каб унікнуць гэткага лёсу?

 

/i/content/pi/cult/232/3180/4-1.jpgШыла ў мяху не ўтоіш

 У Палажэнні аб народным (узорным) непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Міністэрствам культуры краіны 6 лістапада мінулага года, ёсць дэталёвы спіс патрабаванняў да клубных фарміраванняў, якія маюць званні. Асноўныя з іх - гранічна простыя: калектыў павінен рэгулярна збірацца на рэпетыцыі (не радзей, чым два разы на тыдзень), прынамсі, штомесяц даваць публічныя выступленні і раз на два месяцы паказваць сольныя праграмы. Яшчэ адзін важны пункт - пастаяннае абнаўленне рэпертуару.

 - Адным словам - жыць. Жыць актыўным і насычаным творчым жыццём, якое немагчымае без рэпетыцый і канцэртаў, - рэзюмуе галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда. - Сярод калектываў, пазбаўленых звання, вы не сустрэнеце тыя, чые імёны "на слыху". Многія такія ансамблі, фактычна, ужо не існавалі. Для людзей мастацтва ўласцівы часовыя крызісы. Не абмінаюць яны і творчыя калектывы. Запытаў у свайго суразмоўцы: ці бывае так, што "карныя" меры становяцца заўчаснымі, спрыяючы толькі паглыбленню крызісу, а ніяк не выйсцю з яго? Але, па словах Івана Галабурды, гэта выключана: любы калектыў мае досыць часу, каб пераадолець "чорную паласу", змену складу або якія іншыя праблемы.

 - Калі нам кажуць, што рэпетыцыі адменены з прычыны моцнага снегападу, мы верым, - кажа ён. - І сапраўды: людзям пажылага веку цяжка ўзімку дабірацца да клуба, які месціцца ў суседняй вёсцы. Але калі сітуацыя не змяняецца і ўлетку... "Мёртвыя" калектывы з рэгаліямі і сапраўды нікому не патрэбныя. І калі ансамбль распадаецца сам сабою, мірна, са згоды ўсіх яго ўдзельнікаў... у такім выпадку можна тольк і ўзгадаць французскі выраз "Се ля ві". Але, бясспрэчна, бывае ў жыцці і іншая сітуацыя: самадзейныя артысты са скуры вылузваюцца, каб адпавядаць свайму статусу, аднак... з той ці іншай прычыны ўзяць планку ўласнымі сіламі не атрымліваецца.

 - Безумоўна, у такім выпадку яны павінны разлічваць на дапамогу метадычных цэнтраў народнай творчасці, - кажа Іван Галабурда. - Любы кіраўнік сельскага калектыву можа звярнуцца туды не толькі па тэарэтычныя веды, алеі з канкрэтнымі просьбамі. Напрыклад, зрабіць аранжыроўку або арганізаваць майстар-клас больш дасведчаных музыкантаў. Метадычная дапамога аматарскім калектывам гарантавана. Працэсуальна пазбаўленне калектыву звання пачынаецца "знізу": ад установы культуры, пад юрыдычным "дахам" якой ён знаходзіцца. Менавіта яна выступае ў ролі ініцыятара непрыемнага рашэння. І тут можа паўстаць заканамернае пытанне: нашто гэтай установе праяўляць ініцыятыву? Для яе дырэктара такі крок папросту невыгодны: і рэнамэ клуба можна сапсаваць, і адносіны з землякамі. Здавалася б, куды прасцей не "раскрываць карт", а пакінуць калектыў толькі на паперы.

 - Як кажуць, шыла ў мяху не ўтоіш, - не пагадзіўся галоўны спецыяліст Міністэрства культуры. - Рэпетыцыйную дзейнасць яшчэ можна неяк імітаваць, а вось з канцэртамі - значна цяжэй. А менавіта яны, дарэчы, і з'яўляюцца найважнейшым аспектам працы клубнай установы. Таму яна сама зацікаўлена, каб яе калектывы знаходзіліся ў добрай творчай форме. Урэшце, не будзем забываць і пра тое, што імпрэзы - гэта адна з форм платных паслуг.

Чым закрыць "кадравыя дзіркі"?

 Перш чым калегія Міністэрства культуры паставіць апошнюю кропку ў справе пазбаўлення звання, хадайніцтва ад установы, да якой прымацаваны калектыў-небарака, павінна пабываць на стале начальніка абласнога ўпраўлення культуры. Толькі потым адпаведная дакументацыя скіроўваецца ў Мінск. Па словах начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Чумакова, сваю "візу" на дакументах аб пазбаўленні звання ён ставіць з вялікай неахвотай - і выключна ў тым выпадку, калі гэты крок сапраўды абумоўлены аб'ектыўнымі абставінамі, а іншых варыянтаў няма.

- Перад тым, як прыняць канчатковае рашэнне, заўсёды ўзнікае пытанне: што мы можам зрабіць, каб падтрымаць або нават адрадзіць той ці іншы калектыў? - кажа Дзмітрый Чумакоў. - Калі нешта зрабіць можна - абавязкова робім. Паводле яго слоў, змяніць лёс калектыву могуць не толькі фінансавыя ўліванні і кадравыя рашэнні. Часам імпэт удзельнікам ансамбля надае такая, здавалася б, "дробязь", як запрашэнне да ўдзелу ў прадстаўнічым фестывалі. Упраўленне культуры не пакідае без увагі і тыя фарміраванні, якія фармальна да яго сеткі не належаць. Не так даўно з прычыны розных непаразуменняў пагроза страты звання навісла над узорным ансамблем "Лявоніха" пры Цэнтры творчасці дзяцей і юнацтва Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне. Дзякуючы захадам упраўлення, калектыў удалося захаваць, і цяпер ён працуе пад "дахам" школы мастацтваў. А вось у выпадку з жаночай харавой капэлай і вакальным ансамблем "Актава", якія доўгі час існавалі пры Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы, фінал быў зусім не такі аптымістычны. Кіраўнік ансамбляў сышоў, а знайсці яму замену не атрымалася. У выніку - пазбаўленне звання.

 - Барацьба за гэтыя калектывы доўжылася, мусіць, год, - кажа галоўны спецыяліст упраўлення культуры Наталля Лебедзева. - І вельмі хочацца верыць, што яны з часам адродзяцца. Такі сюжэт - даволі тыповы. Як слушна адзначыў Дзмітрый Чумакоў, самая вялікая небяспека, якая можа напаткаць аматарскі калектыў, - страта кіраўніка. Асабліва ў тым выпадку, калі гэтае месца займала яркая асоба. Прадухіліць узнікненне "кадравай дзіркі" атрымліваецца не заўсёды. Чалавечы фактар немінуча даецца ў знакі: людзі змяняюць працу або проста сыходзяць на пенсію. Але ў дадзеным выпадку сітуацыю ўсё ж можна выправіць. Знайсці таленавітага кіраўніка на вакантную стаўку хай і складана, але магчыма. Асабліва калі прывабіць яго спрыяльнымі ўмовамі.

 - Як паказвае практыка, нядаўнія выпускнікі могуць паспяхова кіраваць нават ансамблямі ветэранаў, - кажа Іван Галабурда. - Калі ёсць здольнасці, паразуменне з людзьмі іншага пакалення знайсці ўдаецца. Іншая справа - калі калектыў пакідаюць самі ўдзельнікі. Тут пошукі замены яшчэ больш праблематычныя. Хаця б таму, што аматарская творчасць - справа выключна добраахвотная, а заробак члены калектыву не атрымліваюць увогуле. Знаныя народныя калектывы зазвычай маюць свой "касцяк", які складаецца з карыфеяў. Менавіта ён становіцца гарантыяй даўгалецця. У дзіцячым жа ансамблі, да прыкладу, такі актыў немагчымы ў прынцыпе: рэгулярныя змены складу немінучыя, як рух часу.

 Добразычлівасць "суддзяў"

Статус можна страціць не толькі праз невыкананне "колькасных паказчыкаў". Якасць таксама бярэцца пад увагу. Паводле згаданага вышэй Палажэння, раз на тры гады кожны калектыў са званнем павінен трымаць іспыт перад рэспубліканскай атэстацыйнай камісіяй. Члены апошняй могуць вынесці сумны вердыкт: той або іншы ансамбль не варты называцца народным. Зрэшты, сёння такая магчымасць - толькі гіпатэтычная. - Не магу прыгадаць ніводнага выпадку, каб заключэнне камісіі было адмоўным, - кажа Іван Галабурда. - Гэта можна патлумачыць тым, што да справаздачы калектывы рыхтуюцца вельмі сур'ёзна, ды і абласныя ўпраўленні культуры кантралююць падрыхтоўку. Здавалася б, такая добразычлівасць "суддзяў" павінна насцярожваць. Ці ж не мэтазгодна зрабіць крытэрыі творчых патрабаванняў да народных і ўзорных калектываў больш жорсткімі? Хаця б дзеля таго, каб у іх быў стымул удасканальвацца, каб само званне набыло дадатковы прэстыж? На думку Івана Галабурды, такой патрэбы няма. Бо аматарская творчасць павінна ставіць перадусім сацыяльныя, выхаваўчыя задачы, і дух спаборніцтва тут не зусім дарэчы.

 Не толькі гонар...

Ці азначае страта звання тое, што на творчым праекце, які яго меў, можна з упэўненасцю паставіць крыж? "Ні ў якім выпадку!" - кажа Наталля Лебедзева. "Разжалаваны" калектыў можа выбраць адзін з двух шляхоў. Папершае, змірыцца з гэтым фактам сваёй гісторыі і працягваць дзейнасць ужо ў якасці шараговага клубнага фарміравання. У такім статусе, між іншым, ёсць нават свае плюсы - асабліва ў тым выпадку, калі ўдзельнікі не заяўляюць пра вялікія амбіцыі. Зрэшты, тут дарэчы будзе кароткі экскурс у статыстыку. З тых 28 з паловай тысяч клубных фарміраванняў, якія існуюць у нашай краіне, толькі 1700 маюць званне "народных" або "ўзорных". Працэнт эліты аматарскай творчасці, як бачым, досыць невялікі. Зрэшты, іначай і быць не можа. Другі шлях больш складаны: аднавіць страчаны статус. Па словах Івана Галабурды, ніякіх юрыдычных перашкод у гэтым выпадку не існуе. А Наталля Лебедзева запэўніла, што калектыў, які захоча "рэабілітавацца", сустрэне ўсебаковую падтрымку з боку ўпраўлення культуры і абласнога метадычнагацэнтра. - Галоўнае, каб такое жаданне было ў саміх удзельнікаў калектыву, - дадала яна. - Ад гэтага амаль усё і залежыць.