Эталон стылю

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

80-годдзе з дня нараджэння знакамітага беларускага кампазітара, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Яўгена Глебава выклікала цэлы шэраг канцэртаў, прысвечаных памяці майстра. Адзін з іх правядзе 26 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

/i/content/pi/cult/232/3179/3-2.jpgГэтых двух творцаў звязвала не толькі творчае супрацоўніцтва, але і шматгадоваесяброўства. Упершыню Міхаіл Якаўлевіч убачыў кампазітара, яшчэ калі працаваў артыстам аркестра Беларускага радыё і тэлебачання пад кіраўніцтвам Барыса Райскага. У той вечар захварэўшага дырыжора замяніў Яўген Глебаў. Фінберга вельмі ўразіла стаўленне творцы да аркестрантаў. А між тым, яго адметная аркестроўка ўжо ў тыя гады лічылася ледзь не эталонам новага кампазітарскага стылю, які шчодра сумяшчаў акадэмічныя і эстрадна-джазавыя здабыткі.
 Пад час прэс-канферэнцыі, прысвечанай будучаму канцэрту, Міхаіл Якаўлевіч згадаў і пра далейшае супрацоўніцтва з Яўгенам Аляксандравічам - і калі Фінберг ужо кіраваў аркестрам цырка, і калі арганізаваў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі. Згадаў Міхаіл Якаўлевіч і тое, з якім хваляваннем прынёс Глебаву аранжыроўку аднаго з яго твораў - і той нечакана ўхваліў яе, хаця звычайна нікому не давяраў гэтую працу. Дарэчы, менавіта Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Я.Глебаў не толькі давяраў прэм'еры многіх сваіх твораў, але і прысвяціў яму Канцэрт для голасу з аркестрам. У канцэрце прагучаць некалькі пералажэнняў акадэмічных твораў Я.Глебава ў выкананні камерных калектываў аркестра: для ансамбляў кларнетыстаў, трубачоў, выканаўцаў на драўляных духавых, струннага квартэта і вакальнага ансамбля пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Вядома, шмат будзе выканана і эстрадных інструментальных твораў, і песень.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"