Пастаноўка стала сумесным беларуска-галандскім праектам. Але ўдзельнічаюць у ім прадстаўнікі яшчэ некалькіх краін. Галандскі прадзюсер запрасіў рэжысёрам-пастаноўшчыкам Марыяну Берглёф са Швецыі, якая апошнім часам жыве і працуе ў Германіі, а таксама нямецкіх мастакоў: мастака-пастаноўшчыка Андрэя фон Шліпэ, мастака па касцюмах Крысціну Халер і па святле - Вольфі Айберта.
Да таго ж, на адну з цэнтральных партый - Манрыка - разам з нашым Сяргеем Франкоўскім запрошаны італьянскія спевакі Джавані Манфрын і Віарэль Саплакан. Музычным кіраўніком і дырыжорам новага спектакля выступае заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна. Як запэўнілі пастаноўшчыкі пад час прэс-канферэнцыі, пастаноўка абяцае быць нетрадыцыйнай, у стылі змрочных фільмаў 1940-х - 1950-х гадоў. Замест сярэднявечнага замка і яго асяроддзя з цыганскім лагерам дзеянне будзе адбывацца ў сучасным горадзе. Каханне, рэўнасць, помста - вось тры складнікі, якія рухаюць сюжэт.
Аляксей СВЕЦІЧ