Прадстаўленая калекцыя фатаграфій графа Бенедыкта Тышкевіча з'яўляецца часткай фондаў французскага музея Нісэфора Н'епса. Упершыню 86 арыгіналаў фотаздымкаў графа Бенедыкта Тышкевіча, цудам ацалелыя ў час Другой сусветнай вайны, выстаўляліся ў Францыі толькі ў 1994 годзе. У свой час наш зямляк ва ўласным маёнтку ў Налібоцкай пушчы стварыў прафесійную фотамайстэрню. А свае найлепшыя здымкі ён экспанаваў на выстаўцы ў Філадэльфіі ў 1876 годзе, дзе і атрымаў сусветнае прызнанне. На фотаработах графа адлюстравана жыццё ў розных праявах. Можна ўбачыць як закаханых, якія бавяць час у рамантычных месцах, так і прачак за працай, інтэр'еры тагачасных маёнткаў ды прыгажосць беларускай прыроды. Унікальныя кадры Тышкевіча паказваюць побыт людзей, якіх ён сустракаў і пад час шматлікіх падарожжаў. Цікавасць уяўляе і аўтапартрэт графа ў маёнтку. Гэтая унікальная выстаўка будзе экспанавацца і ў Гомелі - у галерэі Гаўрылы Вашчанкі, а з 20 лістапада па 8 снежня - у мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
К.А.
Фота Collection Musee Nicephore Niepce Ville de Chalon-sur-Saone, France