Медыум “Рыжыка”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

У Нясвіжскім палацы адбываюцца здымкі поўнаметражнага мастацкага фільма. Старадаўнія інтэр’еры, якія на некалькі дзён сталі кінапляцоўкай, упадабалі стваральнікі стужкі для дзяцей “Рыжык”.

/i/content/pi/cult/232/3174/3-3.jpgПаводле сцэнарыя, звычайная беларуская дзяўчынка гуляе па Мінску, прыязджае ў бібліятэку, якая ў выніку дзівосных пераўтварэнняў трансфармуецца ў старажытны замак казачнай краіны. Менавіта там з гераіняй і адбываюцца цікавыя прыгоды, яна сустракаецца з рознымі персанажамі, створанымі, у тым ліку, і дзякуючы камп'ютэрнай графіцы. Расійскі акцёр Дзмітрый Мілер у фільме выконвае адну з галоўных роляў, дакладней - некалькі: ён іграе братоў-блізнят, якія, да таго ж, з'яўляюцца прынцамі, - Морыса і Себасцьяна. У згаданай сцэне галоўны герой выкананнем мелодый на мандаліне забаўляе сваю каханую, Алісу, якую ўвасабляе айчынная актрыса Алеся Самахавец.
 Адметна, што сцэна стала своеасаблівым медыумам фільма, бо мінула роўна 33 дні ад пачатку здымак. Столькі ж яшчэ чакаецца працаваць акцёрам.Як адзначыў намеснік дырэктара здымачнай групы Юрый Бондар, здымкі фільма скончацца ў снежні, затым цягам года будзе рабіцца камп'ютэрная графіка, аб'ём якой складзе каля 40 працэнтаў паўтарагадзіннай мастацкай стужкі. Пасля гэтага рэжысёр фільма Алена Турава плануе ўдзел "Рыжыка" ў некалькіх кінафестывалях.