- Ужо гадоў пятнаццаць, - паведаміў кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, - я наведваў гэты фестываль як старшыня журы. І заўсёды быў сведкам таго, з якой заўзятасцю тамтэйшыя ўдзельнікі конкурсу спяваюць новыя беларускія песні. І як шчыра, з якой радасцю там сустракаюць нашы калектывы. Нас папрасілі выступіць у заключным гала-канцэрце з праграмай прыблізна на 40 хвілін. Мы едзем вялікім складам - 64 артысты, сярод якіх - і хор, і інструментальная група, і балет. У Беластоку адбудзецца прэм'ера нашай новай вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі "Добры вечар добрым людзям!". Няхай не перажываюць мінчане: 7 лістапада гэтая кампазіцыя будзе паўторана на нашым сольным канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, бо менавіта нам даверана закрываць фестываль "Беларуская музычная восень". Увогуле ж, у Беластоку будзе паказана шмат песень і фрагментаў з нашых іншых праграм.
Будзе закранута тэма пор года, выступяць і нашы салісты. У фінале прагучыць песня "Беларусь - імя святое" Ганны Казловай на словы Мікалая Траццякова. Яна гучыць, бы народная, палякі яе ведаюць, таму папрасілі, каб мы завяршылі сваё выступленне менавіта гэтай кампазіцыяй. Ну, а разам з усімі ўдзельнікамі фестывалю мы заспяваем "Люблю наш край, старонку гэту"...