Нясвіжскія партрэты і праекты

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Новымі каштоўныміпрадметамі папоўнілася калекцыя Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Нашчадак магнацкага роду Мацей Радзівіл перадаў два арыгіналы і сем копій карцін, што колісь знаходзіліся ў фамільнай рэзідэнцыі. Урачыстая цырымонія перадачы адбылася ў межах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Досвед стварэння палацавых музейных экспазіцый”.

 

/i/content/pi/cult/232/3166/2-1.jpgУ экспазіцыю Нясвіжскага палаца пад час музеефікацыі будуць уключаны графічныя арыгінальныя партрэты Мікалая Радзівіла Сіроткі і Януша Радзівіла з аркушаў кніг XVII стагоддзя, набытыя Мацеем Радзівілам на аўкцыёне. Польскія госці таксама падарылі копіі партрэтаў такіх знакамітых прадстаўнікоў роду Радзівілаў, як Караль Станіслаў, вядомы пад мянушкай Пане Каханку, і Барбара Радзівіл, а таксама копію іконы Божай Маці, якая знаходзілася ў нясвіжскай капліцы. Усяго ж, па словах Мацея Радзівіла, нашчадкі славутага роду ў перспектыве плануюць перадаць у Нясвіж каля 40 копій партрэтаў. У той жа час, важна разумець, што музейную экспазіцыю Нясвіжскага замка неабходна збіраць сумеснымі намаганнямі зацікаўленых бакоў. Пра гэта паведаміў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

Як адзначыў міністр, пасля завяршэння рэстаўрацыі Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля ў 2011 годзе надзвычай актуальным стане пытанне напаўнення музейнага фонду. Ужо сёння з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў музей-запаведнік перададзены дзве вазы XIX стагоддзя, у бліжэйшы час адтуль у замак вернуцца і два старадаўнія люстэркі. Плануецца таксама для папаўнення музейнай экспазіцыі набываць прадметы на аўкцыёнах, ствараць электронныя копіі выяўленых унікальных рэчаў з калекцыі Радзівілаў. У прыватнасці, выступаючы на пленарным пасяджэнні канферэнцыі, Павел Латушка нагадаў пра рэалізацыю праекта віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі ардынацыі Радзівілаў у межах праекта "Дакументальная спадчына Рэчы Паспалітай" пад эгідай UNESCO. Актуальнае пытанне перадачы арыгінальных партрэтаў у Нясвіж з фондаў беларускіх музеяў закрануладоктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая, якая адзначыла, што на сённяшні дзень у нашай краіне захоўваецца 75 такіх карцін, кожная з якіх, несумненна, мае велізарнае значэнне для культуры краіны і магла б упрыгожыць палац Радзівілаў. З гэтай нагоды трэба адзначыць, што цяпер Міністэрствам культуры разглядаецца магчымасць перадачы гэтых мастацкіх рарытэтаў у музей-запаведнік "Нясвіж" на доўгатэрміновы дэпазіт.

Таксама на канферэнцыі, у якой удзельнічалі гісторыкі і музеязнаўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы, разглядаліся праблемы рэалізацыі праекта віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны і кніжных збораў Радзівілаў, былі агучаны вынікі апошніх даследаванняў па пытаннях фартыфікацыі Нясвіжскага замка, археалагічных знаходак, сімволікі мясцовага Фарнага касцёла. Замежныя ўдзельнікі форуму падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў галіне аднаўлення старадаўніх палацаў і замкаў, расказвалі пра міжнародныя культурныя сувязі Радзівілаў.

 К.А.

На здымку: Мацей Радзівіл перадае Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музеюзапаведніку "Нясвіж" адзін з партрэтаў сваіх продкаў.

Фота аўтара