Дзень інфармавання для Кліо

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Сустрэчы кіраўніцтва Міністэрства культуры РБ з работнікамі падначаленых яму ўстаноў сталі ўжо традыцыйнымі. Той факт, што яны адбываюцца менавіта ў рамках Адзінага дня інфармавання, нясе падвоеную сэнсавую нагрузку. Па-першае, работнікі культуры могуць даведацца пра дзейнасць Міністэрства з першых вуснаў і задаць свае пытанні, што называецца, вочы ў вочы. А па-другое — і кіраўніцтва Міністэрства атрымлівае непасрэдную інфармацыю пра стан устаноў культуры, карысную для яго далейшай працы. Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук і кіраўнікі некаторых упраўленняў Міністэрства наведалі Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.

Ва ўступным слове Уладзімір Матвейчук назваў гэтую ўстанову адной з вядучых сярод музеяў ды заклікаў прыкласці яшчэ больш намаганняў для ўмацавання гэтага статуса. Характарызуючы дзейнасць музейнай сферы, ён акрэсліў і адну з найактуальных для яе праблем — з трохтысячнай грамады музейных работнікаў толькі 195 чалавек маюць вышэйшую адукацыю. Па словах міністра культуры, гэтая сітуацыя мае быць выпраўлена з дапамогай прыцягнення маладых кадраў і завочнага навучання “музейшчыкаў” са стажам.

Начальнікі эканамічнага ўпраўлення Ніна Казімірская і ўпраўлення мастацтваў Міхаіл Казловіч, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурынай спадчыны Ігар Чарняўскі азнаёмілі прысутных з прыярытэтнымі напрамкамі сваёй дзейнасці. Выступленне галоўнага юрысконсульта аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры РБ Аксаны Забароўскай тычылася заканадаўчай і нарматыўнай базы ў галіне музеяў.

З залы ў гэты дзень прагучалі толькі два пытанні, але абодва Яны закраналі грунтоўныя праблемы.

Новы дырэктар Дома-музея І з’езда РСДРП Сяргей Бяспанскі запытаў пра будучыя перспектывы гэтай установы, якая з’яўляецца філіялам музея гісторыі і культуры.

Другое пытанне тычылася памяшканняў музея ў будынку па вул. Фрунзе, 19, якія патрабуюць сур’ёзнага рамонту. Уладзімір Матвейчук паабяцаў у самым хуткім часе наведаць абодва аб’екты, кааб падрабязней азнаёміцца з праблематыкай на месцы.

Падзякаваўшы высокім гасцям за візіт, дырэктар музея Сяргей Вечар паабяцаў, што давераная яму ўстанова будзе актыўна рэалізоўваць свой патэнцыял і надалей. Сведчаннем яго негаласлоўнасці стала змястоўная ды разнапланавая праграма Ночы музеяў, падчас якой наведвальнікам будзе прапанавана нямала арыгінальных цікавостак.

Ілля СВІРЫННа здымку: супрацоўнікі музея падчас сустрэчы.
Фота Юрыя ІВАНОВА