Зеўс з нашага Эрыдана

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Адзін з самых яркіх перыядаў айчыннай гісторыізвязаны з часам Адраджэння — дзейнасцю нашых славутых і ўсім вядомых асветнікаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў XVI стагоддзя. На гэтым гістарычным этапе на культурнае жыццё Вялікага княства Літоўскага вялікі ўплыў аказвалі італьянскія цэнтры адукацыі, мастацтва і непасрэдна самі дзеячы Рэнесанса. Як сведчаць гісторыкі, істотна паўплываў на пералічаныя працэсы заключаны ў 1518 г. шлюб паміж дачкой міланскага герцага Бонай Сфорцай і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам І. Дзякуючы гэтаму, у нашу краіну трапіў шэраг прадстаўнікоў тамтэйшай арыстакратыі, у тым ліку паэты, мастакі, скульптары, архітэктары. Прывезла славутая італьянка з сабой і выдатную калекцыю жывапісу, кнігі. Так, у віленскім Ніжнім замку былі створаны першая ў Вялікім княстве Літоўскім карцінная галерэя, а таксама буйная бібліятэка. Не выпадкова шэраг мерапрыемстваў культурнага праекта “Італьянскае Адраджэнне ў Беларусі”, што гэтымі днямі праходзіць у нашай краіне па ініцыятыве Пасольства Італіі ў Беларусі, чакае Нацыянальная бібліятэка. Менавіта там неўзабаве адкрыецца выстаўка “Італьянскія кнігі на беларускіх землях часоў Боны Сфорцы”, прысвечаная выданням XVI ст., надрукаваным у Італіі. Яны ў свой час захоўваліся ў прыватных і царкоўных бібліятэках Беларусі. А напрыканцы кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца таксама і Міжнародная канферэнцыя, дзе гісторыкі, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, архітэктары будуць абмяркоўваць уплыў італьянскага Адраджэння на развіццё беларускай культуры. Шмат цікавых звестак пра даўнія культурныя сувязі Беларусі і Італіі становіцца вядома і дзякуючы археалагічным даследаванням. Адно з такіх было колісь зроблена кандыдатам гістарычных навук Леанідам Калядзінскім...

 

/i/content/pi/cult/231/3159/14-3.jpgМілагучнае і знаёмае многім слова "Эрыдан" азначае нішто іншае, як нашу раку Заходняя Дзвіна. Менавіта так яе называлі старажытныя рымляне, якія, відаць, неаднойчы тут бывалі. Сёння археалогія дазваляе знайсці сляды тых міждзяржаўных стасункаў. Адзін з іх - звычайная, здавалася б, талерка, знойдзеная летам 1980 г. у Віцебску на тэрыторыі Верхняга замка. Аднак аналіз гэтай знаходкі, зроблены ўжо значна пазней, паказаў, што гэта - прыдонная частка распіснога маёлікавага блюда. Яго назва паходзіць ад назвы вострава Маёрка і азначае мастацкую кераміку, пакрытую поліхромнымі эмалямі альбо распісаную па сырой эмалі вадзяністымі керамічнымі фарбамі. У дадзеным выпадку ўнутраная частка посуду аздоблена роспісам, выкананым па двухколерным фоне. Сіні тон па баках разрываецца ў цэнтры белым шлячком, што, нібы сноп святла, выхоплівае з цемры постаці жывёлін. Удалае спалучэнне сініх тонаў рознай інтэнсіўнасці дае эфектны кантраст, падкрэслены белым фонам. У невялікай колькасці ўведзены жоўты колер. Малюнак выкананы ў рэалістычнай манеры. Цікава, што роспіс зроблены па сырой эмалі і пакрыты слоем празрыстай свінцовай палівы: пасля канчатковага абпалу гэта надавала фарбам святочны бляск.

 На малюнку захаваліся тры плямкі, размешчаныя, так бы мовіць, па вуглах правільнага трохкутніка, прыкладна на адлегласці 7 см адна ад другой. Гэтыя плямкі-сляды - адбіткі ножак глінянай падстаўкі, што размяжоўвалі стос падобных блюд, якія майстар ставіў у печ для абпалу. Адваротны бок начыння пакрыты карычневай палівай па жоўтай аснове. Цікава, што на блюдзе застаўся адбітак пальца, выпацканага ў жоўтую фарбу. Па вызначэнні спецыялістаў, гэта - адбітак вялікага пальца правай рукі, які мог належыць падлетку - пэўна, вучню або чалядніку, якія дапамагалі майстру. Адкуль паходзіць такі посуд? Фігурны жывапіс на маёліках быў пашыраны ў Італіі ў першай палове XVI ст. Маёлікавыя блюды, талеркі, збаны з'яўляліся неабходным элементам раскошы патрыцыянскіх дамоў. У другой палове XVI ст. фігурны жывапіс па маёліках замяняецца альбо дапаўняецца гратэскавым роспісам. Можна меркаваць, што блюда з Верхняга замка Віцебска, як і італьянскія аналагі, завяршалася гарызантальным борцікам, запоўненым раслінным гратэскам ці лускавым арнаментам. На жаль, ніякага кляйма ці надпісу, якія сведчылі б пра аўтара гэтага эксклюзіву, няма. Гэта ўскладняе пытанне пра канкрэтнае паходжанне нашай знаходкі.

Поўнага аналага паводле сюжэта пакуль знайсці не ўдалося. Ды і італьянскія жывапісцы па фаянсе звычайна вандравалі з горада ў горад, што вызначала падабенства вырабаў розных маёлікавых майстэрняў. Можна толькі ўпэўнена казаць, што аўтар гэтага твора знаходзіўся пад уплывам школы горада Фаэнцы, бо менавіта такія маёлікі былі прызнаным узорам амаль для ўсіх італьянскіх майстроў. Ёсць і здагадкі наконт таго, як блюда трапіла з далёкіх Апенінаў у Віцебск. У другой палове ХVІ ст. у мясцовым замку служылі ротмістрамі чатыры італьянцы. Гэта і дапамагае датаваць знаходку. Нягледзячы на тое, што выяўлена яна ў пласце першай паловы ці сярэдзіны XVII ст., паходжанне яе ўсё ж больш ранняе: XVI ст. Гэта быў яшчэ час Рэнесанса, калі абудзілася цікаўнасць да Антычнасці. У такім выпадку змешчаную на блюдзе выяву жывёліны можна разглядаць праз прызму старажытнагрэчаскай міфалогіі. Узгадаем міф аб выкраданні Еўропы Зеўсам, дзе Зеўс, каб падмануць юную прыгажуню Еўропу, ператварыўся ў быка з сярэбранай поўсцю і залатымі рагамі. Менавіта такая выява змешчана на нашай знаходцы...
Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
 археолаг, кандыдат гістарычных навук
 На здымках: фрагменты знаходак з берагоў "Эрыдана"; каралева Бона Сфорца і вокладка першага выдання "Песні пра зубра", надрукаванага пры яе падтрымцы.