Рыцар тэатра

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Пайшоў з жыцця цудоўны чалавек, таленавіты празаік, перакладчык, журналіст і тэатральны крытык — Барыс Іванавіч БУР’ЯН. Думаецца, у тэатральнай суполцы няма нікога, хто хоць раз не сустракаўся б з ім у працы ці проста ў задушэўнай размове. А многія артысты лічылі яго сваім “бацькам”, таму што ніхто, як ён, у мінулым — акцёр, служыўшы Мельпамене ў тэатрах Разані і Кінешмы, не ведаў так добра тэатральнае закуліссе. Усё жыццё Барыс Іванавіч па-бацькоўску апякаў, дапамагаў парадай і справай любому, хто звяртаўся да яго па дапамогу, — ці то акцёрупачаткоўцу, ці то спакушанаму крытыку.

 

Вялізны жыццёвы досвед і мудрасць добрага, чулага чалавека, бязмежная адданасць тэатру, шчырая зацікаўленасць любімай справай і безадмоўнасць выгадна вылучалі яго сярод калег і сяброў. А энцыклапедычнасць ведаў, шырыня прафесійных поглядаў і навуковая празорлівасць дапамагалі яму ў стварэнні шматлікіх аповесцей для дзяцей і юнацтва, інсцэніровак і кінасцэнарыяў да тэлевізійных перадач і дакументальных фільмаў. Ён заўсёды знаходзіў дакладнае слова, перакладаючы творы беларускіх пісьменнікаў на рускую мову. Тэатральная і навуковая грамадскасць бязмерна ўдзячная Б.І. Бур'яну за яго крытычную і тэатразнаўчую дзейнасць. З якой навуковай скрупулёзнасцю і прафесійнай асалодай крытык узнаўляў гісторыю Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі! Са старонак яго тэатразнаўчых кніг і эсэ, быццам жывыя, паўставалі дзеячы айчыннага тэатра і кіно, дзяліліся спрадвечнымі іскрынкамі свайго таленту, аддаючы даніну многім пакаленням беларусаў, чые талент, высакароднасць душы ўмацоўвалі і адухаўлялі нацыянальнае мастацтва нашай Радзімы. А шматлікія тэатральныя рэцэнзіі, якія з зайздроснай рэгулярнасцю з'яўляліся на старонках часопісаў "Нёман", "Мастацтва" і газеты "Літаратура і мастацтва", строга, але справядліва і добразычліва ацэньвалі сцэнічныя творы тэатраў Беларусі, прадстаўлялі зорак тэатральнага Алімпа краіны. Такім жа патрыётам, светлым чалавекам вялікай душы і сэрца, сапраўдным рыцарам Тэатра і застанецца ў нашай памяці Барыс Іванавіч Бур'ян.

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне"Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў", сектар тэатра Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў