Калі ж на экране, усталяваным на Малой сцэне Купалаўскага, разгарнулася цэлая "відэапанарама" творчасці Уладзіміра Якаўлевіча (у тым ліку ў сааўтарстве з Сяргеем Войчанкам), нават без дэталёвага яе разгляду стала абсалютна відавочна: тэатральнымі з'яўляюцца практычна ўсе работы майстра, незалежна ад іх прызначэння і сціплых каментарыяў аўтара. Тут былі выявы афіш (праз іх да "Панарамы" быццам далучыўся Вялікі тэатр Беларусі, да некаторых спектакляў якога мастак рабіў рэкламныя плакаты), разнастайныя паштоўкі, малюнкі з надпісамі, прызначаныя для маек, і пераможныя конкурсныя працы (больш як 20 міжнародных узнагарод - гэта вам не жартачкі!), і сапраўдныя "рарытэты", што захоўваюцца ў музеях Германіі, ЗША, Латвіі, Фінляндыі, Швейцарыі, Японіі і нават у Луўры. Было над чым і пасмяяцца, і задумацца. Да ўзнагароджання артыстаў балета - плакат з выявай святочнага торта, зробленага з... балетнага пачка. Да оперы "Барыс Гадуноў" - штосьці сярэдняе паміж звонам і аблямаванай мехам шапкай Манамаха. Да фільмаў Кустурыцы - скрыпка, на якой замест смыка ляжыць цыганская плётка. Да п'есы "Лес" Астроўскага - зморшчаны яблычак са штучным "касметычным" румянцам. Да "Лебядзінага возера" - балерыны ў ластах, быццам "ад Дэга". Ну як тут не задаць "дадатковыя" пытанні- ад "К"?
А калі б быў камп'ютэр?
- Вас, пэўна, можна залічыць да эпохі шасцідзесятніцтва? Не па ўзросце, вядома, а па духу многіх вашых работ.
- Не, я- семідзесятнік, абсалютна дакладна. Бо мне, да прыкладу, не падабаюцца барды дый многае іншае "са знакам" 60-х. А 70-я - гэта новае мысленне. І- спроба знайсці сябе, а не проста паўтарыць адкрытае іншымі, толькі нам раней невядомае.
- Ды ўсё ж: як становяцца такімі крэатыўнымі мастакамі? Што да гэтага больш спрычынілася: час, бацькі, выкладчыкі, можа, нейкія спецыяльныя трэнінгі, што развіваюць уменне ўбачыць незвычайнае ў звычайным?
- Вядома, маляваць я пачаў рана. Але нейкі пераварот у мысленні адбыўся гадоў у 18, калі да мяне трапіла кніга пра "Бітлз". Там была ілюстрацыя да песні "Yesterday": яешня на два яйкі, у якой затушаны акурак. Спачатку я не мог уцяміць: што гэта, для чаго, навошта? А потым - быццам нахлынула: гэта ж перажыванніўчарашняга дня! Такія моцныя, што немагчыма снедаць - хіба курыць на галодны страўнік. Але ж і "паліва" "не ідзе": малады чалавек у роспачы гасіць яго ў яешні. Нічога, здавалася б, складанага, а так моцна сказана - і пра многае.
- Гэты малюнак, мабыць, вызначыў ваш мастацкі лёс?
- На дызайн я трапіў, можна сказаць, выпадкова. Прыйшоў паступаць у тагачасны тэатральна-мастацкі інстытут, сказаў: "Хачу быць мастаком". А мне ў адказ: "Ха-ха-ха. Ён, бачыш, яшчэ не выбраў".
- Падумаеш, выбралі пазней.
- Думаю, на той час нікуды, акрамя як на дызайн, мяне не прынялі б.
- Значыць, прафесія сама выбрала вас?
- Пэўна, так. Мне сказалі: маўляў, чаго ты вагаешся, ідзі на дызайн - там хаця б мазгі "паставяць".
- Вы вучыліся на аддзяленні графічнага дызайну. А калі б у той час быў яшчэ і камп'ютэрны?
- Гэта ўсяго толькі новыя тэхнічныя магчымасці, якія не замяняюць чалавечае мысленне.
На ўзроўні вынаходніцтва
- Няўжо мысленне дызайнера настолькі адрознае ад мастацкага?
- Абсалютна. У дызайнера мысленне накіравана на тое, каб дакладна адбудаваць задачу ў любым праекце. Павінна ўзнікнуць цікавая ідэя - штосьці важнае, што хацеў бы сказаць. Пра ўсё сказаць немагчыма, трэба знайсці менавіта самае галоўнае. А потым, калі яно знойдзена, усё астатняе - вельмі проста: усё, што нас акаляе, мае права на сваё асэнсаванне.
- Але ж падобныя задачы, ідэі ўзнікаюць перад кожным творчым чалавекам...
- У дызайне патрэбна строгая логіка мыслення. А ў жывапісе падобная лагічная адбудаванасць часцяком перашкаджае: тут ты павінен аддавацца адчуванням, звяртацца да падсвядомасці, інтуіцыі. Да таго ж, мастак прысвячае сябе выбару манеры - і потым яе прытрымліваецца. А ў дызайне - штораз усё спачатку.
- Вы маеце на ўвазе, што часта прыходзіцца засвойваць сумежныя прафесіі? Не заўсёды ж вы свае плакаты адно малюеце. Часта бывае замала прыдумаць ідэю - трэба яшчэ матэрыялізаваць свой фантазійны аб'ект, каб потым яго сфатаграфаваць. Іншымі словамі, даводзіцца быць не толькі Цэслерам, але і цесляром? Ці ўсё ж такі вы шукаеце спецыялістаў, якія вам дапамагаюць? Той жа праект "Вынікі ХХ стагоддзя", дзе кожнае з яек увасабляе сутнасць творчай манеры Бродскага,Малевіча, Маякоўскага, Пікаса, Мадзільяні і іншых знакавых творчых асоб, трэба было вырабіць з адпаведнага матэрыялу, вырашыць у адпаведнай колеравай гаме.
- Звычайнае ліццё, прапанаванае, як вы сказалі, спецыялістамі, мяне не задавальняла, давялося прыдумваць новыя тэхналогіі- нават на ўзроўні вынаходніцтва, шукаць новыя матэрыялы, з якіх гэтыя "яйкі" можна было б зрабіць. Таму давялося самому рабіць неабходную форму - з воску, каб ліцейшчыкам заставалася хіба заліць матэрыял у дзірачку. Але ж такое пастаяннае засваенне чагосьці новага - гэта ж так цікава!
"Стаў бы артыстам!"
- Мабыць, вы і ў дзяцінстве не толькі малявалі? - Я займаўся ўсім: і танцамі, і ў музычную школу хадзіў. А калі сказаў сваім аднакласнікам, што паступіў у тэатральна-мастацкі, усе радасна ўсклікнулі: "На акцёрскае?". "Не, - кажу, - на мастацкае". А яны: "Фуу-у". Бо я іх усіх перадражніваў, парадыраваў.
- Няўжо ж ніколі не прыходзіла думка стаць акцёрам? - Хацелася...
Тут не вытрымлівае Мікалай Пінігін, што ўважліва сачыў за нашай размовай, і літаральна выпальвае: "Не стаў бы ён мастаком - стаў бы артыстам, не стаў бы артыстам - стаў бы рэжысёрам. Бачылі б вы, якія мультфільмы ён здымаў у студэнцкія гады! За тры дні, для інстытуцкага капусніка. Артысты ў той час рабілі капуснікі - зусім нецікавыя, а мастакі - такія, што..." Уладзімір Цэслер перахоплівае ініцыятыву:
- Чаго здзіўляцца? Нармальны творчы падыход. У Японіі, як мне расказвалі, у пачатковым навучанні ўвогуле няма падзялення на віды мастацтваў. Там ёсць арт-школа, дзе дзеці займаюцца ўсім: графікай, жывапісам, лепкай, танцамі, ігрой на флейце, літаратурай. Такую падрыхтоўку я лічу ідэальнай. У японцаў увогуле вельмі гуманнае, трапяткое стаўленне да мастацтва. Там пазбягаюць самой конкурснай атмасферы, не ставяць адзнакі на іспытах. Бо лічаць: якім бы выдатным ні быў педагог, ён ніколі не прадкажа, што з каго атрымаецца праз некалькі гадоў. А ўжо калі чалавек вырастае, ён сам вырашае, чым яму займацца. У астатнім... Калі чагосьці хочаш - абавязкова зробіш. Іншымі словамі, што больш падабаецца, тым і займайся. Галоўнае - не быць надта апантаным у чымсьці. Апантанасць, асабліва на перыферыі, можа выліцца ў местачковасць, калі людзі ўсё сваё жыццё прысвячаюць гэткаму вынаходніцтву веласіпеда. Каб такога не здарылася, трэба ўвесь час аглядацца на іншых, на тое, што робіцца ў свеце.
- Вы шмат падарожнічалі? Калі вашы работы выстаўляюцца ў розных краінах, дык вы, пэўна, едзеце іх прэзентаваць?
- Ездзіў толькі аднойчы, у 1991 годзе ў Фінляндыю, разам з Войчанкам. Японская дэлегацыя была - чалавек 60, польская - 40, а мы - удвух, самі па сабе. А ў 86-м пра свой Гран-пры на біенале плакатаў у Варшаве мы даведаліся, слухаючы замежнае радыё. Работы мы перадалі знаёмаму, той іх завёз. Потым даведаліся, што ў журы быў прадстаўнік СССР і галасаваў супраць: думаў, што яны зроблены ў далёкім замежжы.
- Гэта была ваша першая перамога?
- Першая "дарослая". Бо ў дзяцінстве я даслаў свае малюнкі на конкурс у піянерскую газету - ужо і не памятаю, у якую дакладна, - і адтуль прыйшоў ліст, што мяне прэміруюць дыпломам, альбомам "Эрмітаж", фарбамі і веласіпедам "Арлёнак". Гэта ж мара любога хлопца! Але ж чую, бабуля на кухні кажа: "Паабяцалі дзіцяці, а веласіпеда і не дадуць". І сапраўды - не далі.
- Сёння вам, пэўна, ужо не веласіпед патрэбны, а дыван-самалёт - для замежных паездак, знаёмства з новымі з'явамі ў мастацтве, дызайне.
- Ці трэба ехаць, калі можна ўсё паглядзець у Інтэрнеце? А пабываць хацеў бы ў Нарвегіі і Манголіі. Чаму? Не ведаю, але, мне здаецца, там нейкая асаблівая энергетыка...
Асаблівая энергетыка і ў работ Уладзімір Цэслера: кожная - бы нейкая тэатральная мізансцэна, дзе дзейнічае зусім не толькі логіка, але і тонкі псіхалагізм успрыняцця, асацыятыўнае мысленне. Хочаш ці не, ты сам становішся нябачнай "дзейнай асобай" гэтага відовішча... Раптам падумалася: а што было б, калі Цэслеру прапанавалі б выступіць мастаком-сцэнографам? Можа, гэта не так і немагчыма? Бо калі я пачала "разліваць" кампліменты, як шмат, маўляў, ён зрабіў для тэатра, Уладзімір Якаўлевіч з прыкрасцю кінуў: "Не шмат, на жаль...". Мабыць, хацеў бы зрабіць больш? Дарэчы, чаму б і не? Адно ведаю дакладна: вынік быў бы нечаканым. Можа, паспрабаваць?..
На здымку: Уладзімір Цэслер у "інтэрпрэтацыі" Юрыя Іванова.