РАВЕСНІК ВЫЗВАЛЕННЯ

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

22 кастрычніка Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адсвяткуе сваё 65-годдзе. Першыя яго наведвальнікі былі непасрэднымі ўдзельнікамі баёў за вызваленне Беларусі. Сёння яны прыводзяць туды сваіх унукаў і нават праўнукаў. За 65 гадоў гісторыі ўстановы ў яе залах пабывалі чатыры пакаленні беларусаў. Музей стаў для іх свайго кшталту мостам, які злучае мінулае і будучыню, дазваляючы перажыць тыя падзеі, што, на шчасце, ужо сталі гісторыяй.

 

/i/content/pi/cult/231/3153/8-1.jpgПачатак - шыфроўка з Вялікай зямлі

Кожная гістарычная эпоха наклала адбітак на адносіны да канцэпцыі экспазіцыі Музея. Змянялася эмацыянальнае стаўленне да падзей Вялікай Айчыннай, даследчыкі атрымлівалі новую інфармацыю, трансфармавалася сама краіна і грамадства. Але... - Галоўны прынцып - адлюстраванне Подзвігу беларускага народу ў часы Вялікай Айчыннай - застаецца для нас нязменным, - кажа навуковы сакратар Музея Галіна Бабусенка. - Гэты прынцып знайшоў увасабленне яшчэ ў першай экспазіцыі, якая была адкрыта для наведвальнікаў 22 кастрычніка 1944 года ў спустошаным акупацыяй Мінску. Подзвіг нашага народу ляжыць у аснове канцэпцыі сучаснага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтак жа будзе сфарміравана экспазіцыя і ў новым будынку на праспекце Пераможцаў, хоць сама яна за 65 гадоў змянялася і дапаўнялася шмат разоў. Няма ў свеце іншага музея, які ствараўся б... непасрэдна ў баявых умовах. Рашэнне пра адкрыццё будучага напаміну пра жахі вайны было прынята яшчэ на пачатку 1942-га, адразу пасля Бітвы за Маскву, калі была ўтворана спецыяльная Камісія па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая займалася пошукам сведчанняў зверстваў нацыстаў на акупіраваных тэрыторыях СССР. Але непасрэдным пунктам адліку да стварэння беларускага Музея стала пастанова Бюро ВКП(б) БССР ад 30 верасня 1943 года. Яна прадугледжвала адкрыццё музейнай установы, дзе будзе захоўвацца Памяць пра жахі вайны і Подзвіг беларускага народу.

/i/content/pi/cult/231/3153/8-2.jpgДарэчы, беларускі Музей - адзіны з падобных, ініцыятыва стварэння якога зыходзіла непасрэдна з рэспублікі, а не з саюзнага цэнтра. Галоўным ініцыятарам можна лічыць тагачаснага кіраўніка Савецкай Беларусі Панцеляймона Панамарэнку. Асаблівую ўвагу, ужо пасля вайны, Музею надаў Пётр Машэраў: пры ім ўстанова набыла асабліва ганаровы статус. А пачынаўся Музей у грозныя месяцы 1943 - 1944 гадоў. Упаўнаважаныя (сярод іх быў адзін з першых стваральнікаў будучай экспазіцыі - Пётр Ганчароў), "узброеныя" спецыяльнымі мандатамі, наведвалі вызваленыя ад нацыстаў раёны Беларусі (і не толькі), збіраючы патэнцыйныя экспанаты, аповеды сведкаў, рабілі здымкі. Шмат дапамагалі тыя ж партызаны: яшчэ да пачатку лёсавызначальнай аперацыі "Баграціён" партызанскія кам а н д з і р ы атрымалі спец ы я л ь н ы я шыфроўкі з Вялікай зямлі- сведчанні пра гераізм народу і злачынствы акупантаў не павінны знікаць. Не дзіва, што ў аснову першай экспазіцыі ў адным з нешматлікіх непашкоджаных будынкаў нашай сталіцы былі пакладзены партызанскія подзвігі.

 /i/content/pi/cult/231/3153/8-3.jpgЭкспанаты везлі вагонамі

 Першыя выстаўкі стваралі з вялікай хуткасцю ў неверагодныя тэрміны: з ліпеня па кастрычнік 1944 года былі падрыхтаваны 15 экспазіцыйных залаў! Гэта прытым, што ў сучасных супрацоўнікаў музейнай сферы добрым лічыцца зрабіць адну залу за год! Безумоўна, першыя залы мелі пэўныя недахопы, але з неверагоднай інфарматыўнасцю апавядалі наведвальнікам пра дзве тэмы, якія назаўсёды сталі асноўнымі для Музея: "Партызанскі рух на Беларусі" і "Зверствы акупантаў". Трэба ўлічваць, што паралельна са стварэннем першай экспазіцыі маладыя супрацоўнікі ўстановы (Пятру Ганчарову, напрыклад, не было яшчэ і 25 гадоў) працавалі на аднаўленні разбуранага Мінска. І ў якіх умовах! Не хапала самага неабходнага, ежы, вопраткі. На фатаграфіях, зробленых у тыя дні, некаторыя супрацоўнікі не маюць нават абутку: нехта з іх - у лапцях, анучах...

На вялікі жаль, Пётр Мікалаевіч Ганчароў, якога без перабольшвання можна назваць адным з галоўных стваральнікаў Музея, ужо не пабачыць новага будынка: чалавек-легенда ўстановы пайшоў з жыцця крыху больш за год таму... А тады, у сярэдзіне 1940-х, ён з калегамі нястомна збіраў экспанаты. Камандзіроўкі супрацоўнікаў праходзілі не толькі па Беларусі, але і па суседніх краінах. Экспанаты везлі вагонамі! І ў 1947-м адкрылі першую пастаянную экспазіцыю, якая з'яўляецца "залатым фондам" музея і сёння. Безумоўна, кожнае дзесяцігоддзе, кожная эпоха крыху па-іншаму расстаўлялі акцэнты на экспазіцыі, вылучалі свае асобныя момант. Так, на пачатку існавання Музея ўвага рабілася на адлюстраванне жудасцяў акупацыйнага рэжыму. Адзін з навуковых аддзелаў у саракавыя так і называўся: "Аддзел зверстваў"... З пачатку 60-х, калі ўстанова перабазіравалася ў будынак цяперашняга Нацыянальнага гістарычнага музея на вуліцы Карла Маркса, у шэрагу вядучых тэм экспазіцыі знаходзілася барацьба савецкага народу за мір. Больш увагі стала надавацца подзвігам савецкай арміі на фронце. Канец 1960-х - 1980-я - зноў перыяд росквіту партызанскай тэмы...

/i/content/pi/cult/231/3153/8-4.jpgПоўнасцю новая

 - Самыя няпростыя часіны былі ў 1991 - 1993 гадах, - гаворыць Галіна Бабусенка. - І справа нават не ў матэрыяльным становішчы: дзяржаўная падтрымка і энтузіязм супрацоўнікаў дазвалялі развівацца нават у няўпэўненай эканамічнай сітуацыі. Складана было "змагацца" за гістарычную праўду, ваяваць з шэрагам ілжывых публікацый, што з'явіліся на той час, аўтары якіх спрабавалі перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай, ачарніць яе герояў. Бывала і такое: часам нейкая маладзенькая настаўніца ўмешвалася ў ход экскурсіі, спрабавала "падправіць" экскурсавода. Дзякаваць Богу, цяпер такога няма. У тым ліку і таму, што былыя "белыя" плямы гісторыі знайшлі за апошнія гады ўвасабленне ў нашай экспазіцыі. За 1995 - 2005 гады мы, лічыце, абнавілі экспазіцыю на ўсім першым паверсе будынка. Ёсць у ёй месцы, прысвечаныя даваеннаму перыяду жыцця Беларусі і падзеям 1939 года. Вельмі важнай была выстаўка, прысвечаная дзейнасці Рускай Праваслаўнай Царквы пад час вайны. Экспазіцыя ўвесь час развіваецца, дапаўняецца, у тым ліку і матэрыяламі "супрацьлеглага" боку. Рэакцыя замежных грамадзян, дарэчы, вельмі эмацыйная. Адзін амерыканскі пастар, пабываўшы ў нас, сказаў, што такога "глыбокага адчування" не атрымліваў ні ў якім іншым музеі свету. Каштоўны водгук дырэктара Музея ваеннай гісторыі з французскага Ліля: калега быў уражаны колькасцю "жывых" экспанатаў, сапраўдных рэчаў-сведкаў часоў Другой сусветнай, якія шырока прадстаўлены ў экспазіцыі беларускага музея.

 /i/content/pi/cult/231/3153/8-6.jpgКанцэпцыя: ваенна-філасофскі

Новая экспазіцыя, якая, як чакаецца, адкрыецца для грамадскасці ў 2013 годзе, будзе створана ў новым, ваенна-філасофскім, рэчышчы. Размесціцца яна ля стэлы "Мінск - горадгерой", у новым будынку, які ўзвядуць па праекце вядомага беларускага архітэктара Віктара Крамарэнкі. Чакаецца, што ў самой экспазіцыі шырока выкарыстаюць найноўшыя тэхналогіі музейнай справы, якія дазволяць наведвальнікам мець доступ ці не да ўсіх экспанатаў Музея,нават тых, што раней месціліся ў фондавых сховішчах. Ужыванне мультымедыйных тэхналогій дапаможа зрабіць экспазіцыю інтэрактыўнай, больш цікавай для падрастаючага пакалення, зэканоміць прастору. Аднак гэта не значыць, што экспазіцыйныя памяшканні будуць стварацца толькі з экранаў манітораў і відэапраекцыйных прыстасаванняў. Як і раней, асноўнае месца будуць займаць так званыя "жывыя" экспанаты. Можна з упэўненасцю казаць пра тое, што сённяшнім супрацоўнікам выпала клапотная, але ганаровая місія: стварыць музей ХХІ стагоддзя - Нацыянальны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/231/3153/8-7.jpgЭканоміка і развіццё

 - Наша падраздзяленне не зусім звычайнае, - расказала "К" Тамара Курганава, загадчык аддзела эканомікі і развіцця. - Бо, акрамя ўласна эканамічных пытанняў, займаемся развіццём рознабаковых праектаў, выставак, мерапрыемстваў, так ці інакш звязаных з Вялікай Айчыннай і ўвогуле з гісторыяй нашай Бацькаўшчыны. Пэўныя выстаўкі прыцягваюць вялікую колькасць зацікаўленых асоб. Сярод асабліва паспяховых праектаў хочацца вылучыць сумеснае мерапрыемства з кіналагічным цэнтрам Узброеных Сіл "Сабакі на службе Айчыны", якое ўключала ў сябе лекцыю з мультымедыйным суправаджэннем і паказальнымі выступленнямі кінолага са службовым сабакам, выстаўкі "Беларусь на літаграфіях Напалеона Орды", "Мінск - падарожжа ў часе", "Адам Міцкевіч на паштоўцы канца ХІХ - пачатку ХХ стст.". Перспектыўным напрамкам з'яўляюцца кінапаказы ў нашай канферэнц-зале, цалкам абсталяванай для гэтага. Там ужо прайшлі кінапраграмы беларускай класікі "Кінаметры вайны" і дзіцячая праграма "Казкі роднай зямлі". У планах - аздобіць наш зал пад рэтра-кінатэатр саракавых гадоў. Павелічэнне колькасці праектаў і платных паслуг прыносіць плён. Калі ў 2005 годзе ў Музеі існавалі толькі тры платныя паслугі, то цяпер іх 37, і, як запэўніваюць у аддзеле эканомікі і развіцця, гэта яшчэ не мяжа магчымасцей. Лічба ў 156 тысяч наведвальнікаў, якія скарысталіся паслугамі Музея ў мінулым годзе, таксама дадае аптымізму.

/i/content/pi/cult/231/3153/8-8.jpgАд мяжы да граніцы

 Сучасны комплекс пад умоўнай назвай "Старая мяжа", які ствараецца Музеем сумесна з агракамбінатам "Дзяржынскі", абяцае таксама стаць новым словам у музейнай справе на Беларусі. Бо аб'ект, які размясціўся за 15 кіламетраў ад раённага цэнтра Дзяржынск у Мінскай вобласці, - гэта унікальны сімбіёз музея і турыстычнага комплексу. Пакуль вядзецца актыўнаяпраца па яго стварэнні, але ўжо сёння вельмі добра відаць маштаб усёй задумы. - Музейная частка "Старой мяжы" будзе складацца з некалькіх пляцовак, - распавяла загадчык аддзела ваенна-франтавой гісторыі Святлана Язерская. - Унікальнай абяцае стаць рэканструяваная пагранічная застава, якая дакладна ўзнаўляе пагранічны кардон на старой савецка-польскай мяжы 1921 - 1939 гадоў. Побач з нашым аб'ектам знаходзіцца чыгуначная станцыя Негарэлае, таму наша "Старая мяжа" мае шанцы карыстацца вялікай папулярнасцю сярод турыстаў. Акрамя пагранзаставы, на "Старой мяжы" размесцяцца інтэрактыўныя музейныя пляцоўкі-атракцыёны, якія дазволяць наведвальнікам адчуць сябе абаронцамі ўмацаванняў часоў пачатку Вялікай Айчыннай, байцамі партызанскага атрада. У перспектыве на "станцыі" комплексу павінны з'явіцца паравоз і цягнік знакамітага "Усходняга экспрэса", павільён для дэманстрацыі хронікі, мастацкіх стужак міжваеннага і ваеннага перыядаў. Усе гэтыя аб'екты могуць стаць арганічнай часткай музейна-турыстычнай праграмы па Дзяржынскім раёне.

 "Мы - народ пераможцаў!"

 Магчыма, хтосьці здзівіцца, даведаўшыся, што стварэнне Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пачалося яшчэ ў тыя часы, калі Беларусь знаходзілася пад акупацыяй. Маўляў, ці не была тая ініцыятыва занадта паспешлівай у цяжкія ваенныя гады? Дырэктар музея Сяргей АЗАРОНАК перакананы, што паўстанне гэтай установы ставіла за мэту не толькі фіксаваць гістарычныя падзеі, але і ўздзейнічаць на іх: - Прыгадаю такі красамоўны факт. Яшчэ да пачатку вайны Гітлер пастанавіў стварыць у сваім родным Лінцы "Музей скораных народаў" - сімвал перамогі фашызму, - распавядае Сяргей Азаронак. - Дзякуючы карпатлівай даследчыцкай працы супрацоўнікаў нашага Музея, нядаўна ўдалося даведацца новыя звесткі пра гэты праект. І - яшчэ раз пераканацца ў простай ісціне: бітвы Вялікай Айчыннай адбываліся не толькі ў рэальнай прасторы, але і ў сферы сэнсаў. Гэта было змаганне двух менталітэтаў: "нацыі звышчалавекаў" і народу, які акупанты лічылі непаўнавартасным. Хто перамог - вядома кожнаму. Яшчэ ў часы акупацыі партызаны кантралявалі 60% тэрыторыі Беларусі. Менавіта такі глыбокі, філасофскі, падтэкст маюць выстаўкі, прымеркаваныя да нашага юбілею. Адна з іх, "Музей і час", адкрыецца акурат напярэдадні ўгодкаў. Там праведзены выразныя паралелі паміж двума музеямі - нашым і фашысцкім. Музей скораных народаў так ніколі і не быў створаны. Наш музей працягвае развівацца. Сёння мы робім акцэнт на інавацыйных падыходах да музейнай дзейнасці. Але важна падкрэсліць, што ўсе гэтыя актуальныя для маладога пакалення праекты служаць адзінай мэце. Пакаленне тых, хто сваімі рукамі здабываў Вялікую Перамогу, сёння, на жаль, ужо сыходзіць. Будучыню належыць будаваць іх нашчадкам і спадкаемцам. І нам важна данесці да сучаснай моладзі: мы - народ пераможцаў! Мы перамаглі армію, якая скарыла ці не ўсю Еўропу. І калі мы перамаглі ў тыя часы, нам і сёння наканавана быць пераможцамі. Аб гэтым трэба няспынна казаць, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці дастукацца да свядомасці і нават падсвядомасці аўдыторыі.

 Антон СІДАРЭНКА, Ілля СВІРЫН

Фота Юрыя ІВАНОВА і з фондаў БДМГВАВ