“Панарама”.by

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Масіраваным тэатральным тыднем, пад час якога прыхільнікам сцэнічнага мастацтва было прапанавана пазнаёміцца з пастаноўкамі амаль усіх сталічных тэатраў, распачаўся IV Міжнародны фестываль “Панарама”. У рамках беларускай праграмы гледачы і госці фестывалю змаглі паглядзець спектаклі, што на сённяшні дзень даюць уяўленне пра аблічча і кола інтарэсаў мінскіх калектываў. Пры гэтым, у афішу ўвайшлі не толькі работы дзяржаўных драматычных тэатраў, але і шэраг цікавых ініцыятыў, якія часам прынята лічыць “нефарматнымі”, хаця кожная з іх існуе ў сваёй стылістыцы і дакладна акрэсленым коле тэатральных інтарэсаў.

 

/i/content/pi/cult/231/3149/6-1.jpgТакім чынам поруч з купалаўскімі "Пінскай шляхтай" В.Дуніна-Марцінкевіча і "Вяселлем" А.Чэхава, горкаўскім "Бегам" М.Булгакава, ТЮГаўскім "Матыльком" П.Гладзіліна, спектаклямі "Раман+Юлія" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, "Каралевай прыгажосці" Новага драматычнага тэатра з'явіліся незалежны Тэатральны праект Каці Агароднікавай "Піць, пець, плакаць" К.Драгунскай, пластычныя "Не танцы" Тэатрастудыі Е.Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і "Пасля" тэатра "ІнЖэст", а таксама лялечная пастаноўка "Чаму старэюць людзі?". Парадаксальны факт: у агульнай масе на нашых Міжнародных тэатральных фестывалях уласна беларускіх калектываў, якія прымаюць у іх удзел, вельмі мала. У выніку атрымліваецца, што справа з тым, каб "на іншых паглядзець", у нас пастаўлена даволі паспяхова, а вось як належным чынам "сябе паказаць", мы яшчэ не да канца ўсвядомілі.

Пра гэта і не толькі вялася гаворка пад час "круглага стала", які прайшоў у Купалаўскім тэатры па выніках беларускай часткі фестывальнай афішы "Панарамы". Яшчэ адзін аспект, які таксама выклікаў дыскусію: што і каму мы збіраемся паказваць? Без прыбядненняў і перабольшванняў прысутныя адзначылі, што ў цэлым агульны фон айчыннай часткі даволі моцны і сам па сабе, без параўнанняў са спектаклямі - удзельнікамі міжнароднай праграмы, уяўляе цікавую платформу для аналітыкаў. Праўда, было б добра, каб у гэтай палітры прысутнічалі не толькі сталічныя, але і рэгіянальныя калектывы, якія сёння жывуць цікавым і часта мала вядомым сталічным тэатралам жыццём. З іншага боку, ператварэнне "Панарамы" ў справаздачны з'езд айчынных тэатраў, "аформленых" парайтройкай замежных спектакляў, не аказалася такой ужо цікавай ідэяй. Папершае, таму, што самі арганізатары фестывалю агучылі іншы вектар свайго развіцця. Яны ставяць перад сабой больш амбіцыйныя задачы: ператварыць "Панараму" ў форум, які будзе прыцягваць у беларускую сталіцу насамрэч яркія спектаклі ў пастаноўцы сусветна вядомых рэжысёраў, фарміруючы тым самым і густы нашага гледача, ды і пэўным чынам "паддражніваючы" творчыя амбіцыі нашых дзеячаў, якія часам залішне заседжваюцца на сваіх уласна прыдуманых і ўтульна ўладкаваных "тэатральных Алімпах". Па-другое (што пацвердзілі практычна ўсе прысутныя - не толькі крытыкі, але і рэжысёры, дырэктары тэатраў), - айчыннае тэатральнае мастацтва ўжо даўно патрабуе рэспубліканскага агляду-конкурсу, у якім на роўных былі б прадстаўлены і ўдзельнічалі ў "канкурэнтнай барацьбе" ўсе калектывы краіны. Ну, а лепшыя з лепшых, безумоўна, з гонарам упрыгожвалі б афішу "Пана р а м ы " , упісваючыся ў агульны спектр тэатральнага мастацтва, не падзяляючы яго на сусветнае і беларускае.

Адной з магістральных тэм "круглага стала" сталі размовы пра амаль што поўную адсутнасць на нашай тэатральнай прасторыякога-кольвек "карпаратыўнага духу" - унутрыцэхавай дыскусійнай прасторы, якая "ў спрэчцы нараджала б ісціну". Пакуль што гэткія дыскусійныя моманты ўзнікаюць хіба толькі на фестывальных абмеркаваннях у Брэсце ды Магілёве. Будзённае ж тэатральнае жыццё, у прыватнасці, сталічных калектываў, як вобразна зазначыла тэатральны крытык, галоўны рэдактар часопіса "Мастацтва" Людміла Грамыка, акружана высокім і г л у х і м "плотам", які гэтыя тэатры самі ж і ўзвялі. Бо са свайго вытворча-творчага працэсу выпуску спектакляў тэатры практычна выключылі такі фактар, як грамадскае абмеркаванне работ, а гэта, як вядома, - прыкмета таго, што творы мастацтва, якімі павінны з'яўляцца тэатральныя спектаклі, стаяць на шляху паступовага ператварэння ў "тавар", да чаго ўжо эстэтычныя катэгорыі будуць мець вельмі ўмоўныя адносіны. Зрэшты, агульная атмасфера "круглага стала", афарбаваная некаторай аморфнасцю кіраўнікоў сталічных тэатраў - удзельнікаў фестывалю, была пазбаўлена песімізму. І ў чаканні міжнароднай праграмы, якая распачалася ў сераду бліскучым спектаклем "Чаму чаму" швейцарскага тэатра "Шаўшпільхаус" у пастаноўцы культавага рэжысёра ХХ стагоддзя Пітэра Брука, нашы тэатральныя дзеячы ў чарговы раз вырашылі, што неабходна ўжо нарэшце пачынаць "новае жыццё". Чакаем!

На здымку: сцэна са спектакля "Каралева прыгажосці".

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА