Некалькі гадоў таму вырашыць, куды падацца “музейнай ноччу”, было не складана: куды запрашалі, туды і ішлі. А сёлета гэтая задача можа стаць для наведвальніка праблемай выбару.
Мо пайсці на спектакль тэатра ценяў, раскрыць сакрэты прыгатавання старадаўняй кухні ці згуляць у старажытныя шахматы ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі? А можа ўбачыць батлеечны спектакль і паслухаць маладых музыкантаў у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча? А выстаўкі і конкурсы з заахвочваннем у Нацыянальным мастацкім музеі РБ, якія пройдуць пад джаз? У дадатак Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сумесна з ведамасным Музеем ваеннай гісторыі Міністэрства абароны таксама праводзіць інтрыгуючую акцыю, прытым з песнямі і танцамі. Той, хто любіць больш традыцыйны падыход да музейнай справы, знойдзе паразуменне з праектамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа, у якіх прымуць удзел унукі і сын беларускага Песняра.
Яны ж прачытаюць вытрымкі з паэмы “Сымон-музыка”, якая будзе на адну гадзіну прадстаўлена грамадству сваякамі паэта ў арыгінале…
Так што правесці ноч 19 мая сумна музеі вам дакладна не дазволяць. Каб вы не памыліліся і адчынілі менавіта іхнія дзверы, а не іншых начных “канкурэнтаў”, яны будуць запрашаць не толькі цікавымі імпрэзамі. “Хто прыйдзе ў масцы, зробленай самастойна, атрымае бясплатны квіток у музей, — зацікаўлівае грамадства дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ У.Пракапцоў. — А ў фінале свята “Пад маскай ночы” мы абярэм лепшую маску, аўтар якой атрымае асаблівы прэзент”. Дык вы ўжо вырашылі, куды пойдзеце?
С.Ж.