“Дуэтная” восень

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

20 кастрычніка адкрываецца XXXVI Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Свята, хай і не такое працяглае, як звычайна (два з паловай тыдні замест месяца), абяцае пакінуць шмат уражанняў.

Яго адметнасцю стане не толькі тое, што сёлета ўсе фестывальныя мерапрыемствы пройдуць у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, але і тое, што ў многіх канцэртах нашы салісты і калектывы выступяць разам з замежнымі - і проста поруч, і ўласна "дуэтам". Сімвалічна, што і адкрые фестываль дуэт знакамітых піяністаў: народнага артыста СССР Мікалая Пятрова і заслужанага артыста Расіі Аляксандра Гіндзіна. Прыедзе на нашу "... восень" і фартэпіянны дуэт з Ізраіля. Маскоўскі "Класік-дуэт" выступіць сумесна з Ансамблем салістаў Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам Ігара Іванова. Беларускую скрыпачку Юлію Ігоніну, колішнюю выхаванку Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі, якая некалькі разоў прыязджала да нас ужо як салістка Маскоўскай філармоніі, гэтым разам можна будзе пачуць у складзе "Новага рускага квартэта", да якога на канцэрце далучыцца і наш знакаміты піяніст Юрый Гільдзюк. Своеасаблівым "дуэтам" аркестраў вылучыцца і канцэрт-іспыт "Магістр" - сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча і сімфанічнага аркестра "Маладая Беларусь". Дырыжыраваць будзе кіраўнік абодвух калектываў Міхаіл Казінец, а саліраваць- Пётр Ялфімаў. "Дуэтнае сутыкненне" "Яўгенія Анегіна" з "Пікавай дамай" (і, адпаведна, А.Пушкіна з П.Чайкоўскім) прапануе для моладзі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, які гэтым канцэртам адкрые свой новы абанемент. 80-годдзе з дня нараджэння Яўгена Глебава будзе адзначана "дуэтам" канцэртаў: згаданага філарманічнага калектыву пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава і Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"