Манускрыпт у электроннай абалонцы

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

Надзвычай актуальнымі сёння з’яўляюцца пытанні распрацоўкі і рэалізацыі дзяржаўных праграм і міжнародных праектаў у галіне фарміравання электронных бібліятэк. Гэта адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі на адкрыцці V Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў “Электронныя бібліятэкі і ліквідацыя інфармацыйнай няроўнасці”.

/i/content/pi/cult/231/3133/2-2.jpgРазам з тым, павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння бібліятэчных, адукацыйных і навукова-даследчых устаноў у захаванні дакументальнай спадчыны непасрэдна залежыць ад стварэння электронных кніжных сховішчаў. Не выпадкова старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што, дзякуючы намаганням айчынных вучоных, да 2013 года краіна пяройдзе да электроннага абслугоўвання арганізацый і ўстаноў. На адкрыцці Чытанняў выступіў таксама і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. Галоўнай жа задачай канферэнцыі, што адбылася ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і была арганізавана пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, стала вызначэнне адзінай канцэпцыі развіцця электронных бібліятэк у сучасным інфармацыйным грамадстве і іх ролі ў ліквідацыі інфармацыйнай няроўнасці. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму, сярод якіх былі вядучыя спецыялістынацыянальных і замежных бібліятэк, прадстаўнікі заканадаўчай сферы і выканаўчай улады, вытворцы праграмнага забеспячэння, апынулася абмеркаванне праблем арганізацыі доступу да электронных бібліятэк, ужывання праграмна-тэхнічных сродкаў у стварэнні, захаванні, выкарыстанні і суправаджэнні электронных бібліятэк, а таксама пытанняў аўтарскага права і фінансавай падтрымкі электронных бібліятэк. У межах форуму плённа прайшоў і навукова-практычны семінар "Еўрапейская электронная бібліятэка рукапісаў і старадрукаў Manuscriptorium: узаемадзеянне і супрацоўніцтва". У межах яго адбыліся прэзентацыі спецыялістаў з Чэхіі, Польшчы і Беларусі.
К.А.
На здымках: удзельнікаў Чытанняў вітае Віктар Кураш; за "круглым сталом" у НЛБ.
Фота nlb.by