Узнагароджанні

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Аб узнагароджанні нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”


Захапляць горадам

Тамара ДЖУМАНТАЕВА, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага Полацкага гісторыкакультурнага музея-запаведніка:

- Любую працу патрэбна рабіць прафесійна. І я не без гонару магу сказаць, што многія з калектыву нашай установы - прафесіяналы ў музейнай справе. Асабіста для мяне вельмі радасна адкрываць для людзей новыя старонкі гісторыі праз музейныя прадметы, ствараць новыя экспазіцыі. У наступным годзе музею-запаведніку будзе 25, сама я працую ў культуры столькі ж. Мая мэта- зрабіць так, каб чалавек захапіўся нашым горадам, завітаўшы ў музей.  

Верыць у кожнага

Міхаіл ГАРБУНОЎ дырэктар Дзіцячай мастацкай школы аддзела культуры Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта:

- Маё крэда - верыць у дзяцей, у кожнага чалавечка, давяраць ім. Мне заўсёды прыемна, калі вучань выбірае для сябе творчую прафесію, ідзе па нашых слядах. Магу з гонарам адзначыць, што ўсе 15 выкладчыкаў, якія працуюць у нас сёння, - выхаванцы нашай школы. Але маёй мэтай не з'яўляецца абавязкова выхаваць выдатнага мастака ці танцора, а - паспрыяць таму, каб дзеці сталі добрымі людзьмі. Хаця калі з нашага вучня вырасце прафесіянал - гэта таксама вельмі прыемна. Сваю задачу як кіраўніка ўстановы я бачу ў тым, каб стварыць у калектыве добры настрой, каб дарослым было прыемна прыходзіць на працу, а дзецям- вучыцца. Павінна быць атмасфера свята не раз на год, а- заўсёды!  

Адзіны запіс у працоўнай

Людміла ЦІМАШЭНКА, дырэктар здымачнай групы вышэйшай катэгорыі студыі ігравых фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм":

 - Я маю толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы. Зроблены ён на нашай кінастудыі. А сваім прафесійным крэда магу назваць тое, што ў мяне няма "прахадных" стужак. Перш чым узяцца за карціну, я спачатку чытаю сцэнарый. Пасля звяртаю ўвагу на рэжысёра, абавязкова прыглядаюся і да здымачнай групы, з якой давядзецца працаваць. І хоць заўсёды шмат адказнасці, мяне стымулюе сімпатыя да беларускага кіно, я вельмі за яго перажываю. Напэўна, дзеля славы нашага кіно мы, "байцы нябачнага фронту", і працуем.  

Попыт, камп'ютэр, рэклама

Таццяна КАРПУКОВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай бібліятэкі Лунінецкай раённай бібліятэчнай сістэмы:

- Мой галоўны прынцып - не заставацца на адным узроўні, на дасягнутым, працаваць лепш, нават калі цяпер усё добра. Самым складаным з'яўляецца ўсталяванне кантактаў з людзьмі, бо да кожнага патрэбны асабісты падыход. Ужо 27 гадоў я ў галіне культуры, і ведаю, што немагчыма выпрацаваць стандартны сцэнарый у працы: без новых знаходак - нікуды. Вельмі падабаецца работа з камп'ютэрам, і камп'ютэрызацыя раённых бібліятэк спрыяе паляпшэнню работы. Цікавым і дзейсным мне падаецца стварэнне і выданне рэкламнай прадукцыі, бо прыемна назіраць, як справа бібліятэкараў, кніга знаходзяць попыт у грамадства.  

Калі душа ў рабоце...

 Аляксандр КЛІМАШОНАК, начальнік участка рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Мінскрэстаўрацыя":

 - Галоўная задача рэстаўратара ў тым, каб стаць на месца таго майстра, які працаваў некалькі стагоддзяў таму. І самы важны прынцып - не нашкодзіць. Я лічу, што праца ўдалася тады, калі наведвальнік архітэктурных помнікаў, музеяў не адчувае, што гэта муляж, а думае, што так было на самой справе. Калі душа ў рабоце, калі мая справа мне падабаецца, то любыя складанасці не падаюцца мне цяжкімі. Што для мяне з'яўляецца самым цікавым? Гэта праца над тым, чаго яшчэ ніколі не рабіў, мне радасна вывучаць і ўдасканальваць старадаўнія рэчы, з якімі раней не сутыкаўся на сваім шляху.

 "Не магу не здзіўляцца!"

Ірына ВАРАБ'ЁВА, выкладчык харавых дысцыплін Дзіцячай музычнай школы № 9 г. Мінска:

- Я ўсё жыццё буду вучыцца ў час, калі вучу іншых. Кожнае дзіця дае мне нейкі досвед. Пастаянна ўдасканальвацца - гэта мой прынцып. Мне падабаецца рабіць з дзецьмі сур'ёзныя творы, яны здольныя да большага, чым думаюць многія выкладчыкі. Сумесная творчасць дае шмат. Прыемна назіраць, як дзіця, якое нядаўна ведала мала, пачынае тварыць, мяне радуе, што я магу яму нешта перадаць. У маіх вучняў самыя розныя галасавыя даныя і здольнасці, але я не магу не здзіўляцца: якія таленавітыя, прагныя да творчасці бываюць дзеці! Яны паступова ўнікаюць, выказваюць свае ўнутраныя адносіны да музыкі, вучацца шчыра і аддана. Думаць разам, развіваць патэнцыял маленькіх творцаў - гэта вельмі цікава.  

Выпадкам тут не затрымліваюцца

Надзея ЖУК, кіраўнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама:

- Кожнае мерапрыемства, якое мы арганізоўваем, - гэта новы творчы прадукт, і ад таго, як яно пройдзе, залежыць настрой нашага калектыву. Таму мы з самага пачатку імкнёмся дарыць людзям якасную духоўную культуру, напаўняць установы культуры жыццём, рухам. І ўвесь час я заўважаю, што ўдасканальваюся сама, у творчасці і кіраванні. Гэта тая сфера, якая аб'ядноўвае людзей, пазбаўляе ад індывідуалізму, робіць іх больш багатымі інтэлектуальна. Мне прыемна, што прыходзяць новыя кадры і застаюцца працаваць, "выпадковыя" ж людзі тут не затрымліваюцца. Таму за будучыню я спакойная.  

Адстойваць гістарычную праўду

 Галіна БАБУСЕНКА, вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:

 - Самае цікавае і самае складанае ў нашай працы, нават самай руціннай, - гэта пошук. Бывае, што гісторыю аднаго фотаздымка можна вызначаць некалькі гадоў: кантактаваць з замежнымі вучонымі, аналізаваць самыя розныя крыніцы. Мне падабаецца, што менавіта ў нас людзі могуць знайсці праўдзівыя звесткі пра вайну ў вялізнай плыні інфармацыі, у тым ліку несапраўднай. 21 кастрычніка нашаму музею спаўняецца 65 гадоў. Ён заўжды быў у авангардзе, больш, чым іншыя галерэі, даваў магчымасць суперажываць, адчуць павагу да мінулага, паназіраць за ходам гісторыі.

 Калі справа ідзе хутка?

 Святлана ІВАШЧАНКА, загадчык аддзела бібліятэчнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

- Інфармацыя, новыя веды - гэта тое, з чым даводзіцца сутыкацца кожнаму супрацоўніку бібліятэкі, і гэта не бывае нецікавым. А самае прыемнае для мяне заўсёды - праца з людзьмі, дапамога ім зарыентавацца, асабліва калі трэба тэрмінова адказаць на складаны запыт. Калі адчуваеш падзяку, сваю неабходнасць, заўважаеш, што рабіць сваю справу цікавей. Часам праца незаўважная для карыстальнікаў, але яна не менш важная, патрабуе своечасовага выканання. Патрэбна ісці ў калектыў з радасцю, імпэтам, тады ўсё будзе атрымлівацца хутка.

З узнагароджанымі нагрудным знакам Міністэрства культуры гутарылі Алена САБАЛЕЎСКАЯ і Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ