Запатрабаваны грамадствам рукапіс

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Вядучаму дзяржаўнаму выдавецтву “Мастацкая літаратура” 16 мая споўнілася 35 гадоў. З гэтай нагоды карэспандэнт “К” задаў дырэктару выдавецтва Уладзіславу МАЧУЛЬСКАМУ некалькі пытанняў.

 /i/content/pi/cult/115/313/Mastackaja-litaratura.jpg
— Аматары кнігі ў Беларусі і за яе межамі шчыра віншуюць выдавецтва з 35-годдзем. Брэнд “Мастацкай літаратуры”, яе прадукцыя даўно сталі годнай візітоўкай рэспублікі на сусветным кніжным рынку... А з чаго, Уладзіслаў Антонавіч, усё пачыналася ў 1972 годзе?
— З пастановы Савета Міністраў БССР ад 6 сакавіка аб стварэнні выдавецтва “Мастацкая літаратура”. А дзень 16 мая для нас святочны таму, што першы дырэктар установы Мікалай Гаўрылавіч Ткачоў пазначыў гэтай датай свой першы загад аб пачатку працоўнай дзейнасці новага творчага калектыву... У стварэнні новага выдавецтва тады наспела самая неадкладная патрэба. У нацыянальную літаратуру прыйшла плеяда знаных пісьменнікаў, значна вырасла чытацкая цікаўнасць не толькі да беларускай класікі, але і да сучаснай прозы і паэзіі, у тым ліку і замежнай у беларускім і рускім перакладах... Але асноўнай сваёй задачай “Мастацкая літаратура” заўжды лічыла прапаганду беларускасці, нашых самабытных каранёў, захаванне духоўнага грунту, на якім трымаецца нацыянальная свядомасць. А ўсё гэта, як вядома, выяўляецца ў кнізе. Так з’явіліся цудоўныя выданні твораў Францішка Скарыны, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова… 

— На што звяртаеце першасную ўвагу ў паўсядзённай дзейнасці выдавецтва?
— На павышэнне прафесійнага ўзроўню нашых кадраў. Цяпер у рэдакцыях, якія займаюцца падрыхтоўкай арыгінальнай літаратуры, збораў твораў, перакладаў, кніг для дзяцей (гэтая рэдакцыя ўзнікла ў 2002 годзе, пасля далучэння да “Мастацкай літаратуры” выдавецтва “Юнацтва”), працуюць прафесійныя пісьменнікі. Плён іх працы заўважны і па тым, што Міністэрства адукацыі Беларусі штогод замаўляе нам падрыхтоўку падручнікаў па беларускай літаратуры, а на гэта здатнае не кожнае з шасці дзяржаўных выдавецтваў. Выдаем таксама і энцыклапедычную, даведачную літаратуру, што таксама працуе на аўтарытэт “Мастацкай літаратуры”... Штогод чытач атрымлівае каля сотні кніг нашага выдавецтва. І паверце, калі б гэта была шэранькая прадукцыя без належнага мастацкага афармлення, дык не атрымала б “Мастацкая літаратура” прэстыжных узнагарод на міжнародных кніжных кірмашах і выстаўках у Франкфурце-на-Майне, Кіеве, Вільні, Маскве, Варшаве, Баку...

— Леташні год, наколькі ведаю, таксама быў плённы на ўзнагароды?

— Так. На Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі — 2006” выдавецтва “Мастацкая літаратура” атрымала Гран-пры і дыплом Францішка Скарыны за кнігу “Перамога”. Лепшым выданнем мінулага года прызнана кніга пра Уладзіміра Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. А кніжка Віктара Альшэўскага “Уражанне раўнавагі, альбо Лесвіца ўверх”, падрыхтаваная ў серыі “Мастакі Беларусі”, набыла летась статус лепшага літаратурна-мастацкага выдання.


— Колькі слоў пра дзіцячую літаратуру, Уладзіслаў Антонавіч.

— З агульнай колькасці нашай прадукцыі яна займае ледзь не палову. І клапоцімся мы не толькі аб змесце, але і аб якасці паперы, выглядзе вокладкі, прафесіяналізме ілюстратараў. Нават японскія кнігавыдаўцы, разбэшчаныя бязмежнымі магчымасцямі камп’ютэрнага дызайну, прыйшлі ў захапленне ад мастацкага аздаблення нашых кніг. Не дзіва — у нашай кнігі ёсць душа!


— Што новага прапаноўвае сёння “Мастацкая літаратура” чытачу?

— Выданні новай серыі “Зямля мая”. Кожная кніжка пра беларускую флору і фауну — не толькі ўзор цудоўнай паліграфіі, але і напісана таленавітымі літаратарамі. Доўжым серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”, “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Проза і паэзія Беларусі ХХ і ХХІ стагоддзяў”, “Беларусь мастацкая”, “Мастакі Беларусі”, “Беларусь літаратурная”... Кніжка з апошняй серыі рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе сёлета ў Шклове, і прысвечана, натуральна, літаратурным здабыткам Шклоўшчыны... З серыі “Твае гарады, Беларусь” у друку знаходзіцца кніга “Мой Магілёў”. Выдадзены тры кнігі з серыі “Гісторыя ў асобах”. Не спыняецца выданне “Бібліятэкі школьніка”. Рэгулярна рыхтуюцца самыя разнастайныя літаратурныя альманахі, у тым ліку і “Дэбют”... Словам, калі ў выдавецтва трапляеталенавіты і запатрабаваны грамадствам рукапіс, аўтар не састарэе ў чаканні ўласнай кніжкі. Яна будзе абавязкова выдадзена — альбо за кошт дзяржаўных датацый, альбо за сродкі выдавецтва.


Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Юрыя ІВАНОВА