“Празрыстая i чыстая, як сама Беларусь”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Інтэрв’ю Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі газеце “Культура”

 

/i/content/pi/cult/230/3128/2-1.jpg- У Дзень, які святкуе нацыянальная Культура і калі Міністр культуры дае нашай газеце сваё першае інтэрв'ю, магчыма, кантэкст гаворкі трэба было б скіраваць не ў такі глабальны ракурс. Але, Павел Паўлавіч, праславутыя сто дзён пасля прызначэння на пасаду заўсёды схіляюць журналістаў да пытання аб праграмнасці, праблемнасці і акрэсліванні перспектыў...

- Разумею, і хацелася б адзначыць спачатку наступнае. Сфера культуры - адна з глыбінных неабсяжных сфер грамадскага жыцця, адзін з базавых, калі хочаце, арачных элементаў у канструкцыі дзяржавы. На захаванне нашай культурнай спадчыны, на развіццё сучаснай культуры Беларусі працуюць дзесяткі тысяч самаадданых, неабыякавых да сваёй справы людзей. І ім сёння, у свята Дня работнікаў культуры, трэба падзякаваць, пажадаць творчага натхнення, дабрабыту, сямейнага шчасця для таго, каб наша сумесная справа развіцця культуры мела годныя вынікі і ў далейшым. Гэтыя дзеячы культуры, кожны паасобку і ўсе разам, дбаюць пра наш духоўны ўнутраны дабрабыт. І надзвычай важна, каб мы ўсе разумелі, што культура - гэта душа чалавека. А беларуская культура - празрыстая і чыстая, як назва нашай краіны - Беларусь. Як міністр, які нядаўна заступіў на сваю пасаду, скажу, - а ў гэтым ужо ўпэўніўся, - што ў сферы культуры працуюць таленавітыя самаадданыя і апантаныя людзі, дзякуючы якім зберагаюцца лепшыя культурныя традыцыі нацыі, з'яўляюцца новыя творы мастацтва. Культура Беларусі развіваецца, і аб ёй ведаюць далёка за межамі краіны.

- На адной з нядаўніх тэатральных імпрэз Вы яскрава выказалі думку пра асаблівы фактар Асобы ў культурнай прасторы...

 - Асоба, якая працуе ў сферы культуры, найперш павінна разумець, што датыкаецца да найбольш запаветнага ў кожным чалавеку - да яго ўнутранага самаадчування, да яго душы. І гэтая праца вельмі далікатная і адказная. Я ўпэўнены ў тым, што ўсе супрацоўнікі сферы культуры гэта разумеюць.

- Якая Ваша думка пра матэрыяльны стрыжань стану сённяшняга развіцця культуры?

 - Факт, што за апошнія гады створана стройная сістэма функцыянавання культурных устаноў і арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў. Развітая сістэма пачатковых, сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў галіны дае свае станоўчыя вынікі. Хацелася б падкрэсліць, што значна павялічылася дафінансаванне сферы культуры краіны. Больш увагі звяртаецца на праблемы яе развіцця ў рэгіёнах. Сістэмная падтрымка ажыццяўляецца і на цэнтральным узроўні, што праяўляецца і ў дадатковым фінансаванні саміх устаноў культуры, і ў фінансавай падтрымцы розных мерапрыемстваў і акцый. Значная ўвага сферы культуры надаецца з боку Прэзідэнта краіны. Можна ўспомніць у якасці прыкладаў тое, што Прэзідэнт асабіста ўручае Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва, спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва і прэмію "За духоўнае адраджэнне". Актыўна дзейнічае спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, якая атрымлівае адпаведныя стыпендыі, становіцца лаўрэатамі гэтага фонду, у тым ліку ў сферы культуры. Фонд па падтрымцы дзеячаў культуры і мастацтва дапамагае ў рэалізацыі унікальных праектаў.

- Вобразна кажучы, культура - нейкі духоўны арганізм з магутнымі каранямі, якія не зварухнуць...

- Але зразумела, што культура не статычная. Яна развіваецца. Развіваецца і сістэма кіравання ёй. Зроблена шмат. І тут не магу не ўспомніць, як многа зроблена маімі папярэднікамі Яўгенам Канстанцінавічам Вайтовічам, Аляксандрам Уладзіміравічам Сасноўскім, Леанідам Паўлавічам Гулякам, Уладзімірам Фёдаравічам Матвейчуком.

- Якімі будуць Вашы прыярытэты ў справе кіравання галіной?

- Зразумела, трэба выпрацоўваць і новыя падыходы ў гэтай вельмі важнай для дзяржавы сферы. Галоўныя прыярытэты ў дзейнасці нашага Міністэрства на бліжэйшую перспектыву: забяспечваць даступнасць культуры для людзей, культура - гэта імідж краіны, важна падтрымліваць нацыянальнае мастацтва, ствараць магчымасці для праяўлення новых ініцыятыў і праектаў, пашырэння прыватнай ініцыятывы ў сферы культуры, неабходна працягваць працу па падтрымцы маладых талентаў, вельмі важным накірункам з'яўляецца захаванне гістарычнай спадчыны. Гэты спіс невычарпальны і, зразумела, можа пашырацца. Парадак расстаноўкі таксама не мае імператыўнага характару.

 - Вы сказалі: "даступнасць культуры"...

- Даступнасць - гэта той сацыяльны стандарт, які забяспечваецца на сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь. Дайсці і даходзіць у сферы культуры да кожнага чалавека, незалежна ад таго, дзе ён працуе - у раёне ці сталіцы. Даступнасць складаецца фактычна з трох элементаў. Перадусім дзяржава забяспечвала і будзе далей забяспечваць даступнасць атрымання адукацыі ў розных накірунках мастацтва і культуры. Створана знізу даверху сістэма адпаведнай адукацыі. Другі элемент - гэта магчымасць рэалізаваць сябе ў культуры: гурткі, аматарскія калектывы мастацкай творчасці, дамы рамёстваў і шмат што іншага. Трэці, вельмі істотны элемент даступнасці - забеспячэнне колам грамадства магчымасці наведваць дамы культуры, тэатры, музеі, бібліятэкі, выстаўкі і гэтак далей. Гэта гранічна важны стандарт для дзяржавы. І, перакананы, ён будзе надалей захоўвацца і рэалізоўвацца.

- Зразумела, што любы народ і пазнаюць, і спасцігаюць па самабытнай яго культуры.

- Культура - гэта імідж краіны. Імідж унутраны. І тут хацелася б прывесці словы нашага Прэзідэнта пад час апошняга інтэрв'ю расійскім сродкам масавай інфармацыі: "Калі дзяржава не мае высокага ўзроўню культуры, яна не можа называць сябе цывілізаванай. Цывілізаванай дзяржавы без культуры няма". Гэта асноўны, базавы элемент для кожнай краіны, і Беларусь - не выключэнне.

- Толькі ўнутраны імідж?

- Вельмі важным для іміджа краіны з'яўляецца прасоўванне, прадстаўленне беларускай культуры за мяжой. І тут хацеў бы выкарыстаць свой досвед як дыпламата. Беларуская культура- адзін з найважнейшых фактараў пашырэння станоўчага знешняга іміджа краіны. З гэтага пункта гледжання вельмі важным падаецца стымуляванне гастролей беларускіх тэатраў, артыстаў эстрады, оперы і балета, сімфанічных аркестраў, выставак беларускіх мастакоў за мяжой. Спадзяюся на актывізацыю працы менавіта дырэктараў, адміністратараў, якія адказваюць за дзейнасць згаданых калектываў, больш актыўную прапрацоўку магчымага выхаду нашых калектываў на замежныя рынкі. Зразумела, што мы будзем звяртаццаза падтрымкай і да нашых дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой. Так, на сённяшні дзень мы прапрацоўваем магчымасць удзелу нашых мастакоў у Венецыянскай біенале, якая кожныя два гады адбываецца ў Італіі. Хачу падкрэсліць неабходнасць стымулявання з боку Міністэрства культуры прамых сувязей устаноў культуры Беларусі з установамі суседніх краін, краін Еўрапейскага Саюза, нашых стратэгічных партнёраў. Добрым прыкладам тут з'яўляецца праца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: гэта апошняя выстаўка адной карціны выдатнага італьянскага мастака Парыса Бардоне з Музея правінцыі Бары "К.Джавінта"; гэта супрацоўніцтва, якое наладжваецца з Луўрам. У якасці добрых прыкладаў магу прывесці акцыі, якія прайшлі ў 2008 годзе з удзелам Міністэрства культуры, тэлеканала АНТ: "Мы - беларусы!" і "З любоўю з Беларусі". Яны адбыліся ў шэрагу краін Еўропы. Такая дзейнасць павінна пашырацца. І тут важна было б акрэсліць некалькі прыярытэтных накірункаў па прадстаўленні беларускай культуры за мяжой.

- Якімі яны бачацца Вам?

- Перадусім гэта Дні культуры. Класічныя, але вельмі важныя акцыі, што прадстаўляюць багацце нацыянальнай культуры. Так, налета мы плануем правесці Год беларускай культуры ў Расійскай Федэрацыі. Гэта адна з прыярытэтных акцый для Міністэрства. Не так даўно ў Мінску і ў Віцебску прайшлі Дні культуры КНР. Мы дамовіліся аб тым, што ў будучым годзе адбудуцца чарговыя Дні беларускай культуры ў Кітаі, а таксама ў 2010-м плануем правесці падобныя падзеі ў Венгрыі, Славеніі, культурныя акцыі ў суседніх Літве, Польшчы, Украіне. Мне падаецца прыярытэтным арганізацыя культурных акцый, перадусім- у суседніх краінах і стратэгічных партнёрах Беларусі. Вельмі важным з'яўляецца пашырэнне іх і ў краінах ЕС. Тут мы павінны разгледзець магчымасці выкарыстання інструментаў усходняга партнёрства Еўрапейскага Саюза і платформы "Культура" ў рамках гэтага праекта, да якіх далучылася Беларусь. Гэтыя тэмы абмяркоўваліся з міністрам культуры Літвы Рэмігіюсам Вілкайцісам пад час першага, бадай што з 1994 года, ягонага візіту ў Беларусь. Мы дамовіліся акрэсліць шэраг сумесных праектаў, якія маглі б быць рэалізаваны пры падтрымцы міністэрстваў культуры Беларусі і Літвы. Бліжэйшым часам, спадзяёмся, адбудзецца пасяджэнне экспертнай групы па культурнай спадчыне на ўзроўні намеснікаў міністра ў рамках рэалізацыі пагаднення міністэрстваў культуры дзвюх краін аб супрацоўніцтве ў галіне гістарычнай і культурнай спадчыны. Важным нам падаецца ўдзел літоўскіх калектываў у тэатральным фестывалі "Панарама", у наступным "Славянскім базары ў Віцебску". Мы прапрацуем магчымасць сумеснай прэзентацыі культур Беларусі і Літвы ў Бруселі. Зразумела, што падобных праектаў з нашымі суседзямі, краінамі- членамі Еўрапейскага Саюза можа быць больш.

- Здаецца, са сваім літоўскім калегам Вы гаварылі і пра юбілейную гістарычную дату ў нашай з Літвой агульнай гісторыі - Грунвальдскую бітву, а таксама пра магчымае нараджэнне кінапраекта...

- Сапраўды гэтую тэму мы абмяркоўвалі ўпершыню ў ліпені ў Вільнюсе пад час нашай першай сустрэчы. Гэта праект даволі цікавы. Ён мае сваю гістарычную вартасць і- я перакананы ў тым - меў бы запатрабаванасць з боку гледачоў. Але, зразумела, існуюць некаторыя праблемныя моманты, якія неабходна вырашыць, перш чым прыняць рашэнне: ці будзе гэты праект рэальным. Перадусім гэта справа сцэнарыя, зместу таго фільма, які мы зможам паказаць гледачам у Беларусі і Літве, а, магчыма, і не толькі, бо запатрабаванасць стужкі на гэтую тэму, упэўнены, будзе больш шырокай. Вельмі важна, каб у сцэнарыі гэтага фільма сапраўды адпаведным чынам быў адзначаны ўдзел і беларускіх харугваў у гэтай гістарычнай бітве, каб былі правільна расстаўлены адпаведныя гістарычныя акцэнты. Важнай праблемай, канешне, з'яўляецца і фінансавае пытанне, таму што гістарычныя фільмы даволі дорага каштуюць, і, толькі па папярэдніх ацэнках, гэты праект можа абысціся ў шэсць мільёнаў долараў ЗША. Мы дамовіліся працаваць у кантэксце выпрацоўкі нашых падыходаў для таго, каб пазней выйсці з нейкімі варыянтамі магчымых рашэнняў у кантэксце рэалізацыі гэтага праекта. Дарэчы, шэраг мерапрыемстваў да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы пройдзе і ў нас на Радзіме ў наступным годзе.

 - Вядома, што Вы шматувагі надаяце культурным кантактам з беларусамі замежжа. Ваша ацэнка гэтых кантактаў на сучасным этапе?

- Не так даўно адбыўся з'езд беларусаў свету "Бацькаўшчына", дзе прынялі ўдзел прадстаўнікі розных дзяржаўных устаноў. Вельмі важна, што адноўлены дыялог, што беларусаў на радзіме і беларусаў замежжа аб'ядноўваюць вельмі важныя фактары: гэта беларуская культура, мова і дзяржаўнасць. Міністэрства культуры ў рамках сваёй кампетэнцыі будзе працягваць і пашыраць, актывізаваць культурнае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, з таварыствам "Бацькаўшчына". Гэта падыход кіраўніцтва нашай краіны. Зразумела, што кірункі супрацоўніцтва могуць быць разнастайнымі. Гэта падтрымка з боку дзяржавы захавання і развіцця культурнай самабытнасці. Хацеў бы адзначыць, што гэтая праца праводзілася і праводзіцца па сённяшні дзень і Міністэрствам культуры, і Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей у набыцці касцюмаў, інструментаў, кніг, метадычнай дапамогі і г. д. Важным нам падаецца арганізацыя сумесных культурных акцый, што таксама паспрыяе добраму іміджу Беларусі за мяжой. Будзем наладжваць супрацоўніцтва з беларусамі свету ў справе вяртання культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за межамі нашай краіны, сумеснага адзначэння памятных дат і падзей, якія звязаны з беларускай гісторыяй за мяжой, гатовы працаваць над адкрыццём бібліятэк беларускай літаратуры, і ў іншых справах. Так, дарэчы, у кастрычніку ў Санкт-Пецярбургу і ў Беластоку адбудуцца буйныя культурныя акцыі, арганізатарамі якіх выступаюць беларусы замежжа.

- Ці з'явяцца ў перспектыве культурныя цэнтры Беларусі за мяжой?

- Мы працуем над гэтым. Праўда, тут мы не першыя, і ёсць вельмі добрыя прыклады рэалізацыі падобнага падыходу Расійскай Федэрацыяй, Германіяй, Чэхіяй, Польшчай, Венгрыяй, Аўстрыяй, Францыяй, у тым ліку і новымі дзяржавамі, якія паўсталі пасля распаду Савецкага Саюза, прынамсі, Літвой і Украінай. Культурны цэнтр Беларусі з'явіўся ў Польшчы. Зараз па даручэнні Урада разам з Міністэрствам адукацыі мы працуем над магчымасцю адкрыцця такога Цэнтра культуры і ў Кіеве. Зразумела, што гэтая справа патрабуе значных фінансавых укладанняў. Але трэба шукаць не экстэнсіўныя, а інтэнсіўныя варыянты рэалізацыі падобных праектаў: калі сродкі выдаткоўваліся б не на ўтрыманне памяшкання і персаналу, а на рэалізацыю канкрэтных культурных і адукацыйных праектаў.

 - Імідж нацыянальнай культуры сярод замежнікаў ствараеі цэлае суквецце фестываляў у рэгіёнах Беларусі...

 - У нас існуе добра развітая сістэма фестывальных мерапрыемстваў, дзякуючы актыўнай папярэдняй дзейнасці Міністэрства культуры, абласных упраўленняў і раённых аддзелаў культуры нашай краіны. Штогод адбываецца 57 разнастайных фестывальных мерапрыемстваў. Яны маюць вялікі попыт у гледачоў, сваё месца на культурнай карце краіны, нават Еўропы і свету, калі мы гаворым, напрыклад, пра "Славянскі базар у Віцебску". Але важна ісці шляхам надання найважнейшым культурным мерапрыемствам краіны новага аблічча. І, канешне ж, тут мы ў большай ступені гаворым пра "Славянскі базар..." - вельмі важны праект, на яго працуе шмат людзей, якія ўкладваюць сваю душу і сэрца ў арганізацыю фестывалю, што мае сваё гучанне не толькі ў Беларусі, а і ва ўсім свеце. Спадзяёмся, што ўсе разам зможам надаць новы імпульс, прапанаваць новы падыход у арганізацыі "Славянскага базару..." ў наступным годзе. Геаграфія фестывальнага руху надзвычай шырокая: ён не абмяжоўваецца межамі сталіцы. Зірнуўшы на карту Беларусі, можна пераканацца ў тым, што кожны наш рэгіён мае свой буйны фестываль. Віцебшчына - гэта, вядома "Славянскі базар", Магілёўшчына - "Залаты шлягер", Гродзеншчына - яркі і эмацыйна насычаны Фестываль нацыянальных культур, Брэстчына - прадстаўнічы тэатральны форум "Белая вежа"... Шмат якія міжнародныя фестывалі ладзяцца і ў малых гарадах. Згадайма хаця б "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах або "Залатую пчолку", якая штогод "прылятае" ў Клімавічы.

 - Фестывальны рух прымушае задумацца яшчэ пра адзін аспект - шоу-бізнес...

 - Наступны накірунак - гэта новыя ініцыятывы і праекты, пашырэнне прыватных ініцыятыў у сферы культуры. Калі мы хочам бачыць будучыню шоу-бізнесу ў Беларусі, нам трэба засяродзіць увагу на неабходнасці развіцця сістэмы прадзюсерства ў нашай краіне. Гэта тое, што будзе найважнейшым фактарам развіцця беларускай эстрады і кінавытворчасці сёння і ў будучым. Вельмі важнай нам падаецца праца з новымі ідэямі, з людзьмі таленавітымі, гатовымі прапанаваць новыя цікавыя культурныя праекты для рэалізацыі іх ва ўстановах культуры нашай краіны- як цэнтральных, так і рэгіянальных. Таму я хацеў бы запрасіць усіх людзей з амбіцыямі прапаноўваць свае ініцыятывы ў сферы культуры. Мы гатовы разглядаць іх як партнёраў і шукаць спосабы рэалізацыі.

- Як Вы лічыце, ці ўзнікне калінебудзь на Беларусі інстытут мецэнацтва?

 - Вельмі важная справа, над якой мы пачынаем працаваць, - гэта стварэнне апякунскіх Саветаў пры найбуйнейшых установах культуры рэспублікі. Гэта практыка, якая распаўсюджана ў розных краінах Еўропы, у тым ліку ёй карыстаюцца і нашы расійскія суседзі. Міністэрства культуры падхапіла прапанову мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна і гатова ўключыцца ў гэты працэс.

- Дарэчы, гаварыў Пінігін пра гэта і на ток-шоу "Выбар"...

- Нам уяўляецца вельмі важным далучыць буйныя банкі, кампаніі, фірмы, прадпрыемствы да ўваходжання ў апякунскія Саветы пры культурных установах, праз якія магла б ажыццяўляцца дапамога ў рэалізацыі новых цікавых праектах, для новых пастановак, аказвалася хаця б частковае дафінансаванне ў арганізацыі гастрольнай дзейнасці калектываў. Салідны бізнес патрабуе саліднай рэкламы. Мецэнацтва ў сферы культуры - гэта салідная рэклама. Хацеў бы праз старонкі газеты прапанаваць гарадскім і раённым аддзелам культуры магчымую сумесную рэалізацыю наступнага праекта: "Культурная сталіца Беларусі"...

- Калі ласка, падрабязней пра гэтую сацыяльна значную для рэспублікі акцыю...

 - Так, сапраўды, як і ў іншых краінах свету, большасць культурных падзей адбываецца ў нас у сталіцы. І зразумела, што нашай культурнай сталіцай з'яўляецца горад Мінск - па праве і заслужана. Але вельмі важна, аб чым мы гаварылі, дайсці да кожнага чалавека, да кожнага рэгіёна. Таму прапаноўваем кожны год акрэсліваць адзін з гарадоў або раёнаў рэспублікі, які станавіўся б чарговай культурнай сталіцай Беларусі. Падпісваючы разам з Міністэрствам культуры праграму мерапрыемстваў, мы маглі б паказаць менавіта багацце нашай беларускай культуры, маглі б прапанаваць гастролі, выступленні вядучых нацыянальных калектываў на сцэнах гэтага раённага цэнтра або горада, выстаўкі Нацыянальнага мастацкага музеяабо іншых музеяў краіны. Наступная тэхнічная ініцыятыва звязана з рэалізацыяй праекта "Электронны білет".

- Гэтая ініцыятыва, мяркуючы па ўсім, уваходзіць у спектр камп'ютэрызацыі ўстаноў культуры?

 - Яна складаецца з некалькіх частак. Таксама гэта практыка, якой ужо карыстаюцца розныя краіны свету. Перадусім, магчымасць рэкламы: калі можна зайсці на інтэрнет-старонку і пабачыць літаральна ўсе культурныя мерапрыемствы (прынамсі, тыя, якія пройдуць бліжэйшым годам у Беларусі), калі мы можам звярнуць увагу на тое, што адбудзецца ў гэтым месяцы або на бліжэйшым тыдні, выйсці на канкрэтную ўстанову культуры і набыць білет. Выкарыстоўваючы гэтую сістэму, мы, па-першае, вырашаем справу рэкламы, па-другое, забяспечваем большую даступнасць для атрымання паслуг менавіта ў сферы культуры. А трэці элемент - гэта таксама і экспарт культуры. Не трэба будзе нашаму знаёмаму з Масквы альбо з Варшавы прасіць набыць білет на нейкую буйную культурную акцыю ў нашай краіне: гэта проста можна зрабіць праз сетку Інтэрнет, расплаціўшыся электроннай банкаўскай карткай.

 - Дадзеныя інавацыі наўпрост датычацца падтрымкі нацыянальнага мастацтва.

 - Адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі з'яўляецца падтрымка нацыянальнага мастацтва, якое надае беларускай культуры адметнасць і самабытнасць. Гэта перш за ўсё падтрымка калектываў і выканаўцаў, якія прадстаўляюць айчынную культуру: Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, нацыянальныя тэатры - тэатр імя Янкі Купалы, тэатр імя Якуба Коласа і іншыя. Гэта таксама падтрымка народных і аматарскіх выканаўцаў і калектываў. Неабходна далейшая падтрымка беларускай драматургіі, стварэнне праз ажыццяўленне дзяржаўнага заказу новага беларускага рэпертуару- як у канцэртных арганізацыях, так і музычных тэатрах (Тэатр оперы і балета, Музычны тэатр). Прадоўжыцца падтрымка творчых праектаў (фестываляў, выставак, канцэртаў і інш.), накіраваных на развіццё і папулярызацыю беларускага мастацтва: Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, фестывалі М.Фінберга ў малых гарадах Беларусі, фестывалі народнай музыкі, выстаўкі народных промыслаў і рамёстваў і г.д. Нельга не адзначыць і працу над праграмай манументальнай гістарычнай прапаганды на перыяд да 2012 года, якая ўключае прапановы аб увекавечанні ў г. Мінску і рэгіёнах краіны сродкамі манументальнага мастацтва (мемарыяльныя знакі і дошкі, помнікі, мемарыяльныя ансамблі і г.д.) выдатных асоб беларускай зямлі і найбольш значных гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Гаворка вядзецца, прыкладна, пра 100 аб'ектаў мастацтва.

- Гэтая праца важная і ў кантэксце падтрымкі маладых талентаў...

- Гэта тая справа, якой з боку Прэзідэнта краіны надаецца прыярытэтнае значэнне. З 2005 года дзейнічае спецыяльны фонд Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. З гэтага часу яго лаўрэатамі сталі 175 юных талентаў, а таксама 190 калектываў мастацкай творчасці. Укладваючы энергію, рэсурсы ў моладзь, мы працуем на будучыню культуры Беларусі. Напрыканцы бягучага года і ў 2010-м мы плануем распачаць і правесці сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі акцыю пад умоўнай назвай "Зорка ўзышла над Беларуссю". Конкурс прадугледжвае тры этапы. Мэта - выяўленне маладых талентаў у наступных намінацыях: "Эстрада", "Народныя спевы", "Аўтарская песня", "Размоўны жанр", "Сучасны танец", "Жывапіс", "Скульптура", "Дызайн", "Рэжысура", "Фатаграфія" і г.д.

- Безумоўна, гэтая акцыя пройдзе і праз рэгіёны Беларусі, дзе шмат талентаў, а ў некаторых аграгарадках ёсць нават свае філармоніі.

- Установы культуры аграгарадкоў - тэма асобная і надзвычай важная. Цэнтральныя сядзібы нашых сельскіх гаспадарак цягам апошніх гадоў якасна змянілі не толькі знешняе аблічча, але і змест сацыякультурнай дзейнасці. Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла актывізавала і рэфармаванне культурнай інфраструктуры рэгіёнаў. Гэтая дзейнасць набыла сістэмнасць, планаваць...

- Шмат помнікаў гісторыкакультурнай спадчыны стаіць на беларускай зямлі. І вялікая колькасць з іх знаходзяцца менавіта ў рэгіёнах...

- Сапраўды, гэта вельмі важны накірунак дзейнасці Міністэрства культуры, можна сказаць - найважнейшы з накірункаў. Сёння ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей знаходзіцца каля 4800 культурных аб'ектаў. І вельмі важна падкрэсліць, што, дзякуючы значнай падтрымцы кіраўніцтва краіны, Урада, зроблена і робіцца шмат для рэстаўрацыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца на нашай зямлі. Існуе адпаведная заканадаўчая база. Сёння пры падтрымцы Міністэрства культуры рэалізуецца спецыяльны раздзел інвестыцыйнай праграмы, які прадугледжвае рэстаўрацыю і будаўніцтва 13 аб'ектаў. Сярод аб'ектаў, якія ўваходзяць у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, варта адзначыць такія, як палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, замкавы комплекс у Міры, Успенскі манастыр у Мсціслаўскім раёне, комплекс былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна і іншых. Што трэба ўдасканаліць? Па-першае, нам падаецца вельмі важным узмацніць навукова-метадычны нагляд за рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры Беларусі. Вельмі важна палепшыць узаемадзеянне на ўзроўні "заказчык- навуковы кіраўнік - выканаўца". Не можа быць такой сітуацыі, калі аднаасобна вырашаюцца навуковыя пытанні рэстаўрацыі таго ці іншага аб'екта. Па-другое, павінна быць узмоцнена, і адпаведнае даручэнне дадзена, праца Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Гэта менавіта той эфектыўны інструмент і механізм, які павінен выкарыстоўвацца пры прыняцці найбольш важных рашэнняў, звязаных з рэстаўрацыяй аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Трэцяе. Трэба пашырыць удзел грамадскасці ў прапрацоўцы пытанняў, датычных спадчыны праз Грамадскі назіральны савет пры Міністэрстве культуры па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны, які створаны ў 2008 годзе. Шмат аб'ектаў на сённяшні дзень, якія належаць да нашай спадчыны, застаюцца па-за фінансавай падтрымкай, але не па-за ўвагай дзяржавы. Зрухі ў гэтай сферы - значныя.

- Хацелася б даведацца, ці атрымаюць такую падтрымку нашы брэндавыя замкі, дзе крэатыўна падкаваныя супрацоўнікіўстаноў культуры мяркуюць ладзіць, у прыватнасці, Фестываль прывідаў, каб "заманіць" турыстаў?..

- І на наступны год плануецца выдаткаваць сродкі менавіта на рэстаўрацыю помнікаў як з рэспубліканскага бюджэту, так і з мясцовых бюджэтаў абласцей. У якасці дадатковай ініцыятывы на сённяшні дзень мы прапрацоўваем магчымасць выкарыстання сродкаў грашовай латарэі "Скарбніца", заснавальнікам якой з'яўляецца Міністэрства культуры. Нам разам важна акрэсліць адзін з помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, які мае найважнейшае значэнне для нашай культурнай спадчыны, і акумулюючы сродкі праз латарэю "Скарбніца", скіраваць іх мэтанакіравана на рэканструкцыю аднаго з гэтых аб'ектаў. На сённяшні дзень мы разглядаем тры магчымыя варыянты: гэта Навагрудскі, Гальшанскі і Крэўскі замкі. Спадзяюся, што бліжэйшым часам мы зможам разам з кіраўніцтвам Гродзенскай вобласці, грамадскасцю акрэсліць той аб'ект, на які належыць скіраваць гэтыя сродкі. Зразумела, што гэта не будуць буйныя ўкладанні, але варта пачынаць, бо гэтая справа не можа чакаць.

 - Назвы нашых самых адметных замкаў цесна звязаны з фаміліямі...

- Супрацоўніцтва з прадстаўнікамі фамілій, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі, мы лічым вельмі важным і плануем наладзіць сумесную працу з Міністэрствам замежных спраў краіны па ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі славутых родаў. Перадусім, на нашу думку, яно можа быць скіравана на ўдзел у пошуках тых каштоўнасцей, якія трапілі за мяжу. Удзел фамілій у падрыхтоўцы інфармацыйных матэрыялаў нашай сумеснай спадчыны, садзейнічанне вяртанню каштоўнасцей, падрыхтоўка копій матэрыялаў, якія знаходзяцца за мяжой, удзел у музеефікацыі тых гісторыка-культурных аб'ектаў, чыя рэстаўрацыя ўжо завяршаецца. Стварэнне з іх удзелам апякунскіх Саветаў пры адпаведных установах культуры. У якасці прыкладу можна было б прывесці супрацоўніцтва з родам Радзівілаў. Як вядома, прадстаўнікі роду Радзівілаў ужо перадалі ў Нясвіжскі замак дзве арыгінальныя гравюры ХVІ стагоддзя, якія былі спецыяльна набыты ў Германіі, 162 копіі гравюр з прыватнага архіва. Цяпер атрыманы ліст ад Мацея Радзівіла аб тым,што ён даў замову на выкананне копіі іконы Божай Маці з палацавай капліцы ў Нясвіжы. Яна бліжэйшым часам таксама будзе перададзена беларускаму боку. Мы плануем у рамках міжнароднай канферэнцыі ў Нясвіжы 20 кастрычніка ажыццявіць урачыстую перадачу гэтых прадметаў. Спадзяёмся, падобнае супрацоўніцтва будзе пашыраным і на прадстаўнікоў іншых славутых фамілій, якія пражывалі ў нашай краіне: гэта Вішнявецкія, Раманавы, Ваньковічы, Міцкевічы, Валовічы, Рэйтаны, Абуховічы, Агінскія, Тышкевічы, Цэханавецкія і іншыя. Зразумела, што розныя прадстаўнікі згаданых фамілій прыязджалі ўжо на Беларусь. Нам падаецца важным больш канкрэтызаваць згаданую працу, надаць ёй больш канкрэтнае вымярэнне.

- Наступнае пытанне - пра "найважнейшае з мастацтваў"...

 - Зразумела, што гэта адзін з галоўных накірункаў дзейнасці Міністэрства культуры, адна з вельмі важных сфер грамадскага жыцця. Як вядома, мы наведваем кінатэатры, глядзім фільмы па тэлебачанні практычна штодня. Таму гэтая сфера, бясспрэчна, патрабуе вялікай увагі з боку дзяржавы. Такая ўвага на працягу апошніх гадоў аказваецца, і даволі значная. Дзякуючы рашэнням кіраўніцтва краіны адноўлены сістэмны працэс кінавытворчасці на кінастудыі "Беларусьфільм". Гэта намаганні, зразумела, і ўсяго калектыву славутай кінастудыі. Сёлета беларускае кіно адзначае сваё 85-годдзе. І сапраўды, мы можам ганарыцца тым, што зроблена было за мінулыя гады, што зроблена ў апошнія. Але зразумела, што кінавытворчасць і сфера кіно ў свеце не стаяць на адным месцы. Наспеў час надаць новы імпульс для кінавытворчасці краіны. Вельмі важна сёння здымаць запатрабаванае мастацкае кіно. Што маю на ўвазе? Перадусім, мы павінны ўлічваць два галоўныя фактары. Першы: кіно, якое мы здымаем, павінна адпавядаць інтарэсам краіны. Другі фактар: яно павінна прыносіць эканамічны эфект. Гэта ў ідэале. Увогуле ж, фінансаванне кінавытворчасці можа адбывацца праз сродкі дзяржаўнага бюджэту, праз сумесную кінавытворчасць або з прыватным укладаннем. На жаль, на сённяшні дзень мы канстатуем: функцыянуюць толькі два згаданыя падыходы пры фінансаванні айчыннай кінавытворчасці. І калі мы гаворым аб сумесных кінапраектах з нашымі партнёрамі ў Расіі ці іншых краінах, тут усё ж такі галоўны фактар - эканамічны: ці будзем мы мець эканамічны эфект у выглядзе вяртання тых сродкаў, якія мы ўкладваем у сумесную кінавытворчасць? І, зразумела, аддаючы не апошнюю ролю таму, якога зместу мы здымаем кіно і якой якасці. Калі ж мы гаворым пра кіно, фінансуемае з дзяржаўнага бюджэта, то, перадусім, павінны глядзець на тэматыку, на запатрабаванасць, на адпаведнасць інтарэсам Беларусі таго кіно, якое здымаем.

- Беларускае грамадства адчувае сапраўдны голад на тэму гісторыі нашых далёкіх прашчураў. Ці народзіцца такі кінапраект?

- Наспеў час, калі мы павінны больш уважліва паглядзець на патрэбу ў здымках нацыянальнага кіно, якое павінна быць прысвечана нашай гісторыі, культуры. Дзіўнай рэччу з'яўляецца тое, што да гэтай пары не зняты фільм, прысвечаны, напрыклад, класіку беларускай літаратуры, першаму народнаму паэту Янку Купалу. Упэўнены, што калі б мы знялі тэлевізійную мастацкую карціну, прысвечаную гэтай славутай Асобе, то большасць беларусаў з зацікаўленнем паглядзелі б яго і нават у беларускамоўнай версіі. Падаецца, што нацыянальнае кіно можа мець сэнс і з пункта гледжання попыту ў гледача, і з пункта гледжання эканамічнага. Калі зняць, напрыклад, "Белыя Росы-2" ці "Бураціна-2", упэўнены, што гэтыя фільмы былі б запатрабаваныя ў гледача, а таксама прынеслі б эканамічны эфект. Сёння падаецца больш важным здымаць больш станоўчых, пазітыўных стужак. Канешне, тут меркаванняў і думак можа быць шмат. Дыскусія, на маю думку, вельмі важная, напэўна, яна прывядзе нас разам з кінастудыяй, з кінасцэнарыстамі, творцамі, рэжысёрамі да выніку, які запатрабаваны сённяшнім часам. Дадатковым важным кампанентам для забеспячэння добрага выніку з'яўляецца справа завяршэння рэканструкцыі "Беларусьфільма" для павышэння эфектыўнасці працы.

- Адбылася Ваша прэс-канферэнцыя з нагоды Дня работнікаў культуры. На Вашу думку, наколькі ўважлівая да нацыянальнай культуры айчынная прэса?

 - Сапраўды, для ўспрыняцця культуры, для рэалізацыі розных акцый і мерапрыемстваў вельмі важнай з'яўляецца роля сродкаў масавай інфармацыі з пункта гледжання рэальнай аб'ектыўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў сферы культуры краіны. Я хацеў бы выказаць удзячнасць усім тым, хто дзеля гэтага працуе: гэта і рэспубліканскія, і рэгіянальныя СМІ, гэта, зразумела, газета "Культура" і часопіс "Мастацтва", штотыднёвік "Літаратура і мастацтва" і іншыя шматлікія выданні. Лічу вельмі важным максімальнае актыўнае супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі краіны ў распаўсюджванні інфармацыі аб культуры, аб тым, што робіцца ў гэтай сферы. Важная інфармацыйная падтрымка як электронных, так і друкаваных СМІ. Мы прапануем нашым тэлеканалам, друкаваным СМІ розныя сумесныя праекты як у галіне беларускай эстрады, опернага і класічнага мастацтва, так і ў арганізацыі іншых цікавых культурных акцый.

- А якія патрабаванні Вы прад'яўляеце да сённяшняга апарата Міністэрства культуры?

 - Калектыў Міністэрства культуры заслугоўвае слоў падзякі за тую працу, якая праводзілася і праводзіцца для сістэмнай арганізацыі сферы культуры краіны. Тут працуюць таленавітыя, адданыя справе людзі. Але зразумела і тое, што час патрабуе большай эфектыўнасці ў нашай працы, большай самааддачы, наватарства, калі хочаце, крэатыўнасці, погляду ў будучыню пры рэалізацыі тых задач, якія сёння стаяць перад нашай сферай. Лічу вельмі важнай узмацніць упраўленні, якія адказваюць за сферу культуры і мастацтва. Час вымагае павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння Міністэрства культуры з абласнымі ўпраўленнямі галіны, бо вельмі важную ролю ў арганізацыі культурнай работы ў краіне адыгрываюць менавіта абласныя ўпраўленні, раённыя аддзелы, і вельмі цеснае ўзаемадзеянне з'яўляецца для нас прыярытэтным. Гэта не значыць, што яно не існуе ці не існавала. Але азначае тое, што мы павінны працаваць больш эфектыўна, шукаць больш сумесных праектаў і іх рэалізоўваць.

- Такім чынам, рэзюмуючы тое, што прагучала з вуснаў Міністра, выводзім формулу, якая акрэслівае вышэйсказанае Вамі...

- Забяспечваць даступнаць культуры кожнаму. Культура - гэта імідж краіны. Падтрымка нацыянальнага мастацтва. Пашыраць новыя праекты і ініцыятывы, у тым ліку - прыватныя. Падтрымліваць маладыя таленты. Захоўваць гістарычную і культурную спадчыну. Мы можам ганарыцца сваёй культурай, яе спадчынай і каштоўнасцямі, тымі гістарычнымі асобамі, якія ўнеслі вельмі значны ўклад у развіццё нашай духоўнай ментальнасці. Можам ганарыцца тым, што зроблена, і з аптымізмам глядзець у будучае беларускай нацыянальнай культуры. Але на аптымізм усім нам разам трэба працаваць. Каб наша культура гучала ў свеце на беларускай і на многіх мовах. Дастаеўскі сказаў, што нацыянальная культура - гэта спалучэнне агульначалавечага і нацыянальнага. Дык вось менавіта наша нацыянальная культура праз Багдановіча, Караткевіча, Еўфрасінню Полацкую, Сімяона Полацкага, Купалу і Коласа, Кірылу Тураўскага, праз усю нашу спадчыну, помнікі нашай гісторыі, з'яўляецца часткай менавіта гэтай агульначалавечай, агульнаеўрапейскай, сусветнай культурнай прасторы.

- Дзякуй, Павел Паўлавіч, за размову і са святам!