3D-Крэва і мірскі Таўэр

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

“Спадчына, творчасць і інавацыі” — такую назву меў ІІ Штогадовы Еўрапейскі форум, які адбыўся ў Славеніі. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел спецыялісты, што займаюцца аховай спадчыны і пытаннямі культуры з 49 еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку з Беларусі.

Цэнтральнай тэмай з'яўлялася абмеркаванне выкарыстання інавацый і крэатыўнасці, новых тэхналогій у галіне культурнай спадчыны. Мэтай форуму было знайсці адказ на пытанне, якім чынам можна пашырыць сувязі сучаснікаў з культурнай спадчынай Еўропы. На форуме гаварылася пра тое, што тэхнічныя інавацыі, пераважна - на лічбавых носьбітах, з'яўляюцца найбольш дзейсным сродкам для прадстаўлення таго ці іншага аб'екта, у параўнанні з друкаванымі матэрыяламі. Разглядаўся шэраг узораў інавацый, якія выкарыстоўваюць спецыялісты ў сферы культуры і спадчыны розных краін.
Найбольш цікавыя, на нашу думку, ідэі маглі б з цягам часу быць ужыты на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Напрыклад, чаму б не стварыць лічбавую рэканструкцыю Крэўскага ці Гальшанскага замкаў, як энтузіястамі была зроблена камп'ютэрная анімацыя манастыра абацтва Клуні, зруйнаванага на 92% пад час Французскай рэвалюцыі? Яго наведвальнікі цяпер змогуць на месцы ўбачыць гістарычныя закансерваваныя фрагменты (руіны), дзякуючы выдатнаму лічбаваму аднаўленню, і ў 3D-рэжыме рэканструкцыі на спецыяльных экранах ажыццявіць віртуальную вандроўку па аб'екце і ўбачыць, якім ён быў да разбурэння. Нестандартны музей існуе ў Польшчы.
Унікальнасць і крэатыўнасць Музея гісторыі ў тым, што ён функцыянуе без будынка, у віртуальнай прасторы. Нешматлікія супрацоўнікі арганізуюць і праводзяць розныя мерапрыемствы, акцыі для разнастайных груп, якія ўключаюць гульні ў парках, паказ фільмаў і іншае. Сам жа музей існуе ў сетцы Інтэрнет. Яшчэ адзін цікавы досвед адзначыў кіраўнік Групы доступу і вывучэння гістарычных каралеўскіх палацаў Велікабрытаніі Дэвід Соудэн. У прыватнасці, лонданскі Таўэр выкарыстоўвае шырокі спектр падыходаў для сваёй інтэрпрэтацыі (прадстаўлення) - як інавацыйных, так і традыцыйных. Для прыцягнення аўдыторыі розных узростаў (асабліва- дзяцей і моладзі) і нацыянальнасцей задзейнічаны камп'ютэрныя ролевыя гульні, тэатралізаваныя прадстаўленні з удзелам наведвальнікаў музея. Такі падыход магчыма было б выкарыстаць, напрыклад, у нашым Мірскім замку. У межах форуму разглядаліся пытанні супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі СМІ і прафесіяналамі ў галіне даследавання і захавання спадчыны. Кажучы пра выкарыстанне тэхнічных інавацый у культурнай спадчыне, можна ўзгадаць словы аднаго з палітычных дзеячаў Велікабрытаніі, які ў грамадстве ўзняў наступнае пытанне: "Ці мэтазгодна праводзіць кансервацыю і рэстаўрацыю гістарычных аб'ектаў, што патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў, калі мы маем якасную віртуальную выяву?". Адказ вельмі просты: так, для таго, каб чалавек змог убачыць аб'ект спадчыны ў гістарычным асяроддзі і мець магчымасць "дакрануцца" да яго.
 Наталля ХВІР,
 загадчык сектара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь