“...Шлягер” сяброўства

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

ХІ Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве” завершыцца толькі 16 кастрычніка. Але ўжо сёння можна падвесці некаторыя вынікі. Бо ягоная драматургія, адпаведна музычным тэндэнцыям апошняга часу, акцэнтуе не фінал, дзе “збіраюцца” ўсе заяўленыя ў творы тэмы, а — пачатковы імпульс, які паступова расплываецца ў агульнай гукавой тканіне.

 

/i/content/pi/cult/230/3125/6-2.jpgПершыя фестывальныя дні, што змяшчалі адразу па некалькі значных і нават знакавых падзей, былі падобныя да магутных акордаў. А з гэтага панядзелка фестываль пачаў калясіць па Магілёўшчыне, наведваючы не толькі райцэнтры, але і аграгарадкі. Адзіным гала-канцэртам сталася ўрачыстае адкрыццё, якое доўжылася амаль чатыры гадзіны. Астатнія праграмы, у тым ліку ў рэгіёнах, былі пераважна сольнымі, што дазваляла публіцы не толькі ўзгадаць знаёмыя шлягеры, але і напоўніцу пазнаёміцца з творчасцю асобных артыстаў і калектываў. Як ніколі шырока былі задзейнічаны мясцовыя творчыя сілы.

Дый канцэрт адкрыцця невыпадкова распачаўся "мінісольнікам" аркестра рускіх народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі. Выступленне аркестра - і сольна, і з вядомымі спевакамі- акрэсліла шырокі разгорт разумення самой сутнасці слова "шлягер", не абмежаванай ні стылёва, ні жанрава: "шлягер" - усё, што папулярна, іншымі словамі- карыстаецца попытам. Тут і шчымлівыя старадаўнія рамансы, у выкананні якіх магілёўская салістка Алена Мацярынка была не горшая за знакамітага Рэната Ібрагімава, і запальны фольк, асабліва- з салістамі аркестра, што прымушалі "спяваць" нават звыклыя побытавыя рэчы. Сярод удзельнікаў канцэрта адкрыцця былі расійскі фольк-гурт "ЯRмарка" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Дзявятава, украінскі ансамбль "Кобза", Кацярына Шаўрына, Сасо Паўліяшвілі, Мікалай Гнацюк, Ані Вескі, Ігар Нікалаеў... Беларускія артысты скаралі сваім талентам і непадробнай шчырасцю: Нэлі Багуслаўская і Ізмаіл Капланаў, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, ансамбль "Неруш", Якаў Навуменка, кампазітар Валерый Іваноў, песню якога разам з ім спявалі магіляўчане Павел Усовіч і маленькая Валерыя Шапялевіч.

 Азначэнне "шлягер" у самым высокім сэнсе гэтага слова можна надаць і Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Невыпадкова менавіта гэтаму славутаму калектыву было нададзена ганаровае права распачаць фестываль яшчэ напярэдадні ўрачыстага адкрыцця праграмай з твораў на вершы Міхаіла Таніча. Ненадоўга саступіўшы месцагасцям- юбілейнаму канцэрту гурта "Любэ" і выступленню аркестра "Новая Расія" пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, - у аб'ектыў фестывалю зноў трапілі айчынныя музыканты: творчы праект "Маладыя галасы Беларусі" і ансамбль "Беларускія песняры". Дарэчы, у час іх канцэрта адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу ВІА імя Уладзіміра Мулявіна. Сам конкурс, на жаль, не апынуўся, як раней, у эпіцэнтры фестывальнай увагі: сабраўшы дзесяць калектываў з сямі краін (Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі і, зразумела, Беларусі), ён прайшоў на камернай сцэне - у Малой зале Палаца культуры вобласці.

/i/content/pi/cult/230/3125/6-4.jpgА між тым, на конкурсе было што паслухаць і чаму павучыцца. Яшчэ і таму, што, паводле конкурсных умоў, яго ўдзельнікі павінны ўключыць у сваё выступленне песню з рэпертуару "Песняроў". Паўтарыць "Песняроў", зразумела, немагчыма, а вось творчы працяг глыбокіх традыцый, узбагачэнне іх дадатковымі нацыянальнымі і аўтарскімі фарбамі- зусім іншая справа. Таму найбольшае ўражанне пакінуў ансамбль "Спадарожнікі" з Грузіі (Другая прэмія). Захаваўшы песняроўскі каларыт, яны спалучылі стылістыку песень пад гітару з традыцыямі шыкоўнага грузінскага шматгалосся, падобнага да сонечных вінаградных гронак. Усходнія матывы ўзніклі ў сумесным ізраільска-беларускім праекце "Прасторы". Каларытныя ж сцэнічныя строі ўдзельнікаў ансамбля вымушалі ўзгадаць дызайнерскія "супрэматызмы" Казіміра Малевіча, які некаторы час жыў і працаваў у Беларусі. Разам з гэтым калектывам Трэцюю прэмію падзяліў высокапрафесійны па сваім узроўні ансамбль "Форс-мінор", які апошнім часам знаходзіцца ў складзе Тэатра песні Ірыны Дарафеевай. Асабліва ўразіла спявачка ансамбля Інга Кісялёва: яе па праве можна было прызнаць лепшай салісткай сярод усіх ВІА, заяўленых у конкурсе. Першую ж прэмію атрымаў ансамбль з Казахстана "Дастар", назва якога перакладаецца на беларускую мову як "Сябры". Сапраўды, чым не яшчэ адзін сімвал "Залатога шлягера", куды артысты заўсёды з'язджаюцца не толькі для выступленняў, але і дзеля шчырых сустрэч з публікай, журналістамі і проста сябрамі?

 

На здымках:

ансамбль "Прасторы";

пераможцы конкурсу ВІА - гурт "Дастар".

Фота Юрыя ІВАНОВА  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"