“Наступальная стратэгія дае вынікі”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Напярэдадні Дня работнікаў культуры, які традыцыйна святкуецца ў нашай краіне ў другую нядзелю кастрычніка, мы звярнуліся да намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыя МАЛАШКІ з просьбай згадаць найбольш цікавыя акцыі і фестывалі, якія ладзяцца ў гэтым краі, вылучыць тыя накірункі ў развіцці і падтрымцы культуры, што найбольш актуальныя ў рэгіёне сёння.

 

/i/content/pi/cult/230/3124/6-1.jpgЁміста, неардынарна

- Культура з'яўляецца адным з самых ёмістых і важных накірункаў сацыяльнай сферы. Увогуле, аблвыканкам да культуры падыходзіць, калі можна так сказаць, неардынарна. Думаю, гэта заўважылі многія - і ў Беларусі, і за яе межамі. Старшыня аблвыканкама Пётр Руднік, які кіруе рэгіёнам нядаўна, таксама з цікавасцю і ўвагай ставіцца да пытанняў культуры. Ды і я на пасадзе яго намесніка са студзеня 2009 года. Раней жа працаваў галоўным урачом дзіцячай бальніцы. Вырашаем многія пытанні, у тым ліку і датычныя матэрыяльнай базы ўстаноў галіны. Дакладна ўсведамляем: калектывам неабходна актыўна гастраляваць, артыстаў трэба адпаведна апрануць, ім патрабуюцца інструменты. Гэтыя важныя пытанні паступова вырашаюцца. Літаральна ў цэнтры горада размешчаны Магілёўскі абласны тэатр лялек. Нягледзячы на цяжкасці, знайшлі магчымасць і выдаткавалі адзін мільярд рублёў, каб скончыць пераабсталяванне тэхнічнай часткі тэатра і распачаць перабудову глядзельнай залы. Займаемся мадэрнізацыяй абласной філармоніі, залу таксама поўнасцю перарабляем і абнаўляем. Перакананы: падобныя ўстановы павінны мець сучасную светлавую і гукавую апаратуру. Таму тут важны не толькі пошук фінансавых сродкаў, але ўменне даказваць: выдаткі - неабходныя. Апошні прыклад: да пачатку "Залатога шлягера ў Магілёве" ў Палацы культуры вобласці, былым ПК "Хімвалакно", зрабілі касметычны рамонт, а таксама замянілі дзверы і крэслы, "адзенне" сцэны. Усё ж- прымаем міжнародны фэст! Тое ж, што сёння адбываецца ў аграгарадках, - гэта наогул пераварот у свядомасці! Бо раней здавалася: прывесці клубы ў належны стан - немагчыма. Памяшканні дастаткова вялікія, што ні клуб - то мільярд! Не кажу ўжо пра бібліятэкі і неабходнасць забеспячэння іх камп'ютэрамі.

Паслядоўна і... фестывальна

 - Пра інтэнсіўнасць культурнага жыцця Магілёўскага краю сведчыць колькасць рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, якія мы ладзім. Думаю, такой колькасцю не можа пахваліцца ніводны рэгіён краіны. "Залаты шлягер", "Вянок дружбы", "Магутны Божа"... Нядаўна завяршыўся XII Міжнародны фестываль "Анімаёўка2009". Упершыню мы закупілі і ўсталяваліна плошчы Зорак, на прыступках кінатэатра "Радзіма", святлодыёдны экран. І ад гэтага атрымалі нечаканы эфект: "Анімаёўка" адразу набыла больш шырокую аўдыторыю. Калі зноў загадаць "Залаты шлягер у Магілёве", дык з кожным фестывалем пашыраем яго жанры, межы і геаграфію. Фінансава такі форум ладзіць складана, але, разам з тым, прысутнічае ўсведамленне: калі не мы - дык хто ж? Адзін з вядомых замежных эстрадных спевакоў ацаніў свой магчымы ўдзел у "...Шлягеры" ў 170 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы стала магчымым правесці ў межах таго ж фестывалю конкурс вакальна-інструментальных ансамбляў імя У.Мулявіна. "Магутны Божа" на постсавецкай прасторы - фестываль увогуле унікальны. Такога ўзроўню музычных форумаў няшмат і ў Еўропе. У сувязі з фінансавымі акалічнасцямі будзем ладзіць яго адзін раз на два гады. Да наступнага фестывалю, у 2010-м, ужо распачалі падрыхтоўку, удакладняем канцэпцыю свята. Да ліку вядомых і аўтарытэтных фестываляў, якія ладзяцца на Магілёўскай зямлі, належыць "Залатая пчолка" - дзіцячае свята, што ўжо не першы год прымае Клімавіччына. Усё большы аўтарытэт і вядомасць набывае тэатральны форум "М.@art.кантакт". Не магу не адзначыць, нашымі кіна-, музычнымі, тэатральнымі фестывалямі ганарымся і займаемся іх падрыхтоўкай, паўтаруся, паслядоўна.

Брэнды ў прасторы галіны

- Ёсць у Магілёве і шэраг музычных калектываў, якія былі і застаюцца своеасаблівым магнітам для творчай інтэлігенцыі горада. З Магілёўскай гарадской капэлай, да прыкладу, я пазнаёміўся не па абавязку службы, а як шараговы слухач. Калектыў вельмі цікавы, незвычайны для абласных гарадоў, прычым не толькі Беларусі, але і Расіі, дзе нават не ўсе "мільённікі" могуць пахваліцца такімі калектывамі. Упрыгожвае культуру горада і Аркестр народных інструментаў, які стварыў і шмат гадоў узначальваў народны артыст Беларусі Леанід Іваноў. Радуе, што такі аркестр склаўся менавіта ў нас. Ганарымся, што вядучыя артысты расійскай эстрады выступаюць разам з калектывам. Гучаў ён на адкрыцці "Залатога шлягера", на канцэртах "Рамансіяды".

Там, дзе ёсць школа...

 - Арыгінальныя творчыя ідэі ўзнікаюць у нашых работнікаў культуры і мастацтва ўвесь час. Так, напрыклад, на пачатку 2009-га, на Стары новы год, ладзілі гарадскі навагодні баль. На Савецкай плошчы размешчаны будынак былога губернскага схода, ён быў адрэстаўраваны, і сёння ўсе ЗАГСы Магілёва знаходзяцца менавіта ў ім. Акрамя чатырох залаў, размяшчаецца тут і Вялікая зала губернскага схода. Там і ладзіўся баль. Аркестр Магілёўскай гарадской капэлы выконваў вальсы, полькі, паланезы, а ўнізе вальсіравалі пары. І я- у тым ліку... На трэці або чацвёрты дзень знаходжання на пасадзе намесніка губернатара. Рэзананс ад гэтай акцыі быў шырокі. Таму будзем працягваць такую традыцыю. Штогод у Магілёве на базе Абласной карціннай галерэі ладзіцца Міжнародны пленэр жывапісу імя В.Бялыніцкага-Бірулі і П.Масленікава. Сёлета цікавай была ягоная тэма. Калісьці, перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, менавіта ў нашым мастацкім музеі захоўвалася неацэнная беларуская рэліквія - знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай, а таксама найбагацейшы збор прадметаў мастацтва і культуры ўсяго Савецкага Саюза. Пад час ваеннага ліхалецця яны зніклі, згубіліся. Сэнс правядзення мастацкіх пленэраў яшчэ і ў тым, што пад час іх узнікаюць новыя творы мастацтва. Залы музеяў трэба запаўняць, а культуру вяртаць гледачам. Пленэры дазваляюць паказаць сучаснае мастацтва многіх краін жыхарам горада, наведвальнікам музея. А потым, магчыма, нейкія страчаныя каштоўнасці і знойдуцца! Бо знайшлося ж Слуцкае Евангелле - прадмет з той самай згубленай калекцыі! Там, дзе ёсць сапраўдная школа падрыхтоўкі прафесійных творцаў, там, дзе працуюць высокакваліфікаваныя кадры, - там ёсць і адпаведны вынік... Лічу, што актыўнай і настойлівай, сказаў бы нават - агрэсіўнай, наступальнай, павінна быць рэклама ў галіне культуры. Тады ў грамадства будзе акрэсленая будучыня... Хачу павіншаваць работнікаў культуры і Магілёўшчыны, і ўсёй Беларусі з прафесійным святам!

Таццяна МУШЫНСКАЯ