Праект “К”: песня — за 24 гадзіны

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Клас! Ці не так?!

 

/i/content/pi/cult/230/3120/8-1.jpg16.00. А пачалося ўсё з рэдакцыйнай лятучкі. На ёй мы абмяркоўвалі "начынне" нумара, прысвечанага Дню работнікаў культуры. Як заўжды, было "спякотна", напружана і цесна ад ідэй. І вось на чарговай хвалі ўсеагульнага мазгавога штурму прагучала думка: "А што калі скласці песню ў гонар работнікаў культуры, прыцягнуўшы для гэтага лепшыя творчыя сілы краіны?" Журналісты ўвокаміг сціхлі, каб праз хвілю выбухнуць: "Клас!" Далей усё было досыць "проста".

 16.30. Пад канец планёркі вырашылі: музыку запросім стварыць лепшага нашага меладыста, народнага артыста СССР і Беларусі, кампазітара Ігара Лучанка, а тэкст прапануем увасобіць паэту, галоўнаму рэдактару выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктару Шніпу. Менавіта аўтара слоў мы і натхнілі першага. Не паверыце, але ягонай першай фразай было тое ж самае: "Клас!" Пасля ж абачліва дадаў: "Паспрабую..." Напрыканцы ж размовы Шніп, нібыта міжволі, напеў: "Мы - работнікі культуры..."

/i/content/pi/cult/230/3120/8-2.jpg17.00. Як толькі паэтава муза пачала "дзейнічаць", загадчык аддзела фотаілюстрацый "К" Юрый Іваноў атрымаў заданне... сустрэцца са старым сябрам. Жарты жартамі, але Юрый Сяргеевіч не адзін дзесятак гадоў шчыра сябруе з Ігарам Лучанком. Таму менавіта фотакару мы даручылі пазнаёміць славутага кампазітара з задумай "культураўцаў", а таксама зняць моманты стварэння новай песні. Што ж адказаўЮрый Сяргеевіч? Памаўчаўшы хвіліну, ён прамовіў: "Клас!" Як кажуць, хочаце - верце, хочаце - запытайцеся ў яго самі!

 17.45. Творчы працэс у паэта - рэч загадкавая. Вось і Віктар Шніп аказаўся ў той вечар на адкрыцці выстаўкі... лялек. І, мусіць, адмысловая атмасфера, што панавала ў экспазіцыйнай зале, паўплывала на творчы працэс. А пад мерны грукат вагонаў метро на шляху дадому нараджаліся рыфма за рыфмай...

18.37. Акурат у гэты час, хвіліна ў хвіліну, адбылася наступная размова паміж Юрыем Івановым і Ігарам Лучанком: - Ігар, ёсць выдатная ідэя: прысвяціць песню ўсім работнікам культуры Беларусі! Усе мае калегі з рэдакцыі "Культуры" выказаліся адназначна: музыка павінна быць тваёй! - Юра, а хто ж напіша словы? Да свята - лічаныя дні. Ды і музыка, зразумей, - справа няпростая... - Словы будуць у цябе заўтра раніцай! Чакай! - упэўнена прамовіў Юрый Сяргеевіч.

22.12. Менавіта ў гэты час Віктар Шніп стэлефанаваўся з супрацоўнікамі "К", каб паведаміць: першая страфа - ёсць! І зачытаў яе. - І сапраўды ёсць! Калі працяг? - запыталіся мы. Мусіць, паклаўшы перад сабой чысты аркуш, Віктар адказаў: - Працяг будзе! І сапраўды, працягу мы чакалі роўна 11 гадзін.

/i/content/pi/cult/230/3120/8-3.jpg08.55. - А вось і працяг! - сказаў Віктар Шніп рэдактару аддзела Яўгену Рагіну, заспеўшы яго, як кажуць, яшчэ ва ўтульных хатніх пантофлях літаральна на выхадзе з кватэры. - Віця, занатуй на паперу - а я на працы запішу па тэлефоне.

 10.00. Першая справа на пачатку працоўнага дня - званок паэту. І вось "культура"ўцы, амаль заглядаючы пад руку нашаму журналісту, спрабавалі адгадаць першыя радкі песні-прысвячэння. Зрэшты, пакуль толькі тэксту да яе. Набор, раздрукоўка - і вось тэкст перад намі. - Клас!.. - з палёгкай выдыхнулі мы. І тэкст трапіў у рукі Юрыю Іванову.

11.00. - Пакажыце мне, дзе той паэт, які напісаў словы да гэтай песні! Нам абавязкова патрэбна папрацаваць разам! - акінуўшы вокам тэкст, сказаў Ігар Лучанок. І Юрый Сяргеевіч выправіўся за Віктарам Шніпом.

12.00. - 15.00. Што было ў гэты час? Мусіць, лепш за ўсё пра гэта апавядуць фотаздымкі і лісты з занатоўкамі і дапрацоўкамі. Песня атрымала яшчэ адну страфу. І загучала! Лучанок сеў за раяль. І ў пакоі Саюза кампазітараў загучалі першыя акорды... Так нараджаюцца легенды, так нараджаецца музыка,так нараджаецца песня, так рэалізуюцца праекты "К"...

16.00. А ў другой палове дня рэдактар аддзела музыкі Надзея Бунцэвіч ужо спявала нам са "свежага" нотнага аркуша новую песню - лёгкую, празрыстую і ўрачыстаўзнёслую. - Клас! Ці не так? - абменьваліся мы рэплікамі паміж сабой. А пасля паслухалі і запісанае на дыктафон аўтарскае выкананне. Разам з паэтам і кампазітарам рэдакцыя "К" дорыць гэты яркі букет са слоў і нот усім тым, хто жывіць сваёй адметнай творчасцю беларускую культуру.

 

Культурай квітнее Айчына

Музыка Ігара ЛУЧАНКА

Словы Віктара ШНІПА

Пад сцягам любімай Айчыны,

Свабоднай, заўжды маладой

І нам назаўсёды адзінай,

Як сонца над роднай зямлёй,

Ідзём мы да светлае мэты,

Каб наша Айчына была

Не толькі у песнях апета,

А ў кожнага ў сэрцы жыла.

Прыпеў:

Мы - твая душа, Айчына-маці,

Мы - работнікі культуры,

Людзям мы прыносім шчасце.

Хай квітнее Беларусь!

Культура - багацце святое,

Якое нам тут берагчы,

Дзе роднае слова жывое,

Нібыта ад Храма ключы.

Культурай квітнее Айчына,

Культура яднае людзей

І лепш за Айчыну краіны

Не знойдзеш на свеце нідзе.

Прыпеў.

Нясём мы пад сцягам Айчыны

У кожнае сэрца святло,

Бо кожны з нас ведаць павінны,

Што будзе, што ёсць, што было.

Высокія збудуцца мэты,

І стане, як песня, жыццё,

Якое вякамі апета,

Як сэрца, Айчына, тваё.

Прыпеў.

 

Са святам!

"КУЛЬТУРА"ўцы

Фота Юрыя ІВАНОВА