Прачыталі — адрэагавалі

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

На свяце ў Белавежскай пушчы карэспандэнт “К” змог не толькі на свае вочы пабачыць зуброў, патрымаць у руках рыцарскі меч і паспяваць разам з грамадой шлягер, прысвечаны запаведніку.

Народныя рамеснікі, што з'ехаліся з усіх куткоў Брэстчыны, прыцягвалі да сябе вялікую ўвагу шматлікіх гасцей свята, дэманструючы вырабы з лёну, дрэва, саломкі, керамікі, жалеза і многага іншага. Давялося сустрэцца і з некаторымі майстрамі народнай творчасці, пра якіх "К" пісала ў серыі публікацый, прысвечаных нашаму велатуру па Палессі. Аказалася, на гэтыя артыкулы ў пэўных месцах належна адрэагавалі органы ўлады. Гэтак сустрэўся з дырэктарам музея "Бездзежскі фартушок" Марыяй Астаповіч. - Пасля вашай публікацыі змены адбыліся ў Драгічыне, у раённай бібліятэцы, - распавяла яна. - У падвале ўстановы культуры, дзе размяшчалася частка фондаў з музея і частка бібліятэчных кніг, на той час стаяла вада пасля дажджоў. Але як толькі пра гэта напісала "Культура", у падвал бібліятэкі быў завезены і насыпаны пясок. Цяпер туды можна заходзіць і без спецыяльнага абутку. А вось што расказаў Іван Супрунчык, народны майстар, навуковы супрацоўнік Музея этнаграфіі ў вёсцы Цераблічы. - І ў нас змены вельмі вялікія: замянілі вокны ў музеі, паставілі шклопакеты, новыя дзверы - карацей, сапраўдны еўрарамонт. Да канца восені абяцаюць зрабіць частку даху, які працякае. Газета - гэта сапраўды вялікая сіла!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"