“Аж дзве Вольгі...” з Ударнай

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Перадгісторыя гэтай публікацыі, шчыра скажам, нестандартная. Некалькі тыдняў таму ў рэдакцыю “К” завітаў дырэктар Максімавіцкага СДК, што на Клічаўшчыне, Сяргей Шчэпка: “Дапамажыце знайсці культасветнікаў для роднай вёскі!” Так у нашай газеце з’явіўся матэрыял “Кадры, адгукніцеся!” (гл. “К” № 35 за 2009 г.) пад рубрыкай “Візіт у рэдакцыю: дырэктар СДК просіць дапамогі”. Як толькі нумар газеты з гэтым артыкулам пабачыў свет, нам патэлефанаваў начальнік аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Рыгор Валжанкоў, падзякаваў газеце і паведаміў, што ў Максімавічах прыступілі да працы два маладыя спецыялісты культасветы — “аж дзве Вольгі”, і кадравае пытанне ў вёсцы збольшага вырашана...

З гэтай нагоды хочацца зазначыць вось што: газета, задаволіўшы просьбу неабыякавага кіраўніка сельскай установы культуры, папросту выканала свой прафесійны абавязак. Хто і заслужыў падзякі, дык гэта, на наш погляд, сам Сяргей Шчэпка. Ад узважанай кадравай палітыкі, пагадзіцеся, залежыць многае (калі не ўсё!) у фарміраванні высокага культурнага статуса вёскі, раёна, горада, вобласці. Таму любая актыўнасць тут толькі вітаецца. Сяргей Шчэпка, занепакоены тым, што з-за кадравага голаду спыніла працу Максімавіцкая школа мастацтваў, а ў СДК, які пэўны час рамантаваўся, няма акампаніятара, пастараўся зрабіць усё, каб да 1 верасня ліквідаваць у вёсцы культасветны кадравы дэфіцыт. Для гэтага пабываў у многіх навучальных установах, раіўся з начальнікам упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Наталляй Шмакавай, з плёнам выкарыстаў і рэспубліканскую трыбуну нашай газеты.
У выніку 1 верасня вясковая ДШМ распачала сваю дзейнасць, а СДК займеў акампаніятара... Я пабываў у Максімавічах, пазнаёміўся з абедзвюма Вольгамі, пераканаўся, што выбар Сяргей Шчэпка зрабіў больш чым правільны. Вольга Лашкевіч скончыла эстраднае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Харэограф. Родам з Барысава. Вельмі зацікавілася тым, што Максімавічы стануць сёлета аграгарадком. А калі прыехала сюды і прыступіла да працы, адразу адчула ўсе выгоды аграгарадоцкага жыцця-быцця. Папершае,атрымала ў адным з катэджаў мясцовай сельскай гаспадаркі добраўпарадкаваную кватэру (была на гэта ў аддзела культуры канкрэтная дамоўленасць з кіраўніцтвам СВК). Па-другое, спадабаліся Вользе Лашкевіч вясковыя дзеці: "Шчырыя, сумленныя, вельмі ахвочыя да творчага навучання". Таму і акрыленая цяпер Вольга, таму і ганарыцца сваёй пасадай. Сапраўды, дырэктар ДШМ у Максімавічах - ледзь не першы чалавек. Дый хіба ж дзіва: у школе мастацтваў цяпер - 27 дзетак. Вольга абышла летам сем'і кожнага з навучэнцаў: агітавала, прапагандавала і пераконвала. Атрымалася. Сёння ў навучальным эстэтычным цыкле ёсць не толькі харэаграфія, але і музыка... А дапамагла ў гэтым Вользе першай Вольга другая. Разам і набор дзяцей у ДШМ рабілі, разам і выдзеленую кватэру на дзвюх падзялілі. Справа ў тым, што Вольга Касцян скончыла Магілёўскае вучылішча культуры, год адпрацавала загадчыцай дзіцячага сектара Клічаўскага РДК, але з гатоўнасцю змяніла райцэнтр на сяло. Сама яна - з Клічаўскага раёна, вясковы побыт і вясковыя людзі для яе - звыклыя і зразумелыя. Дый прапанова была вельмі прывабная: весці гадзіны ў школе мастацтваў (Вольга валодае баянам і фартэпіяна) і працаваць на палову стаўкі акампаніятарам у сельскім Доме культуры.
Задумак у Вольгі Касцян шмат. Да прыкладу, прывабіла да агульных спеваў мясцовых бабуль: мяркуе стварыць з іх фальклорны гурт. А жывуць дзяўчаты ў адным з двухпавярховых катэджаў па вуліцы Ударнай. І гэты факт не падаецца Сяргею Шчэпку выпадковым: "Ніякіх прэтэнзій да маладой змены пакуль не маю, бо працуюць паўдарнаму!"

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"