Вячэрні расклад музеяў

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Калі сёння прааналізаваць статыстыку наведванняў айчынных музеяў, дык стане відавочным той факт, што іх асноўная аўдыторыя — гэта вучні малодшых і сярэдніх класаў агульнаадукацыйных устаноў.

З гэтай нагоды музейшчыкаў не можа не хваляваць тое, што іншыя катэгорыі грамадства не так часта завітваюць у іх установы. Чаму? Думаецца, справа тут нават не ў абыякавасці людзей да артэфактаў культуры, а, хутчэй, у пэўнай недаступнасці музеяў, бо звычайна іх рабочы графік такі ж, як і ў любой іншай установе. І чалавек, ідучы з працы, у музей трапіць не паспявае. Узнікае лагічнае пытанне: што зрабіць, каб пашырыць межы музейнай дзейнасці? Спробы вырашыць гэтую праблему цягам апошніх гадоў былі звязаны найперш з папулярнай акцыяй "Ноч музеяў", прысвечанай Міжнароднаму дню музеяў. Менавіта пад час яе можна было назіраць за чэргамі і сапраўдным ажыятажам вакол надзвычай крэатыўных мерапрыемстваў гэтых устаноў культуры.
Акцыя дапамагла зразумець запатрабаванні патэнцыйных наведвальнікаў, адлюстравала іх інтарэс да новых метадаў папулярызацыі культурных здабыткаў... І вось - чарговы крок. Для прыцягнення працоўнай моладзі, больш сталых аматараў культуры і мастацтва, паводле слоў галоўнага спецыяліста ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай, з наступнага тыдня ў Мінску стартуе новая акцыя "Вечар у музеі". Творчы эксперымент будзе доўжыцца спярша цягам двух месяцаў. Калі вячэрніх наведвальнікаў будзе шмат, дык і многія іншыя музеі Беларусі мусяць перайсці на новы графік. За час правядзення акцыі раз на тыдзень кожны сталічны музей падоўжыць сваю працу да 21-й гадзіны. На жаль, у акцыі па аб'ектыўных прычынах не зможа паўдзельнічаць наш скансен - Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
А падрабязней даведацца, хто і па якіх днях будзе дзейнічаць у такім рэжыме, можна у дырэкцыях музеяў. Удзельнікі акцыі абяцаюць, што вячэрняя праграма не будзе адрознівацца ад дзённай: захаваюцца ўсе экскурсіі, лекцыі і выстаўкі. У той жа час, плануецца і шэраг цікавых мерапрыемстваў: сустрэчы з літаратарамі, мастакамі,музыкантамі, а таксама тэатралізаваныя пастаноўкі, прысвечаныя юбілеям гістарычных падзей. Па словах Святланы Гаўрылавай, вопыт правядзення такой акцыі ў нашай краіне мае Магілёўшчына, музеі якой улетку падаўжалі графікі сваёй работы. Як паведамілі нам у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, да лістапада гэты музей будзе прымаць наведвальнікаў да 20.00, а ў перспектыве можа далучыцца да рэспубліканскай акцыі. Бясспрэчна, важна і тое, каб інфармацыя пра акцыю стала вядомая многім. Для гэтага, як адзначыла Святлана Гаўрылава, будзе паказана адпаведная рэклама на айчынных тэлеканалах, да таго ж, кожны музей сам мусіць актыўна інфармаваць насельніцтва пра сваю дзейнасць. Бо, натуральна, у выйгрышы павінны застацца і музейныя супрацоўнікі, якія за прыцягненне значнай колькасці наведвальнікаў будуць мець і павышаны памер прэміі, што налічваецца з пазабюджэтных сродкаў. Арыфметыка тут - усім зразумелая. Адметна, што акцыя супала з аналагічным праектам маскоўскіх музейшчыкаў, дзякуючы чаму праз колькі месяцаў можна будзе параўнаць вынікі і сумесна абмеркаваць далейшыя шляхі папулярызацыі музеяў і мастацкіх галерэй.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"