Без “Я” крэатыву не бывае!

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

“Крэатыў” (ад англ. creative — творчасць, ад лац. creation — тварэнне, стварэнне) у параўнанні са словам “творчасць” мае, на наш погляд, больш глыбінную семантычную афарбоўку і цалкам канкрэтную дэфініцыю: вынік ці працэс работы па стварэнні прынцыпова новых ідэй, а таксама здольнасць да творчага пераадолення праблем, да пастаяннага ўдасканалення ўласнай працы. У дачыненні да сферы нацыянальнай культуры, якая цяпер распрацоўвае ўласную нішу эканамічнай самадастатковасці, гэты тэрмін, пагадзіцеся, павінен стала ўвайсці ва ўжытак беларускіх работнікаў культуры. І не дзеля глыбакадумных тэарэтычных разваг, а для канкрэтнага практычнага выніку. І прыкладаў таму, як паказвае наша сёлетняя рубрыка “Родная зямля: час крэатыву”, назапашана ўжо шмат. На іх падставе і паспрабуем скласці адмысловую Энцыклапедыю крэатыву, якая не прэтэндуе на ўсеабдымнасць, бо штодня паглыбляецца і пашыраецца — вамі, спрадвек незаспакоеныя работнікі культуры... Амбіцыйны праект.

 

А. Амбіцыйны - не значыць кепскі. Наадварот! Менавіта пачуццё прафесійнай годнасці падштурхоўвае да нараджэння і рэалізацыі ідэй, якія прыносяць сельскай культуры бюджэтаўтваральны плён. З рэалізаванага можна прывесці за прыклад стварэнне гасцініцы "Заезны двор", якая знаходзіцца на балансе Браслаўскага аддзела культуры (Віцебшчына) і якая з'яўляецца структурай мясцовага Музея традыцыйнай культуры (гл. "К" № 52 за 2008 г.). З перспектыўных і таксама досыць маштабных праектаў мы назвалі б рэканструкцыю Жыліцкага палаца, дзе Кіраўскі аддзел культуры (Магілёўшчына) апрача існуючых музея, бібліятэкі ды школы мастацтваў мяркуе размясціць праз час гасцініцу, кавярню і нават зімовы сад... Сапраўды, ці ж толькі Мірам і Нясвіжам слаўныя дасягненні нашых культасветнікаў?! Палац у вёсцы Жылічы таксама абяцае ў перспектыве прыносіць стабільны пазабюджэтны даход ("К" № 18 за 2009 г.).

Б. Брэндавасць рэгіёна. Запытайцеся ў любым кутку Беларусі: "Чым знакамітая Ветка?" Адказ пачуеце гарантавана аднастайны: "Музеем народнай творчасці!" Прысожскі райцэнтр, што на Гомельшчыне, мае выключна трывалы культурны брэнд. Прычыны гэтага "стварэння" тлумачыць кіраўнік славутай установы Галіна Нячаева: "Музей ствараюць асобы, якія рушаць навуку. Гэта першая ўмова. Другая і трэцяя - у тым, каб утрымліваць ва ўзорным стане камунальную гаспадарку ўстановы і падтрымліваць трывалыя творчыя стасункі з мясцовымі ўладамі" ("К" № 31 за 2009 г.). Калі ў вашым рэгіёне ёсць такія брэнды - неадкладна пішыце ў "К"!

 В. Віртуознасць. Гаворка не пра валоданне музычным інструментам. Гаворка - пра досвед шматвектарнага кіравання рэгіянальнай культурай. Начальнік аддзела культуры, як вядома, і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц: інакш кажучы, адказвае за матэрыяльную базу, рамонты клубаў і бібліятэк, за творчы складнік культурных мерапрыемстваў. І далёка не кожны віртуозна спалучае выкананне названых абавязкаў. Але ж і станоўчых прыкладаў - процьма. Узяць хаця б Брэстчыну. Начальнік Іванаўскага аддзела культуры Уладзімір Шэляговіч - віртуоз, бо па ўсіх кірунках дзейнасці мае нязменна добрыя вынікі. Ды плюс многае робіць для таго, каб узвесці музейны комплекс Напалеона Орды і адрадзіць сядзібу слыннага земляка (дарэчы, таксама падобраму амбіцыйныя праекты), што наўпрост паўплывае на развіццё бюджэтаўтваральнага раённага турызму ("К" № 33 за 2009 г.)... Не меншы віртуоз і начальнік Івацэвіцкага аддзела культуры Любоў Фосцікава, якая дбае не толькі пра песню і танец, але і пра планава-абавязковае асваенне грошай на рамонты ўстаноў культуры ("К" № 4 за 2009 г.)... Названых творцаў-гаспадарнікаў можна смела залічыць у "экспертны савет" нашага аддзела рэгіянальнай культуры. І такіх "навуковых кансультантаў" у газеты, на шчасце, не адзін дзесятак.

 Г. Гонар, грамадзянскасць. Літаральна кожны наш філарманічны, прафесійны тэатральны калектыў - яскравы доказ таго, што культурная народная дыпламатыя нашага мастацтва ўмацоўвае гонар Беларусі за мяжой. Але варта ўзгадаць і замежныя гастролі нашых самадзейных, аўтэнтычных калектываў. Мэр аднаго з гарадоў Літвы плакаў, пачуўшы выступленне народнага аматарскага калектыву "Незабудкі" Галавенчыцкага клуба народнай творчасці (Чавускі раён Магілёўшчыны), а потым доўга паціскаў рукі 80-гадовым выканальніцам. Кіраўніца ж гурта Надзея Казлова распавяла: "У нас, урэшце, не толькі творчыя абавязкі ёсць, але і грамадзянскія: і песню нашу адраджаем, і гонар дзяржавы за мяжой мацуем!" ("К" № 39 за 2008 г.) Запытаецеся: "Ну, і які тут крэатыў?" Ды самы непадманны! 50 гадоў таму такі гурт арганізаваць, падтрымаць яго і давесці да статуса нематэрыяльнай каштоўнасці было пад сілу не кожнаму рэгіёну.

Д. Драйв, дынамізм. У Гродзенскім раёне мясцовыя культасветнікі, пабачыўшы, як працуе фотакарэспандэнт "К" Юрый Іваноў, не маглі не ўстрымацца ад ацэнкі: "Нам бы такі дынамізм!" Іваноў сапраўды за адзін дзень здолеў сустрэцца з губернатарам, пераапрануць для святочнага кадра старшыню СВК "Свіслач" у Дзеда Мароза, сабраць творчую сям'ю Жукоўскіх (чатыры сыны ды восем унукаў) у матчынай хаце і прывезці ў вёску "песняра" Анатоля Кашапарава... Але і культурны драйв клубнікаў, бібліятэкараў ды музейшчыкаў падаўся тады не менш уражальным. Дамінантай святочнай дзеі яны абралі праваслаўныя і каталіцкія Каляды і прадэманстравалі пры гэтым цэлы каскад феерычных, сапраўды драйвавых мерапрыемстваў ("К" № 52 за 2006 г.).

Е. Еднасць памкненняў і дзеянняў. Цяжка ўявіць выніковую дзейнасць аддзела культуры без самага шчыльнага кантакту з раённымі ўладамі. Адзін з прыкладаў такога "каманднага" падыходу да вырашэння сацыяльна-культурных праблем можна пабачыць у Нясвіжскім раёне ("К" № 50 за 2007 г.). У выніку Дом культуры ў гарпасёлку Гарадзея ўпрыгожыў бы любы абласны цэнтр, а Цэнтр культуры ў аграгарадку "Навасёлкі" і СДК у аграгарадку "Лань" ніколі не пустуюць, бо кіраўніцтва Нясвіжчыны нават у сённяшні эканамічна неспрыяльны час усяляк падтрымлівае аддзел культуры: дапамагае з утрыманнем матэрыяльнай базы і з набыццём артыстычных касцюмаў для 13 народных, трох узорных і ўзорнага самадзейнага калектыву.

 Ё. Ёмістасць. Паняцце неабсяжнае, таму з выключнай дакладнасцю характарызуе прызначэнне работніка культуры, які, асабліва на вёсцы, адказвае за ўсё. Ёмістасць - гэта і важкасць слова, вымаўленага перад шматлікай аўдыторыяй, і паўнацэннасць грамадскага ўчынку, і паўнаважкасць (чытай: высокая прафесійнасць) канцэрта, дыскатэкі, тэатральнай дзеі, народнага абраду... Спасылак на канкрэтны нумар "К" не даём, бо артыкул пра ёмістых на слова і ўчынак, паўнавартасных і самадастатковых вы знойдзеце ў кожным нашым нумары.

Ж. Ж ы ц ц я д а й насць. Не намі сказана, што думка і слова - рэчы матэрыяльныя. І таму цалкам натуральным падаецца тое, што духоўнасць людзей перадаецца матэрыяльным аб'ектам. Адсюль - "намоленыя" іконы, якія выпраменьваюць энергію дабрыні. Тое ж - і з клубамі, бібліятэкамі, музеямі, тэатрамі... Бываюць яны "намоленымі", стваральнымі, гаючымі, жыццядайнымі, як храмы. А бываюць - і адваротныя з'явы. Але мы зараз не пра гэта. У вёсцы Літоўцы (Докшыцкі раён Віцебшчыны) мы пабачылі сельскі клуб і бібліятэку, якія месцяцца ў будынку колішняй недабудаванай лазні. "Пераарыентаваць" даўгабуд у аб'ект культуры дапамагло кіраўніцтва мясцовай сельскай гаспадаркі ("К" № 38 за 2007 г.). А вось хатняй утульнасцю і цеплынёй напоўнілі яе тутэйшыя культасветніцы. У ход пайшлі дыванкі, вышыўкі і вязанні ўласнага вырабу. Таму і выходзіць з таго клуба-бібліятэкі не хацелася... Дык што такое крэатыў у культасветдзейнасці? Жыццёвая патрэба любога прафесіянала. Інакш клубныя сцены так і застануцца "ненамоленымі".

З. Запатрабаванасць. Старшыня Чавускага райвыканкама распавядаў нам пра тое, што кожны работнік культуры павінен даказаць сваю патрэбнасць, і толькі тады любы ягоны слушны праект будзе ўсяляк падтрыманы. Словы - залатыя! І ў тых рэгіёнах, дзе культасветнікі скардзяцца, што сельская культура іхняя - у ролі падгаспадаркі, як ні круці, але проста не здолелі давесці сваю патрэбнасць. А чаго не хапіла? Крэатыву ў думках і ўчынках.

І. Інавацыя. Абазначае слова новаўвядзенне і абнаўленне, а таму з'яўляецца адным з сінонімаў тэрміна "крэатыў" (гл. уводную частку Энцыклапедыі). Цудоўны прыклад інавацыі: укараненне інфармацыйнага тэрмінала Нацыянальнага гісторыкакультурнага запаведніка "Нясвіж".

К. Крэда. Інакш кажучы - аснова светапогляду. Не кожны выпускнік ВНУ і ССНУ культуры, размеркаваны на сяло, дакладна выкажа светапогляднае бачанне свайго прафесійнага прызначэння. А гэтаму, мы перакананы, трэба вучыць. Бо лёс беларускай вёскі наўпрост залежыць ад яе сённяшняй і заўтрашняй культуры. І вытокі сапраўднай інтэлігентнасці - менавіта ў народнасці, у захаванні традыцыйнай нацыянальнай культуры. І толькі на гэтай урадлівай глебе прарасце важкі колас любой інавацыі. А беспрынцыпнасць - доля дачасніка. "Крэда прафесіяналаў", узнагароджаных нагрудным знакам Міністэрства краіны, прапануем на старонках гэтага нумара "К".

Л. Лабараторыя. Развіццё фальклору, краязнаўства, традыцыйных рамёстваў і г. д. немагчымае, на наш погляд, без навуковага сінтэзу і аналізу. Сям-там у музейных установах нашых рэгіёнаў можна адсачыць больш-менш навуковую планамернасць даследаванняў. А ці ёсць творчыя лабараторыі ў клубах, бібліятэках, дамах рамёстваў? Да прыкладу, пры Доме рамёстваў у Лепелі (Віцебшчына) такая лабараторыя дзейнічае ("К" № 13 за 2009 г.). У астатніх рэгіёнах функцыі "стратэгічных штабоў" навукова абгрунтаванай культасветы выконваюць хіба што метадычныя цэнтры. Ці не ў гэтым крэатыўнырэзерв далейшага ўдасканалення рэгіянальнай культуры?

М. М а б і л ь н а с ц ь . Першай і ўзорнай з'яўляецца тут Магілёўшчына. У кожным рэгіёне планава дзейнічае мабільная "трыяда": аўтаклуб, бібліобус, кінавідэаперасоўка. Іншыя вобласці, на жаль, толькі набліжаюцца да сённяшняй магілёўскай "аўта-явы".

 Н. Незаспакоенасць, неабыякавасць, няўрымслівасць. Ад паняццяў канкрэтных зноў пераходзім да азначэнняў абстрактных. Менавіта яны характарызуюць асобу, без наяўнасці якой пра крэатыў і думаць не варта.

 О. Ого! Менавіта такая глядацкая рэакцыя павінна суправаджаць кожны творчы крок культасветніка. Пры адсутнасці такой ацэнкі рэкамендуем работнікам культуры вывучыць нашу Энцыклапедыю на памяць.

П. Піар. Тут нельга не ўзгадаць дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Самы ёмісты інтэрнет-партал, магчымасць віртуальнай экскурсіі па залах і калідорах, найбагацейшы інфармацыйна-адукацыйны банк даных... Нездарма Пасяджэнне Канферэнцыі дырэктараў еўрапейскіх нацыянальных бібліятэк, якое прайшло днямі ў Мадрыдзе, было ўзрушана высокім узроўнем развіцця нашай галоўнай бібліятэчнай установы ("К" № 40 за 2009 г.)... А работнікам рэгіянальнай культуры раім: умейце сябе піарыць. Да вашых паслуг - наша тэматычная старонка "На людным месцы". Пішыце: інфармуйце, прапагандуйце ўласны досвед і родны рэгіён. Пра вашы пошукі на бясконцай прасторы крэатыву будзе ведаць краіна!

Р. Рэклама. Лагічны працяг "піару". Мы пісалі нядаўна пра "агрэсіўны маркетынг", які немагчыма наладзіць у музейнай справе без сучасных камп'ютэрных тэхналогій ("К" № 39 за 2009 г.). Праблема тут, як падаецца, больш шырэйшая: час ужо стварыць паўнавартасныя сайты аддзелаў культуры з максімальна поўнай і багата ілюстраванай інфармацыяй і пра аматарскія самадзейныя калектывы, і пра перспектывы культурнага забеспячэння рэгіянальнага турызму. Без усяго гэтага - якая гаворка пра развіццё пазабюджэтнай дзейнасці? Культурны сервіс павінен быць максімальна "навязлівым".

С. Сімбіёз, сінтэз. Будучыня, як падаецца, - за сінтэтычнымі відамі мастацтва. Уявіце, як "прагучыць" на рэгіянальнай сцэне сімбіёз кіно, тэатра і канцэртнай дзеі! Пакуль такі сцэнічны крэатыў давялося пабачыць у Чавускім РДК (Магілёўшчына) пад час святкавання 65-годдзя вызвалення краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 Т. Трэнд. Гэта агульная тэндэнцыя пры рознанакіраваным руху. Названая тэндэнцыя бывае ўзыходнай ды сыходнай, а таксама - бакавой. Так, у модзе трэнды могуць мець уласцівасці хуткаплыннасці, але, разам з тым, і паўтаральнасці. Можа, якраз на падобных уласцівасцях і варта сыграць работнікам культуры? Агульнымі тэндэнцыямі, да прыкладу, на Віцебшчыне стала адкрыццё новых дамоў рамёстваў, іх пашырэнне за кошт філіялаў ды выязных заняткаў, а таксама, калі казаць пра эканамічны аспект, развіццё сеткі салонаўкрам. Апошнія маюцца на Браслаўшчыне, Глыбоччыне, Лепельшчыне і ў іншых рэгіёнах вобласці.

У. Універсал. Час "практыкаў" (спецыялістаў без адукацыі) беззваротна мінае. Нават бібліятэкар сёння павінен валодаць азамі сацыялогіі, псіхалогіі, рэжысуры і маркетынгу. Толькі культасветнік-універсал здольны ўтварыць на сяле "культурную рэвалюцыю", прыдумаць свой аўтарскі праект, даказаць ягоную слушнасць і з гонарам і агульнай карысцю рэалізаваць.

Ф. Фірмовасць. Работу ўстановы культуры павінен вызначаць адметны, фірмовы стыль. Інакш кажучы, "фірмовы" - значыць "не фармальны". І прыкладаў такой фірмовасці шмат. Напрыклад, "Бездзежскі фартушок": і брэнд вёскі Бездзеж (Брэстчына), і назва мясцовага музея, і творчы грунт, і адна з дамінантаў творчай дзейнасці мясцовага аддзела культуры.

Х. Харызма. Тое, што мы называем "Божы дар". Тое, з чаго прарастае прызванне ўвогуле і прызванне работніка культуры ў прыватнасці. Харызматычны - значыць, таленавіты. Харызматычны - значыць, аўтарытэтны. І толькі такому спажывец культуры выкажа адназначную ацэнку: "Ого!".

Ц. Цэнаўтварэнне. Зноў вернемся да платных паслуг культуры. Колькі каштуе білет на дыскатэку? Вынік калькуляцыі залежыць ад "сюжэтных" складнікаў танцавальнага вечара: чым іх болей, тым большая цікаўнасць да мерапрыемства, не кажучы ўжо пра стабільнасць грашовых даходаў... Інакш кажучы, цэнаўтварэнне турбуе ў першую чаргу тых, хто дбае не пра ардынарную, а пра тэматычную дыскатэку. Словам, актыўнасць цэнаўтваральнага працэсу - лакмусавая паперка выніковай дзейнасці любога аддзела культуры. Да прыкладу, Слуцкага (Міншчына), дзе начальнік штодня падпісвае не адну калькуляцыю на правядзенне самых розных мерапрыемстваў.

Ч. Чуццё. Без гэтай якасці таксама няма прафесійнага работніка культуры. Адказ "А я не ў курсе" спажывец культуры ўспрыме як доказ культасветнай няздольнасці. Так што амбіцыйнаму культасветніку трэба нос дудою трымаць. І тут без чуцця на неабходнасць "здабычы" новых ведаў проста не абысціся. Таму і падпіска на самыя розныя метадалагічныя выданні павінна быць досыць саліднай, і прага да самаадукацыі няхай не чэзне. Бо ўсё гэта працуе і на вашу харызму, і на ваш будучы крэатыў.

 Ш. Шляхетнасць. Чытай: інтэлігентнасць, а значыць (даруйце за паўторы), народніцтва, трывалая грамадзянская пазіцыя і самаахвярнасць, без якой выніку на культурнай ніве не дасягнуць.

Э. Эксперымент. Хто не рызыкуе, той не выйграе. Таму любы эксперымент у сферы культуры толькі вітаецца. Хоць любы будучы поспех можна спрагназаваць з дапамогай менеджменту і маркетынгу. Але творчы эксперымент (як плён самай неўтаймаванай фантазіі) - планіда творцы, які ўзводзіць рызыку ў ранг мастацтва.

Ю. Юзер. Карыстальнік камп'ютэра. І без гэтага навыку цяпер таксама не абысціся. Пагадзіцеся, дадзеная аксіёма ў каментарыях патрэбы не мае.

Я. Самая галоўная літара ў нашай Э н ц ы к л а п е д ы і . Сказаўшы "Я", мы не толькі ўсведамляем сябе як асобу, але і нясём адказнасць за кожны свой творчы крок. На "Я" энцыклапедыя заканчваецца, з "Я" пачынаецца крэатыў.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"