У эпіцэнтры “экзамену на свята”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

Традыцыі святкавання, як і самі святы, у кожнай нацыі складаліся стагоддзямі. Але кожная новая эпоха ўносіла свае карэктывы. Сёння ж, можна сказаць, мы з’яўляемся сведкамі таго, як, падсумоўваючы многія ранейшыя традыцыі шэсцяў і гулянняў, паступова выяўляюцца рысы новых масавых святаў — святаў ХХІ стагоддзя. Штогод “сталіца” многіх такіх імпрэз “падарожнічае” па малых гарадах Беларусі. Але ўсё роўна кожная мясціна нашай краіны ў той ці іншай ступені “аглядаецца” на Мінск, і вопыт горада ў разнастайных святкаваннях становіцца карысным для іншых рэгіёнаў. Дык якія яны, сталічныя асаблівасці масавых святаў? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзіміра КАРАЧЭЎСКАГА і рэжысёраў, якія рэалізуюць свае ідэі на мінскіх пляцоўках.

 

/i/content/pi/cult/230/3115/12-2.jpg- Галоўнай асаблівасцю масавых святаў у Мінску, - распавёў Уладзімір Міхайлавіч, - трэба, пэўна, лічыць надзвычай вялікую колькасць людзей, прычым як сярод удзельнікаў, так і сярод гледачоў. Адно толькі шэсце да Дня Незалежнасці сабрала больш як 5 тысяч удзельнікаў! А публікі - увогуле не падлічыць! Бо акрамя мінчан на свята ў сталіцу імкнуцца многія жыхары Міншчыны. Дый з іншых рэгіёнаў часта прыязджаюць - цэлымі групамі. Часцей, канешне, моладзь, але апошнім часам такі адпачынак становіцца таксама сямейным і нават карпаратыўным: замаўляюць транспарт, прыязджаюць "на экскурсію", адпачываюць, рушаць дадому.

- Вядома, каб арганізаваць такую плынь людзей, патрэбны немалыя намаганні...

- Падключаем усе аддзелы гарвыканкама, шчыльна супрацоўнічаем са службамі бяспекі. Сёння, здаецца, ужо ўсе ведаюць: на такіх святах не прадаюцца алкагольныя напоі дый праход да месца гулянняў ажыццяўляецца праз спецыяльна абсталяваныя прапускныя пункты: мы павінны гарантаваць тым, хто прыйшоў, поўную бяспеку, абараніць іх ад непрыемных нечаканасцей. Спачатку, праўда, меры бяспекі выклікалі непаразуменне часткі публікі, але цяпер да іх ужо прызвычаіліся. Бо ўсе разумеюць: гэта робіцца не з чыёйсьці прыхамасці, а дзеля аховы і спакою грамадзян.

- Калі ў мінулыя дзесяцігоддзі асноўным месцам масавых святочных гулянняў станавіўся цяперашні праспект Незалежнасці, дык сёння - праспект Пераможцаў. Гэта таксама неяк паўплывала на святочныя традыцыі?

- Такую колькасць народу, як цяпер, можа вытрымаць хіба шырыня праспекта Пераможцаў. Асноўная святочная зона ахоплівае адлегласць ад гарадской Ратушы да стэлы "Мінск - горад-герой". Але гэта не перашкаджае ствараць і іншыя эпіцэнтры святочных падзей: ля Нацыянальнай бібліятэкі, на пляцоўцы перад Палацам культуры чыгуначнікаў, у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Пры гэтым кожная такая пляцоўка мае сваю мэтавую аўдыторыю, а значыць, і сваё, так бы мовіць, аблічча. Мы імкнёмся, каб там была прадстаўлена не гэткая жанравая "салянка", а своеасаблівы "клуб па інтарэсах". Таму ў святочнай сталіцы свядома ўзнікаюць такія зоны, як спартыўная, дзіцячая,маладзёжная, Горад майстроў і іншыя. Ахопліваем практычна ўсе групы насельніцтва.

/i/content/pi/cult/230/3115/12-3.jpg- Апошнім часам такія святы разрастаюцца па ўсім горадзе. І праводзяцца не толькі ў цэнтры, але і ў так званых "спальных раёнах"...

- Сапраўды, гэтая тэндэнцыя становіцца ўсё больш шырокай. Нават феерверкі пачалі адбывацца не толькі на асноўнай пляцоўцы, але і на дадатковых. І хаця большасць публікі па-ранейшаму выпраўляецца на праспект Пераможцаў, убачыць такія салюты можа кожны, хто захоча.

- Памятаю, як дзецьмі мы з бацькамі хадзілі на мост ля плошчы Перамогі і салют паглядзець, і святочную ілюмінацыю... Вядома, цяперашнюю колькасць ахвотных далучыцца да феерверкаў не змесціць ніякі мосцік праз Свіслач.

- Паступова складаюцца еўрапейскія традыцыі вулічных святкаванняў, разнастайных канцэртных, тэатралізаваных паказаў на адкрытым паветры. Але, забаўляючы, мы яшчэ і выхоўваем наведвальнікаў такіх святаў. Выхоўваем не толькі этычна, прывіваючы ім нормы паводзін на падобных мерапрыемствах, але і эстэтычна. Так, мы ўсё больш шчыльна супрацоўнічаем з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, Беларускім Дзяржаўным цыркам, артыстамі і творчымі калектывамі Белдзяржфілармоніі. Заўсёднікі маглі звярнуць увагу, што на адкрытым паветры гучыць усё больш музычнай класікі, цудоўных оперных галасоў. Такія "вулічныя прэзентацыі" аказваюцца карыснымі і самім тэатрам, прыцягваючы да іх цікавасць з боку самай рознай публікі, у тым ліку той, якая, можа, раней у тэатр і не наведвалася.

- Відавочна, што масавыя святы набываюць усё новыя адценні, штосьці з цягам часу змяняецца: адно застаецца, іншае - знікае...

 - Штораз, рыхтуючы свята, мы адчуваем сябе, як пад час экзамену: вельмі хвалюемся, ці атрымаецца ўсё, што задумалі, ці ўспрыме гэта публіка... Дый пасля святкавання не сядзім склаўшы рукі: праводзім "работу над памылкамі", гэткі "разбор палётаў". І надалей імкнёмся захоўваць усё толькі самае лепшае. А галоўнае - напоўніцу выкарыстоўваць напрацаваны вопыт узаемадзеяння паміж рознымі структурамі, арганізацыямі і калектывамі. Бо масавае свята - справа агульная.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"