“Не прыняты!..”

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

На родных вядомых і таленавітых людзей заўсёды ляжыць вялікі, але мала каму вядомы цяжар адказнасці. Мала хто ведае, колькі сіл, энергіі ідзе на тое, каб падтрымаць у цяжкую хвіліну, дапамагчы ў побытавых справах славутаму творцу, а пазней — захоўваць добрую памяць пра яго. Гэтыя словы — і пра сына Якуба Коласа, Данілу Канстанцінавіча Міцкевіча, заслужанага дзеяча культуры БССР.

 

/i/content/pi/cult/230/3113/14-4.jpgУ 2009-м Дзяржаўны літаратурнамемарыяльны музей Якуба Коласа святкуе 95-годдзе з дня нараджэння свайго першага дырэктара - Данілы Міцкевіча. Гэтай яркай асобе і прысвечана новая выстаўка "І паўтарыўся бацька ў сыне". Яго жыццё было знітавана з лёсам бацькі. Калі ішла Першая сусветная вайна, малы Даніла спаўна падзяліў з сям'ёй выпрабаванні тых цяжкіх гадоў. Ды ўсё ж з 1920-мі, часам беларусізацыі, як сведчыў сам Даніла Канстанцінавіч, звязаны яго першыя ўспаміны. Даніла Міцкевіч вучыцца ў вопытна-паказальнай школе пры педагагічным факультэце БДУ. Пасля сканчэння школы ён спрабуе паступіць у прафесійнае вучылішча металістаў, але яго не прымаюць як "элемент непралетарскага паходжання". Аднак Даніла Канстанцінавіч здолеў уладкавацца ў хімічную прафшколу, і менавіта з гэтай навукай звязаў сваё далейшае жыццё. У 1932 г. ён паступае на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які паспяхова скончыў у 1936-м. Як адзін з лепшых студэнтаў выпуску застаўся працаваць на факультэце асістэнтам, з 1939-га стаў выкладчыкам. У Мінску Даніла Канстанцінавіч жыў разам з бацькамі. Там ён назіраў за літаратурнай працай Песняра, сустракаўся са славутымі сябрамі і знаёмымі Коласа...

А ў гады Вялікай Айчыннай вайны ён працуе па сваёй навуковай спецыяльнасці: уладкоўваецца на хімічны факультэт Сярэднеазіяцкага універсітэта, працуе там над абарончымі распрацоўкамі. Летам 1943 г. Вярхоўны савет і Урад БССР запрасілі Данілу Міцкевіча на працу ў адноўлены БДУ, які знаходзіўся ў той час на станцыі Сходня пад Масквой. Там ён некалькі месяцаў займаў пасаду дэкана хімічнага факультэта, але ўжо ў маі 1944-га перайшоў на працу ў Інстытут хіміі Акадэміі навук. Пасля ж вызвалення Мінска Даніла Міцкевіч бадай што першым з сям'і Коласа вяртаецца на радзіму... Як і даваенная сядзіба Коласа, яго новы дом у двары галоўнага корпуса Акадэміі навук стаў адным з цэнтраў культурнага жыцця Мінска. Дарагімі і жаданымі гасцямі былі тут беларускія палітыкі, вучоныя, мастакі і, вядома ж, пісьменнікі- як старыя сябры і знаёмыя Песняра, так і іх маладыя пераемнікі: Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак... Сардэчны прыём тут атрымлівалі госці: Аляксандр Твардоўскі, Максім Рыльскі, Канстанцін Сіманаў...

/i/content/pi/cult/230/3113/14-3.jpgПасля смерці бацькі Даніла Міцкевіч у 1957 г. стаў першым дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа, і займаў гэтую пасаду да выхаду на пенсію ў 1980-м. Але да канца жыцця ён быў навуковым супрацоўнікам установы, актыўна ўдзельнічаў у яе жыцці. Праца над канцэпцыяй распачалася напрыканцы 1959 г. Тады Даніла Канстанцінавіч сабраў калектыў супрацоўнікаў, сфарміраваў фонды, стварыў экспазіцыю. Наогул, ён удзельнічаў у стварэнні трох экспазіцый музея. Менавіта яго намаганнямі музеефікаваны сядзібы на радзіме Коласа і адкрыты філіял на Стаўбцоўшчыне...

Адметна, што новая выстаўка экспануецца ў мемарыяльнай частцы музея, у кабінеце, які займаў Даніла Канстанцінавіч пры жыцці свайго бацькі. Тут прадстаўлены асабістыя рэчы першага дырэктара ўстановы, узнагароды, дакументы і фотаздымкі, рукапісы, падарункі, асабістыя рэчы, у тым ліку часу Вялікай Айчыннай вайны, арыгіналы дакументаў з жыцця Данілы Канстанцінавіча, прадстаўленыя яго дачкой: студэнцкі білет БДУ, дыплом... Можна ўбачыць і рукапісы ўспамінаў Данілы Міцкевіча. Вялікую каштоўнасць мае скульптура Якуба Коласа, створаная славутым скульптарам Заірам Азгурам і падораная аўтарам сыну паэта.

Аляксей ЛЕСІН, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

 На здымках: Д.К. Міцкевіч і двойчы Герой Савецкага Саюза П.І. Клімук у Коласавым садзе (1975 г.);

Д.К. Міцкевіч (злева), М.Д. Міцкевіч, М.К. Міцкевіч (другі справа) з сябрамі.