“...Цары” — у Спісе спадчыны

№ 41 (909) 10.10.2009 - 16.10.2009 г

З 28 верасня па 2 кастрычніка ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) прайшла IV Сесія Міжурадавага камітэта UNESCO па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца правадзейным членам гэтага камітэта да 2010 года.

 

Як паведаміла загадчык сектара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, рашэннем дадзенага Міжурадавага камітэта UNESCO ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, быў уключаны адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі - абрад "Калядныя цары" вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Гэты унікальны абрад, які ўтрымлівае ў сабе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы "Цар Максіміліян", характэрны толькі для гэтай вёскі. У ім удзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі (так званыя "цары"), апранутыя ў спецыяльныя касцюмы (белыя штаны, белыя сарочкі, падпяразаныя чырвонымі семежаўскімі паясамі з геаметрычным арнаментам. Такія ж паясы крыж-накрыж пазавязваны на грудзях кожнага "цара". На галовах - высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі). Працэсія "цароў" на Шчодры вечар (з 13 па 14 студзеня) наведвае дамы сялян і разыгрывае драму "Цар Максіміліян". Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома і абдорванне ўдзельнікаў абраду. З надыходам цемнаты "цары" запальваюць факелы, што надае абраду незвычайную відовішчнасць.

Наш кар.