Як паведаміла загадчык сектара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, рашэннем дадзенага Міжурадавага камітэта UNESCO ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, быў уключаны адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі - абрад "Калядныя цары" вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Гэты унікальны абрад, які ўтрымлівае ў сабе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы "Цар Максіміліян", характэрны толькі для гэтай вёскі. У ім удзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі (так званыя "цары"), апранутыя ў спецыяльныя касцюмы (белыя штаны, белыя сарочкі, падпяразаныя чырвонымі семежаўскімі паясамі з геаметрычным арнаментам. Такія ж паясы крыж-накрыж пазавязваны на грудзях кожнага "цара". На галовах - высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі). Працэсія "цароў" на Шчодры вечар (з 13 па 14 студзеня) наведвае дамы сялян і разыгрывае драму "Цар Максіміліян". Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў дома і абдорванне ўдзельнікаў абраду. З надыходам цемнаты "цары" запальваюць факелы, што надае абраду незвычайную відовішчнасць.
Наш кар.