Кнігі, мультымедыя і... “светлячкі”

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

“Асветнікі зямлі беларускай” — пад такой назвай напрыканцы верасня адбылося чарговае пасяджэнне клуба маральна-эстэтычнага выхавання “Светлячок” бібліятэкі аграгарадка “Кіраўскі” Віцебскага раёна, прысвечанае Тыдню беларускага пісьменства.

Пад час пасяджэння "светлячкі" пагарталі старонкі біяграфій слынных землякоў - Францыска Скарыны, Сімяона і Еўфрасінні Полацкіх, Кірылы Тураўскага, успомнілі балгарскіх першаасветнікаў Кірылу і Мяфодзія... Таксама пад час мерапрыемства адбываўся агляд новай літаратуры, была прадстаўлена кніжная выстаўка "Пад знакам Кірылы і Мяфодзія" з раздзеламі: "Праз смугу стагоддзяў да нас дайшло Слова", "Францыск Скарына - наш славуты Першадрукар", "Асветніца з роду Усяслава". Апошні з іх распавёў не толькі аб жыцці і дзейнасці Еўфрасінні Полацкай школьнікам, але і прадставіў цікавую і карысную інфармацыю чытачу даросламу. З дапамогай мультымедыйнага суправаджэння "светлячкі" змаглі прасачыць шлях кнігі: ад папіруса, пергаменту, берасцяных і гліняных табліц - да сучаснай прыгожай Яе Вялікасці Кнігі.
 Вольга ПАЛУНЧАНКА,
загадчык бібліятэкі аграгарадка "Кіраўскі" Віцебскага раёна