Ягайла і... закаханыя

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Супрацоўнікі Лідскага музея пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых форм работы з наведвальнікамі. Напрыклад, імі распрацаваны вясельны праект у сценах Лідскага замка — “Вяселле замка Сярэднявечча”, як ўваходзіць у праграму “Старадаўніх муроў адраджэнне” і паспяхова працуе ўжо не першы год.

/i/content/pi/cult/229/3105/11-4.jpgІ нездарма Лідскі замак так прываблівае маладых, бо менавіта тут у XV стагоддзі адбыліся святкаванні з нагоды шлюбу вялікага князя літоўскага, караля польскага Ягайлы. Нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце (мужу было за 70, а жонцы яшчэ не споўнілася 18 гадоў), Соф'я нарадзіла мужу трох сыноў. Маладым, разам з гасцямі, прапануецца наведаць вежу Лідскага замка, дзе на адным з паверхаў іх чакае накрыты стол у сярэднявечным стылі. Паверх асвятляецца пры дапамозе свечак, гучыць старадаўняя музыка - створана рамантычная атмасфера. Тут закаханыя нібыта апынаюцца ў XV стагоддзі, на вяселлі Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай. Далей гасцям прапануецца цікавая экскурсія, якая распавядае пра гісторыю замка. А закаханыя адпраўляюцца на фотасесію.
З адкрыццём у лістападзе 2008 года экспазіцыйных выставачных плошчаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея пачаў дзейнічаць таксама і праект "Сямейны партрэт на фоне гісторыі". А вынікам працы з маладымі парамі сталася незвычайная выстаўка пад назвай "Вясельны пярэпалах-2009", якая прайшла ў музеі. Гэта першая спроба на Гродзеншчыне стварыць падобную спецыялізаваную экспазіцыю. Выстаўка працавала цягам усяго трох дзён. Кожны адрозніваўся ад папярэдняга праграмай. Сярод іншага, наведвальнікаў чакала дэфіле ў вясельных строях, выступленні музычных, танцавальных калектываў, майстар-клас па вясельных прычосках, макіяжы, паказ анімацыйнай праграмы "Вяселле Ягайлы", розыгрыш дысконтных карт, шмат іншых мерапрыемстваў. Выстаўка знайшла свайго наведвальніка і, верагодна, зробіцца пастаяннай у музеі.

Наталля ХАЦЯНОВІЧ, галоўны захавальнік фонду Лідскага гісторыкамастацкага музея
 На здымку: пад час адной з шлюбных урачыстасцей.