Што гучала ў Ла Скала?

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Лёс чалавека — дзіўная рэч. Можна жыццё пражыць і не зразумець свайго сапраўднага прызвання, а можна ўжо, літаральна кажучы, нарадзіцца з адчуваннем любові да нейкай справы і з радасцю займацца ёю да апошніх дзён жыцця. Якраз другі варыянт цалкам пасуе расповеду пра асобу Лявона Мурашкі, вядомага опернага спевака, заслужанага дзеяча мастацтваў Літоўскай ССР, аднаго з актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў Літве.

 

/i/content/pi/cult/229/3102/14-1.jpg"Дырыжорскія" крокі

Музыка заўсёды была галоўнай справай яго жыцця. Зрэшты, яна пэўным чынам спрычынілася нават да яго з'яўлення на свет. Любоў да песні пазнаёміла яго бацькоў: Адама Мурашку, які паходзіў з сялянскай сям'і, і шляхцянку Аляксандру Сень-Сеневу. Адбылося гэта ў Слуцку, дзе Адам кіраваў царкоўным хорам, у якім спявала Аляксандра. Пасля рэвалюцыі сям'я перабралася ў Заходнюю Беларусь, у мястэчка Сіняўка на Клеччыне, дзе і нарадзіўся 27 жніўня 1924 года Лявон Мурашка. Ужо з трох-чатырох гадоў хлопчык прысутнічаў на рэпетыцыях царкоўнага хору, дзе спявалі маці і старэйшая сястра Зоя. У гэтым жа ўзросце Лявон збіраў суседскіх дзяцей, прасіў іх нешта выканаць, а сам спрабаваў дырыжыраваць. Аб першых "дырыжорскіх" кроках праз шмат гадоў ён прыгадваў з усмешкай. Аднак ужо ў шэсць гадоў пачаў спяваць у хоры, а ў дзесяць бацька даручыў яму выконваць галоўныя партыі. Пасля Адам Мурашка кіраваў хорам у Баранавічах, потым - у Клецку, а з 1937 г. сям'я пераехала ў Вільню, якая да канца жыцця стала для Лявона Адамавіча родным горадам. Лявон здаў экзамены ў Віленскую беларускую гімназію, аднак там не хапіла месцаў для ўсіх ахвотных, і хлопчык перайшоў у рускую прыватную гімназію імя А.Пушкіна. Акрамя вучобы, ён знаходзіў час для заняткаў вакалам, граў на народных інструментах, спяваў у хоры. На ўсё жыццё ён запомніў канцэрт Фёдара Шаляпіна, куды трапіў разам з бацькам. Было гэта ў 1937 г.: маэстра выконваў оперныя арыі, народныя песні і рамансы. Менавіта слухаючы гэтага выдатнага спевака Л.Мурашка ўсур'ёз задумаўся аб прафесійнай музычнай кар'еры. Праз шмат гадоў яго пачнуць называць беларускім Шаляпіным, але гэтаму папярэднічаў доўгі шлях

 Днём - лекцыі, увечары - канцэрты

Другая сусветная вайна, перадача Вільні Літве, далучэнне Літвы да СССР - усё гэта адбівалася на гімназістах, вучоба перапынялася. І толькі ў 1944 г. Мурашка змог вярнуцца да музыкі. Ён пачаў выступаць у ваенным ансамблі, а потым - у Беларускім ансамблі песні і танца, якім кіраваў Рыгор Шырма. У свой час гэты чалавек быў частым госцем у доме Адама і Аляксандры Мурашкаў, добра ведаў вакальныя здольнасці Лявона. І вось цяпер ён параіў юнаку працягваць вучобу і паступаць у кансерваторыю. Аднак вучобу давялося сумяшчаць з працай. Маці памерла яшчэ да вайны, а сядзець на карку ў бацькі, які зарабляў няшмат, Лявон не мог. Будучы студэнтам, ён пачаў спяваць у квартэце Вільнюскай філармоніі разам з М.Арцёменкам, Д.Рулінскім і М.Чартокасам. Днём - лекцыі, увечары - канцэрты. Нормы ў філармоніі былі вялікія, а зарплата - наадварот. Таму даводзілася старацца. Часта квартэт выязджаў на гастролі, запісваўся на радыё. Нягледзячы на такі напружаны графік, кансерваторыю Лявон скончыў, атрымаўшы дыплом з адзнакай. "...

А як спяваў старога генерала!"

16 лютага 1950 г. адбыўся яго дэбют на опернай сцэне. Пра той дзень Лявон Адамавіч прыгадваў: "Я ішоў па вуліцы, раптам пад'ехала машына, выйшла загадчыца літаратурнай часткі філармоніі і сказала, што мяне цэлы дзень шукаюць. Павінен быў ісці "Яўгеній Анегін". Партыю Анегіна спявае Павел Лісіцыян, які прыехаў з Масквы, а партыю Грэміна выконваць няма каму: артыст захварэў. І я адразу ж пагадзіўся. Па-першае, быў малады і смелы, а па-другое, вельмі хацеў трапіць у оперны тэатр". Дэбют аказаўся паспяховым, сведчаннем чаму сталі апладысменты гледачоў і падзяка маэстра Лісіцыяна: "Малайчына! Такі малады, а як спяваў старога генерала!" Студэнт пятага курса кансерваторыі быў залічаны салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Літоўскай ССР, якому аддаў 25 гадоў. За гэты час ён выканаў больш за 60 вядучых партый у 1500 оперных спектаклях. У "Казках Гофмана" Ж.Афенбаха Мурашка выконваў адразу тры ролі, пераўвасабляючыся пад час дзеі ў розных персанажаў. А оперу "Капельмайстар" Д.Чымароза знялі з рэпертуару тэатра пасля таго, як Лявон Адамавіч сышоў на пенсію: не было каму выконваць гэтую партыю. Уражвае і канцэртны рэпертуар спевака: на ягоным рахунку - звыш 6000 канцэртаў, з іх каля 500 - сольныя. Яму аднолькава добра даваліся песні савецкіх кампазітараў і рускія рамансы, класічныя творы і народныя песні. Л.Мурашка спяваў на дзесяці мовах, у тым ліку на беларускай, літоўскай, рускай, польскай, азербайджанскай. З гастролямі аб'ездзіў амаль увесь Савецкі Саюз. Даводзілася выступаць і на палявых пляцоўках, і на адкрытых грузавых машынах, і ў цесных залах маленькіх дамоў культуры. А пасля гэтага - гастролі ў Іспаніі, Югаславіі, Венгрыі, Польшчы, Германіі, Велікабрытаніі, Італіі, дзе голас нашага земляка гучаў у зале славутага Ла Скала.

Калі песня грэе сэрца

 Але галоўнай справай свайго жыцця Л.Мурашка лічыў царкоўную музыку. Ужо пенсіянерам ён спяваў у хоры сабора Святога Духа ў Вільнюсе, а неўзабаве стаў яго рэгентам. Невыпадкова, акрамя шматлікіх свецкіх узнагарод, Л.Мурашка быў уганараваны царкоўным ордэнам Святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага. Сваю беларускасць Лявон Адамавіч адчуваў заўсёды, хаця большая частка жыцця прайшла ў іншамоўным асяродку. У савецкі час ён належаў да віленцаў, вакол якіх гуртаваліся тыя, хто шанаваў родную мову, традыцыі. Стаўшы вядомым артыстам, з задавальненнем уключаў у свой рэпертуар беларускія песні. Як сам прызнаваўся: "Можна спяваць на любой мове - італьянскай, літоўскай, рускай, але песня на роднай - беларускай - грэе сэрца". У верасні 1996 г. па яго ініцыятыве ў Шальчынінкаі адбылося першае Свята беларускай песні ў Літве. Прычым на кожнае свята абавязкова запрашаюць і па сёння ансамблі з Беларусі. У студзені 1997 года яго абралі кіраўніком Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літоўскай Рэспублікі, якое аб'яднала 13 суполак беларусаў Літвы; з часам іх колькасць вырасла да 17. Як мог немалады ўжо чалавек займацца такой колькасцю спраў? На гэтае пытанне ён адказваў: "Такі рытм жыцця мне падабаецца. Адчуваю сябе патрэбным, а гэта ў маім узросце вельмі важна". У жніўні 2009 г. Лявон Адамавіч планаваў адзначыць 85-годдзе, рыхтаваў юбілейны канцэрт, але 9 сакавіка яго не стала. На смерць спевака адгукнуліся многія: дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, суполкі беларускай дыяспары, праваслаўная грамада Літвы, землякі з роднай Клеччыны...

 Андрэй БЛІНЕЦ,

навуковы супрацоўнік Музея гісторыі Клеччыны    

На фота: Л.Мурашка ў ролі Капельмайстра.