Камень-крыж каля Парыжа

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Многія чулі пра вёску Парыж, што ў Пастаўскім раёне, дзе пад час вайны 1812 года спыняўся Напалеон і дзе не так даўно ўсталявалі мясцовую “Эйфелеву вежу”. Але толькі адзінкі ведаюць, што недалёка ад вёскі, на полі каля мясцовых могілак, ляжыць загадкавы камень-крыж, які ў бліжэйшы час можа стаць месцам паломніцтва аматараў даўніны, шукальнікаў даўніны і скарбаў.

 

  Выявілі яго нядаўна вучні- удзельнікі навуковага краязнаўчага таварыства школьнікаў "Ювента" горада Паставы ў час адной са сваіх экспедыцый. Яшчэ двойчы маршруты вандровак пралягалі каля гэтага каменя, але загадка яго так пакуль і засталасянеразгаданай. Тых, хто бачыў гэты валун, інтрыгуе яго форма, але найбольш... Ды пра ўсё - па парадку. Сам камень параўнальна невялікі: вышыня - 77 сантыметраў, шырыня ў папярэчыне - 42 сантыметры, таўшчыня - 36 сантыметраў. Ствараецца ўражанне, што ён першапачаткова меў выяву ідала, стода.

На гэта паказвае купалападобная верхняя частка, якая нагадвае галаву, а выступы, што адыходзяць з двух бакоў, можна ўспрымаць не толькі як перакладзіну крыжа, але і як рукі. Яны невялікія - усяго па 7 сантыметраў. Гэта дае падставы вылучыць версію: даўнейшы паганскі ідал быў у часы хрысціянства краю абчасаны і перароблены ў крыж. На гэтую думку наводзіць і тое, што на пярэднім баку каменя існавала даволі густая серыя насечак і неглыбокіх адтулін, якія да сённяшняга дня захаваліся фрагментарна і не даюць магчымасці аднавіць у дэталях увесь малюнак. Прачытаць і зразумець высечаную кампазіцыю пакуль што не ўдалося, хоць у часе кожнай экспедыцыі аб'ект фатаграфаваўся з розных пунктаў і пад рознымі вугламі, рабіліся спробы вымаляваць абрысы, што на ім праглядаліся і намацваліся. Нібы дражнячы, валун паказваў усё новыя, не бачныя раней, насечкі і адтуліны. Атрымалася толькі зразумець, што кампазіцыю складаюць кола, крыжы і лініі: магчыма, гэта салярныя знакі, магчыма - сімвалы на надмагільным камені (жальніку). Хоць, напэўна, да суседняга могільніка як помнік валун дачынення не мае, і вось чаму. Вясковыя могілкі абсаджаны дрэвамі і вакол іх праходзіць канаўка, месцамі ўжо ледзь прыкметная, якая дакладна акрэслівае межы некропаля. Валун знаходзіцца па-за могілкамі. Ёсць і яшчэ адна акалічнасць, якая дапускае існаванне дахрысціянскай гісторыі гэтага каменнага крыжа: вакольная прастора літаральна насычана старажытнымі помнікамі.

У тутэйшай мясцовасці раней існаваў даволі вялікі курганны комплекс, які меў назву "валатоўка". На жаль, у 70-я гады ХХ стагоддзя ён быў знішчаны: зямлю з курганоў скарысталі на падсыпку дарогі. Па сведчаннях мясцовых жыхароў, у той зямлі час ад часу трапляліся вялікія чалавечыя косткі, значна большыя, чым у сучасных людзей, што яшчэ больш умацавала веру: у курганах пахаваны волаты. Адна з "валатовак", часткова пашкоджаная, знаходзіцца недалёка ад каменя-крыжа і могілак.

Да таго ж, на адлегласці двух кіламетраў на поўнач і на поўдзень знаходзяцца два адметныя высокія гарадзішчы, трохі бліжэй - старажытнае паселішча. Адно пералічэнне сведчыць пра тое, што мясцовасць насычана даўніной і захоўвае шмат таямніц. У тым ліку - і загадку каменя-крыжа...

Ігар ПРАКАПОВІЧ Паставы