Міжнародныя стасункі мацуюць міністры культуры

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

21 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца ХХІІ пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Члены названага Савета — міністры культуры краін, якія ўваходзяць у склад СНД. Старшынёй Савета абраны міністр культуры і турызму Азербайджана А.Караеў.

Дзейнасць Савета спрыяе вырашэнню пытанняў, звязаных з развіццём культурнага супрацоўніцтва ў рамках СНД, фармаваннем культурнай прасторы Садружнасці, а таксама разглядае праекты шматбаковых праграм у галіне культуры.Пра намер прыехаць у Мінск і ўзяць удзел у рабоце Савета па культурным супрацоўніцтве заявілі прадстаўнікі дзесяці дзяржаў: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Украіны.

На парадку дня пасяджэння — абмеркаванне больш чым дзесяці пытанняў. Сярод іх — стварэнне Асацыяцыі вышэйшых музычных навучальных устаноў, правядзенне V маладзёжных Дэльфійскіх гульняў.

Пасля пасяджэння адбудуцца двухбаковыя сустрэчы, падпісанне выніковага пратакола, прэс-канферэнцыі.

А на наступны дзень, 22 мая, як лагічны працяг пасяджэння Савета па культурным супрацоўніцтве, на Беларусі распачнуцца Дні культуры Азербайджанскай Рэспублікі. Урачыстая цырымонія адкрыцця пройдзе ў канцэртнай зале “Мінск”. Майстры мастацтваў Азербайджана прадставяць самабытнасць сваёй нацыянальнай культуры.

23 мая гала-канцэрт у рамках Дзён культуры Азербайджана пройдзе ў Бабруйску. А ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў гэты дзень адкрыецца выстаўка азербайджанскага жывапісу.

Дні культуры Азербайджана завершацца 24 мая. Госці наведаюць Нацыянальную бібліятэку Беларусі і мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

 Паводле інфармацыі
 Міністэрства культуры РБ