Але раптам Пушча ўзрывалася...

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Сёння — 3 кастрычніка — Белавежская пушча святкуе 600-годдзе ўстанаўлення запаведнага рэжыму. Гісторыя славутага цягам стагоддзяў ляснога масіву складаецца з незвычайных і драматычных падзей, пра якія неаднойчы пісалі гісторыкі, журналісты і даследчыкі. Але ж ёсць сярод жыццёвага летапісу запаведнага лесу і малавядомыя старонкі. Менавіта да іх “К” і паспрабавала звярнуцца ў гэтыя дні. Аб’ектам увагі нашага карэспандэнта абраны перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі Белавежская пушча знаходзілася пад варожай акупацыяй. Што пагражала славутаму лясному масіву і ці ўдалося выйсці Пушчы да Перамогі без страт? На гэтыя пытанні мы і паспрабавалі знайсці адказы.

 

Частка I

/i/content/pi/cult/229/3099/15-1.jpg Трэба прызнацца, што мне неверагодна пашчасціла: менавіта пад час майго візіту ў Нацыянальны парк у навуковым аддзеле ішла праца над унікальным беларускім выданнем пра славуты запаведнік. Да публікацыі рыхтаваўся пераклад з нямецкай мовы манаграфіі "Мара аб першабытным лесе", прысвечанай гісторыі Пушчы ў ракурсе руска-нямецкіх, савецка-нямецкіх стасункаў,- сумесная праца двух даследчыкаў Вячаслава Семакова і Валерыя Рыпергера. Кніга сёлета ўжо ўбачыла свет у Германіі, і, нарэшце, Нацыянальны парк завяршыў працу над яе перакладам на рускую мову. Чым жа унікальнае гэтае выданне?

 Інфармацыя, прадстаўленая ў ім, збіралася даследчыкамі цягам некалькіх гадоў. Валерый Рыпергер адшукваў звесткі ў нямецкіх архівах, Вячаслаў Семакоў - вядомы знаўца Пушчы, навукоўца, які прысвяціў не адно выданне славутаму лесу, - у расійскіх і беларускіх. Далей Вячаслаў Васільевіч аб'яднаў назбіраны матэрыял, далучыўшы да яго новыя, знайдзеныя за апошні час, факты і дакументы. На жаль, Вячаслаў Семакоў, які шмат гадоў з'яўляўся намеснікам генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку па навуковай працы, сышоў з жыцця некалькі месяцаў таму. Але яго праца засталася, і жонка беларускага даследчыка, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку Ганна Дзянгубенка пазнаёміла чытачоў "К" з навуковай спадчынай мужа - матэрыяламі будучай кнігі.

 ***

 Магчыма, лёс Белавежскай пушчы пад час вайны склаўся б інакш, але сваю ролю ў жыцці лесу сыграў Герман Герынг. Рэйхсмаршал авіяцыі, стваральнік і кіраўнік паветранай гвардыі рэйха "Люфтвафе", заснавальнік тайнай паліцыі гестапа і першых канцэнтрацыйных лагераў, "паклаўшы вока" на запаветныя абшары ў 30-х гадах, марыў зрабіць у Белавежы паказальную паляўнічую гаспадарку. Апантаны паляўнічы, ён хацеў далучыць да тагачаснай тэрыторыі Пушчы яшчэ 100 кв. км і на злучаных частках стварыць аптымальныя ўмовы для пражывання мядзведзяў, рысяў, ваўкоў, глушцоў, зуброў, аленяў, ласёў і нават заняцца адраджэннем першабытных быкоў - тураў. Забягаючы наперад, адзначым, што штосьці з гэтых планаў Герынгу ўдалося ажыццявіць. Але, як сведчыць гісторыя, намеры рэйхсмаршала ажыццяўляліся шляхам гвалту. І задумы "нацыста № 2" вызначылі асаблівую палітыку ў дачыненні да Пушчы. З першых дзён яе акупацыі ў запаведніку былі ўведзены новыя парадкі і жорсткі рэжым аховы тэрыторыі. Аднак перш чым Герынг пачаў ператвараць свае мары ў жыццё, яго салдатам давялося адкрыць для сябе знакаміты лясны масіў з іншага боку: не толькі як унікальны прыродны аб'ект, "смачны кавалачак" для развіцця паляўнічай гаспадаркі, але і месца жорсткага супраціўлення, акрэсленае адным з гітлераўцаў як

 "Зялёнае пекла"./i/content/pi/cult/229/3099/15-2.jpg

 "К" ужо неаднойчы пісала пра тое, як пачыналася вайна на тэрыторыі Савецкага Саюза. Ужо 22 чэрвеня пяхотныя дывізіі вермахта апынуліся перад слынным запаведнікам. За першыя гадзіны вайны ў Пушчы сабраліся ўсе савецкія войскі, якім удалося выжыць. Гэта былі невялікія часткі Чырвонай Арміі - падраздзяленні, якія апынуліся ў акружэнні і вырашылі змагацца да апошняга. Колькасць тых груп - абаронцаў Пушчы значна саступала ў колькасці гітлераўскім сілам, але ж гэта не перашкодзіла акружэнцам ператварыць "зялёны храм" для ворагаў у "зялёнае пекла". Захаваліся ўспаміны нямецкіх салдат, якія апісвалі тыя баі ў Белавежскай пушчы як сутыкненне з непадуладнай стыхіяй. "Гушчар - амаль непраходны. Паваленыя ствалы дрэў, часткова згніўшыя, часткова яшчэ зялёныя, грувашчыліся вышынёй у метр, стваралі хаос, і гэта пужала радавых матарызаванай пяхоты, - узнаўляў абстаноўку тых дзён адзін з акупантаў-гітлераўцаў у сваіх запісах.

- Папараць шчыльна ахутвала дрэвы, і святло станавілася рассеяным. Паветра было цяжкім, задушлівым, гнілым, было цяжка дыхаць. З'яўлялася адчуванне, што праціўнік адступіў перад перавагай сілы. Але раптам пекла ўзрывалася". Адрэзаныя нямецкімі войскамі ад сваіх, савецкія змагары вялі барацьбу супраць ворага без надзеі на выжыванне. І тактыка раптоўных нападзенняў у сітуацыі, якая склалася, была натуральнай і дакладнай: на пад'язных дарогах акружэнцы зладжвалі добра замаскіраваныя кулямётныя гнёзды; на верхавінах дрэў хаваліся снайперы, - атрымлівалася лінія фронту ў лясной вайне, з чым вермахт да той пары не сутыкаўся. Нямецкія сухапутныя войскі не маглі эфектыўна выкарыстоўваць артылерыю, танкі і авіяцыю, было немагчыма скарэкціраваць агонь. Тады ў ход пайшла тактыка засад "зондэркаманд" лясной і егерскай службаў, калі дыспазіцыя войскаў змянялася, зыходзячы з абстаноўкі. Гэта была страшная гульня ў "коткі-мышкі", якая кожнаму, хто прайграў, каштавала жыцця. Абаронцы Пушчы пастаянна змянялі месца дыслакацыі і зноў, карыстаючыся перавагамі лесу, нападалі на ворага. Гітлераўцы ў адказ зноў і зноў прачэсвалі лясы, пакуль не знаходзілі савецкіх салдат. Сутычка пераходзіла ў бліжні бой - чалавек супраць чалавека, - і так паступова ў жорсткіх баях вораг праходзіў углыб Пушчы. Ахвярамі той нябачнай і малавядомай лясной вайны станавіліся і мясцовыя жыхары, якія выпадкова траплялі пад прыцэл фашыцкіх захопнікаў. "Лес быў поўны трупаў", - так казалі пра той час сведкі, якім удалося выжыць.

/i/content/pi/cult/229/3099/15-3.jpgПраз 40 гадоў

 На дадзены момант вядомы тры прозвішчы савецкіх герояў - абаронцаў Белавежскай пушчы, якія сталі сімвалам савецкага супраціўлення ў запаведніку: гэта Жакен Байсамбекаў, Акцюбакбар Махмудаў і Ілля Ганчароў. Тры кулямётчыкі 49-й стралковай дывізіі 333-га палка на цэлыя суткі спынілі рух грузавых машын на адрэзку дарогі Камянюкі - Белавежа. Змагары прынялі бой супраць значных сіл праціўніка 27 чэрвеня 1941 года. Падбіўшы нямала варожай тэхнікі і зніштожыўшы каля двух дзесяткаў гітлераўскіх салдат, яны спынілі прасоўванне нямецкіх войскаў. Няхай толькі на адной дарозе. І няхай толькі на суткі. Двое з траіх загінулі, адзін быў цяжка паранены, але выжыў, дзякуючы дапамозе мясцовых жыхароў. Старажылы кажуць, што хтосьці з вяскоўцаў пасля бою схаваў Іллю Ганчарова - а гэта быў ён - на сваім хутары. Тое, што баец застаўся ў жывых, дало магчымасць данесці гісторыю подзвігу нашчадкам. На жаль, далейшы лёс кулямётчыка застаўся невядомым. Цікава, што і імёны адважных абаронцаў удалося ўстанавіць толькі праз 40 гадоў пасля заканчэння вайны, дзякуючы карпатліваму пошуку "чырвоных следапытаў".

 Але адразу ж пасля вайны безыменным тады героям устанавілі помнікі: на тым месцы, дзе кулямётны разлік прыняў няроўны бой, - абеліск, у выглядзе чырвонай зоркі, і ля ўвахода ў Нацыянальны парк - скульптура кулямётчыка на гранітным пастаменце. Апошні мемарыял неаднойчы рэканструяваўся ў мінулым стагоддзі. Сёлета ж, у год 600-годдзя запаведнага рэжыму, помнік праходзіць новы этап рэканструкцыі з мэтай усталявання гістарычнай справядлівасці: на ім павінны з'явіцца імёны герояў. Таксама важным пытаннем застаецца і месца размяшчэння мемарыяла: ля галоўнага ўвахода або ў спакойным ландшафце, у атачэнні дубоў і ясеняў, якія, неаспрэчна, ведаюць пра тыя падзеі больш, чым мы. Бо вайна пакінула пасля сабе "помнікі" рознага кшталту: не ўсе кулі, якія выпусцілі фашысты ў мірных жыхароў і абаронцаў Пушчы, дасягнулі мэты. Многія з іх заселі ў ствалах дрэў, камусьці, магчыма, выратаваўшы жыццё. І як тады не далучыць да абаронцаў сваёй зямлі гэтыя магутныя дубы, урачыстыя грабы ці трапяткія бярозкі? І схіліцца перад імі ў паклоне...

 ***

Апошні жорсткі бой з прымяненнем цяжкай артылерыі і танкаў адбыўся на ўсходняй ускраіне Пушчы. Невялікае падраздзяленне савецкай арміі трымалася да апошняга ля вёскі Папелава ў "абароне" дрыгвы і каналаў...

(Працяг будзе.)

P.S. Калі вярстаўся нумар, нам стала вядома, што манаграфія "Мара аб першабытным лесе" ў перакладзе на рускую мову выйшла ў свет.  

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"