Аб'ектам мастацкага даследавання "Тэхна-арту" з'яўляецца жалеза. Як рудакоп прыкладае намаганні, дабываючы зпад зямлі жалезную руду, пераплаўляючы бясформенную масу ў вольны ад прымешак метал, такім чынам і тэхнамастак, які творча працуе з навакольным асяроддзем, ператварае эмоцыі, уражанні, настрой у чысты вобраз тэхнамастацтва. "Жалеза" "Тэхна-арту" прадстаўлена работамі вядомых беларускіх мастакоў Уладзіміра Цэслера, Вадзіма Качана, Андрэя Шчукіна, Валерыя Вядрэнкі, Юрыя Васільева, Віталя Раковіча, Аляксандра Шчэпетава, Аляксандра Некрашэвіча, Сяргея Стэльмашонка, Сяргея Ждановіча ды іншых. Экспануюцца работы ў наступных накірунках тэхна-арту: 3D-анімацыя, камп'ютэрная графіка, лічбавы мантаж, жывапіс, арт-аб'екты.