Чаму старэюць людзі?

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Прэм’ерным спектаклем з такой назвай адкрыў новы сезон Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Зрэшты, гэта аказалася далёка не адзінае пытанне, што прагучала на адрас прэм’еры.

/i/content/pi/cult/229/3090/8-2.jpgП'есу "адкрыў" рэжысёр спектакля Аляксей Ляляўскі, які распавёў, што гэты тэкст - самы першы варыянт вядомай дзіцячай п'есы Анатоля Вярцінскага "Дзякуй, вялікі дзякуй!", які ён знайшоў у архівах свайго бацькі Анатоля Ляляўскага. У свой час гэты варыянт быў "забракаваны" і лёг у рэжысёрскі архіў як не надта адпаведны для дзіцячай аўдыторыі: маўляў, не хапала аптымізму і жыццесцвярджальнасці. На сцэну ж выйшла толькі трэцяя перапрацоўка - больш правільна-выхаваўчая, з пункта гледжання тагачасных ідэолагаў тэатра. Сёння ж інтарэс Аляксея Ляляўскага прыцягнула першакрыніца, якая, пры ўсёй сваёй структурнай выбудаванасці і знешняй прастаце тэкставай канструкцыі, і сапраўды можа падацца даволі жорсткай і безапеляцыйнай у адносінах да яе герояў. Але ці павінен тэатр быць адно толькі лагодным да сваіх гледачоў, думаючы, як іх добра пазабаўляць і не закрануць іх глыбінных эмоцый і пачуццяў? Зрэшты, яшчэ адна рыса рэжысуры Аляксея Ляляўскага, што ярка праявілася ў спектаклі, - максімальная свабода выбару, якую ён "дае" сваім персанажам.

Ён не падзяляе іх на "добрых" і "дрэнных", што нібыта павінна аблягчыць гледачам успрыняцце маралі фіналу. Яго бачанне вобразаў у нечым набліжаецца да чэхаўскага: перад намі - далёка не ідэальныя істоты, але кожная з іх спалучае ў сабе як агіднае, так і лірычнае, як недалёкасць пэўных жыццёвых пазіцый, так і амаль тыпізаваную пазнавальнасць. Пры гэтым рэжысёр не адмаўляе ім у праве на існаванне, хаця і ставіцца да гэтых істот з пэўнай літасцю. І як жа не пашкадаваць іх, нягеглікаў з доўгімі рукамі, выцягнутымі абезаблічанымі тварамі і "бесхрыбетнай" пластыкай, якую забяспечваюць ім людзі ў белых халатах (мастак - Таццяна Нерсісян). "Гульню-пярэварацень" рэжысёр працягвае з намі на ўзроўні бітвы Дабра і Зла. І як тэатральная правакацыя, пакліканая прымусіць нас саміх выбраць, чый бок прыняць, выглядаюць суадносіны сіл: неверагодна наіўны і просталінейны ў сваіх жыццёвых перакананнях Рыгорка (Цімур Муратаў), што ідзе па жыцці прама і проста ў бой, бы той салдацік, а побач з ім - іранічны Змей-ліхадзей (Аляксандр Васько), які адкрыта дэкларуе сваю моц і кажа: што крыўдзіць людзей найперш з пагарды да іх, бо добра ведае, што апошняе слова - за ім.

Зрэшты, так яно і становіцца: рэжысёрская рука не ўзнімаецца да "хэпіэнду", які нібыта павінен наступіць у выніку бітвы Дабра са Злом. Аляксей Ляляўскі не дазваляе сабе падманваць юных гледачоў, абяцаючы ім безагаворачную перамогу Рыгоркі і ягонай веры ў тое, што за дабро трэба плаціць дабром. На жаль, кажа ён, у жыцці "хэпі-энды" сустракаюцца надзіва рэдка... Як зазначалі пасля прэм'еры тэатральныя крытыкі, у апошнія гады ніводзін з сучасных беларускіх тэатраў, не толькі лялечных, але і драматычных, не асмельваўся паставіць перад сваімі гледачамі падобнае пытанне рубам. Але яшчэ большую смеласць праявілі сталічныя лялечнікі, даючы на сваё пытанне адказ са сцэны проста, канкрэтна, не хаваючыся за прыгожа-абстрактныя метафары і філасофскія разважанні пра сэнс жыцця: "Чаму людзі не зважаюць на тое, што згода будуе, а нязгода руйнуе? І бачыць нават не жадаюць, з-за чаго іх век хутка мінае, чаму з іхніх сэрцаў цеплыня знікае..."