Канвенцыя УНІДРУА: плюсы для нашых каштоўнасцей

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

4 мая ў рэдакцыйнай зале “Культуры” адбыўся “круглы стол” па тэме: “Канвенцыя УНІДРУА аб скрадзеных або незаконна вывезенных культурных каштоўнасцях: ці мэтазгодна далучацца да яе Беларусі?”. У выніку далучэння да Канвенцыі УНІДРУА наша краіна атрымала б пэўныя перавагі ў справе захавання ўласных культурных каштоўнасцей, але таксама мусіла б ускласці на сябе пэўныя абавязкі перад краінамі-ўдзельніцамі Канвенцыі.

Гэтыя пытанні абмяркоўвалі за “круглым сталом” старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО Уладзімір ШЧАСНЫ, першы сакратар галоўнага дагаворна-прававога ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Святлана КАРПУШЫНА, загадчык сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь Наталля ХВІР, загадчык кафедры Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублiкi Беларусь Ірына ПЕТРЫК, дэпутат, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Аляксандр ШАЦЬКО, начальнік аддзела нетарыфных мер, экспартнага і валютнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублiкi Беларусь Алег ФЯДОТАЎ, супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублiкi Беларусь Генадзь ПАДБЯРЭЗНЫ, старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела дагаворна-прававой работы ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь Марына ВЯТОХІНА і пракурор аддзела па наглядзе за следствам органаў унутраных спраў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Валерый КОРАНЕЎ. Вяла пасяджэнне рэдактар аддзела гісторыі і краязнаўства газеты “Культура” Святлана ІШЧАНКА.


 /i/content/pi/cult/115/309/Schasny.jpg
Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Нядаўна адзначалася 60-годдзе з дня ўтварэння ЮНЕСКО. Паводле ўсеагульнага прызнання, найбольшых поспехаў гэтая вядомая міжнародная арганізацыя дасягнула ў справе захавання сусветнай культурнай спадчыны. Плёнам норматворнай дзейнасці ЮНЕСКО сталі 8 міжнародных дамоў аб ахове культурнай спадчыны: Канвенцыя аб ахове культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту (1954 года); Пратакол да Канвенцыі аб ахове культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту (1954 года); Другі пратакол да Гаагскай Канвенцыі аб ахове культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту (1999 года); Канвенцыя аб мерах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконнага ўвозу, вывазу і перадачы права ўласнасці на культурныя каштоўнасці (1970 года); Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны (1972 года); Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003 года); Канвенцыя аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (2005 года); Канвенцыя аб ахове падводнай культурнай спадчыны (2001 года).

Паколькі наша краіна больш за 50 гадоў з’яўляецца членам ЮНЕСКО, яна далучылася да ўсіх гэтых канвенцый, акрамя апошняй. З усіх краін СНД мы ратыфікавалі найбольшую колькасць канвенцый аб ахове спадчыны, і на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Мы страцілі надта шмат сваёй культурнай спадчыны, таму мусім займацца яе захаваннем самым сур’ёзных чынам. І вось яшчэ адна Канвенцыя такога кшталту, да якой Беларусь пакуль не далучылася, — Канвенцыя УНІДРУА. Мы ясна ўсведамляем усе перавагі, і, можа быць, некаторыя негатыўныя аспекты гэтай канвенцыі. На рабочай нарадзе Міністэрства замежных спраў большасць прысутных выказалася за далучэнне да яе. Сённяшні “круглы стол” патрэбны не толькі для таго, каб вызначыць мэтазгоднасць далучэння да Канвенцыі УНІДРУА, але і падумаць, якім будзе механізм падрыхтоўкі гэтага далучэння і затым — ажыццяўленне прынцыпаў гэтай Канвенцыі. Мінуў ужо той час, калі некаторыя краіны, у тым ліку і наша, падпісвалі ці ратыфікоўвалі канвенцыі і, здаралася, … “забывалі” пра іх. Мы павінны дакладна ўсведамляць, што, далучыўшыся да пэўнай канвенцыі, мусім выконваць і яе літару, і дух. Таму давайце зараз уявім сабе ўсе магчымыя наступствы далучэння Беларусі да Канвенцыі УНІДРУА, а потым ужо разам прымем канкрэтнае рашэнне. Дзякуючы захадам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы Міністэрства замежных спраў накіравала на стажыроўку ў Міжнародны інстытут па уніфікацыі прыватнага права Святлану Карпушыну, дзе яна мела магчымасць не толькі дэталёва азнаёміцца з палажэннямі Канвенцыі УНІДРУА, але і правесці сустрэчы з супрацоўнікамі Інстытута і незалежнымі экспертамі, у тым ліку з Расійскай Федэрацыі, якія выказалі свае погляды на пытанні аб удзелеў гэтай Канвенцыі. Таму я хацеў бы зараз даць слова Святлане Аляксееўне.


 /i/content/pi/cult/115/309/Svetlana-Karpushina.jpg
Святлана КАРПУШЫНА:

— Міжнародны інстытут па уніфікацыі прыватнага права — гэта міжурадавая міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае больш за 60 дзяржаў. Канвенцыя УНІДРУА 1970 года распрацоўвалася Інстытутам па просьбе ЮНЕСКО, каб урэгуляваць пытанні, не ахопленыя Канвенцыяй ЮНЕСКО аб мерах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконнага ўвозу, вывазу і перадачы права ўласнасці на культурныя каштоўнасці. Абедзве гэтыя канвенцыі выкарыстоўваюць адзіную тэрміналогію. Але адна з пераваг Канвенцыі УНІДРУА ў тым, што яна вызначае прававыя рамкі аховы не толькі тых культурных каштоўнасцей, якія належаць дзяржаве, але і тых, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях. Паколькі ў нашай краіне далёка не ўсе культурныя каштоўнасці, на жаль, пастаўлены на дзяржаўны ўлік, цэлы пласт спадчыны застаецца неабароненым. Гэта і ўласнасць калекцыянераў, і культурныя каштоўнасці ў культавых установах (храмах). Ёсць і другі плюс Канвенцыі УНІДРУА: калі Канвенцыя 1970 года належыць пераважна да галіны публічнага права, дык Канвенцыя УНІДРУА закранае і пытанні прымянення іншаземнага права, такім чынам рэгулюючы прыватнаправавыя аспекты міжнароднай аховы культурных каштоўнасцей. Патлумачу на прыкладзе. Існуюць дзве прававыя сістэмы: кантынентальнае і агульнае права. І падыход да абароны правоў уласнікаў у гэтых дзвюх сістэмах розніцца. Тыя, хто мае справу з абаротам культурных каштоўнасцей на міжнародным рынку, часта выкарыстоўваюць гэтыя адрозненні. Сістэма кантынентальнага права абараняе правы добрасумленнага пакупніка ў любым выпадку, незалежна ад таго, набыў ён культурную каштоўнасць у асобы, якая мела права ёю валодаць ці не мела. А дзяржавы сістэмы агульнага права прытрымліваюцца правіла, што пакупнік не можа атрымаць сапраўднага права ўласнасці на каштоўнасць, калі прадавец сам не меў такога права на яе. Канвенцыя УНІДРУА накіравана якраз на тое, каб забяспечыць узаемадзеянне гэтых дзвюх сістэм, вызначыць агульныя правілы для дзяржаў-удзельніц Канвенцыі ў галіне вяртання скрадзеных або незаконна вывезеных культурных каштоўнасцей.

 Яшчэ хочацца сказаць аб тэрмінах, вызначаных Канвенцыяй УНІДРУА для патрабавання вяртання скрадзеных культурных каштоўнасцей або прад’яўлення просьбы аб вяртанні незаконна вывезеных культурных каштоўнасцей. Гэта тры гады з моманту, калі стала вядома, дзе і ў каго знаходзіцца скрадзеная рэч, і 50 гадоў з моманту крадзяжу.Але, мабыць, будзе заўважана, што гэта не супадае з нашым існуючым заканадаўствам, бо ў ім такіх абмежаванняў няма. З аднаго боку, звужэнне часавых рамак можна палічыць мінусам Канвенцыі УНІДРУА, але з іншага — яно павінна заахвочваць уласнікаў скрадзеных каштоўнасцей да больш актыўных захадаў па іх вяртанні. Супярэчнасці ж з айчынным заканадаўствам пераадольваюцца шляхам ратыфікацыі, калі ў гэтым зацікаўлены адпаведныя дзяржаўныя органы.Яшчэ адна важная ўмова Канвенцыі УНІДРУА — кампенсацыя добрасумленнаму ўладальніку. Калі перад купляй культурнай каштоўнасці ён наводзіў усе магчымыя даведкі і быў упэўнены ў законнасці яе продажу, яму будзе выплачана кампенсацыя. Гэта ўскосна падштурхоўвае як пакупнікоў, так і гандляроў да больш упарадкаваных дзеянняў на рынку культурных каштоўнасцей, што датычыць не толькі прыватных калекцыянераў, але і музеяў. А дзяржавы Еўрасаюза даўно жывуць па падобных правілах, бо на яго тэрыторыі з 1993 года дзейнічае Дырэктыва, што тычыцца вяртання культурных каштоўнасцей, якія былі незаконна вывезены з тэрыторыі дзяржаў-удзельніц ЕС, і пэўная частка палажэнняў гэтай Дырэктывы супадае з палажэннямі Канвенцыі УНІДРУА.

Такім чынам можна канстатаваць, што механізм дзеяння Канвенцыі выпрабаваны на практыцы. Я лічу, што нам таксама варта падумаць аб далучэнні да Канвенцыі УНІДРУА.

Калі я размаўляла з распрацоўшчыкамі Канвенцыі, яны патлумачылі, што сама па сабе яна не прадастаўляе больш правоў для абароны культурных каштоўнасцей у параўнанні з той абаронай, якую дзяржава павінна сама забяспечыць для сваёй спадчыны.

Канвенцыя ЮНЕСКО 1970 года і Канвенцыя УНІДРУА ўзаемадапаўняюць адна адну, таму ў 2005 годзе ЮНЕСКО звярнулася да краін з просьбай афармляць свой удзел адразу ў дзвюх гэтых канвенцыях. І ў 2006 годзе Новая Зеландыя адгукнуласяна гэты заклік.

Канвенцыя УНІДРУА закранае інтарэсы дзяржаў-экспарцёраў і імпарцёраў культурных каштоўнасцей. Рэспубліку Беларусь можна аднесці да абедзвюх гэтых катэгорый. А вось ЗША, Велікабрытанія, Японія краіны, дзе культурныя каштоўнасці пераважна “асядаюць”. Таму яны не спяшаюцца афармляць удзел у Канвенцыі УНІДРУА. Але дзяржавам лягчэй наладжваць стасункі на міжнародным рынку культурных каштоўнасцей, калі ёсць агульныя правілы, паводле якіх яны могуць абараняць правы сваіх музеяў і прыватных калекцыянераў таксама.

Мы, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў, зыходзілі з таго, што, з улікам геаграфічнага размяшчэння Беларусі, яе адкрытых межаў з Расійскай Федэрацыяй, нам будзе карысна далучыцца да Канвенцыі УНІДРУА.

Канвенцыя УНІДРУА не мае зваротнай сілы. Гэта значыць, што яе дзеянне распаўсюджваецца толькі на тыя культурныя каштоўнасці, якія былі скрадзены або вывезены пасля ўступлення яе ў сілу на тэрыторыі пэўнай краіны, што становіцца яе ўдзельніцай. Мы не можам прымяніць гэтую Канвенцыю, напрыклад, для вяртання каштоўнасцей, вывезеных падчас Другой сусветнай вайны. Напярэдадні “круглага стала” мы апыталі ўсе прадстаўленыя тут дзяржаўныя арганізацыі, і ніхто не выказаўся супраць удзелу ў Канвенцыі УНІДРУА. Прапануем зараз абмеркаваць больш вузкія аспекты Канвенцыі і засяродзіць увагу на праблематычных для нас момантах.


 /i/content/pi/cult/115/309/Sveta-Ischenko.jpg
Святлана ІШЧАНКА:

— Ці ёсць прыклады, калі краіны-ўдзельніцы Канвенцыі УНІДРУА паспяхова вярталі свае культурныя каштоўнасці з яе дапамогай?


Святлана КАРПУШЫНА:

— Я задавала гэтае пытанне ў Інстытуце. Але пакуль такіх прыкладаў у дэпазітарыя Канвенцыі няма, хаця краіны-ўдзельніцы могуць паведамляць яму пра такія выпадкі. Гэта значыць, што або прэцэдэнтаў пакуль не было, або краіны-ўдзельніцы не паведамлялі аб іх. Хаця мне трапілася публікацыя аб тым, як Швейцарыя, якая падпісала Канвенцыю УНІДРУА, але не ратыфікавала яе, пры разглядзе справы аб вяртанні культурных каштоўнасцей з Францыі спасылалася на гэтую Канвенцыю як на “мяккае права”.


 /i/content/pi/cult/115/309/Irina-Petrik.jpg
Ірына ПЕТРЫК:

— Я хацела б зрабіць дапаўненне аб часавых рамках вяртання культурных каштоўнасцей, якія вызначае Канвенцыя УНІДРУА.

У артыкуле 3 пункце 4 ёсць заўвага, што патрабаванні аб рэстытуцыі культурнай каштоўнасці, якая з’яўляецца неад’емнай часткай якога-небудзь помніка або археалагічнай мясціны ці належыць да публічнай калекцыі, не падпадае пад дзеянне часавых абмежаванняў. У артыкуле 8 у дадатак названы каштоўнасці для рытуальных абрадаў, якія прыраўноўваюцца да публічных калекцый. І яшчэ важна, што, паводле Канвенцыі УНІДРУА, працэдура вяртання культурных каштоўнасцей можа адбывацца не толькі на дзяржаўным узроўні. У адпаведнасці з палажэннямі раздзела 2 патрабаванне аб вяртанні можа абвясціць сам калекцыянер-грамадзянін дзяржавы, дзе дзейнічае Канвенцыя УНІДРУА. Гэта яшчэ адзін крок на шляху дэмакратызацыі грамадства, што трэба вітаць. Далей яшчэ гаворыцца, што Канвенцыя УНІДРУА павінна дзейнічаць або на тэрыторыі дзяржавы-істца, або дзяржавы-адказчыка, калі каштоўнасці скрадзены. А калі яны незаконна вывезены, для іх вяртання трэба, каб Канвенцыя УНІДРУА дзейнічала ў абедзвюх краінах. У раздзеле 5 (артыкул 16) гаворыцца, што падчас падпісання Канвенцыі УНІДРУА дзяржава ўжо можа прымаць патрабаванні аб рэстытуцыі ці просьбу аб вяртанні культурных каштоўнасцей, і ўказваюцца кампетэнтныя органы, куды яны могуць быць накіраваны. Канвенцыя ЮНЕСКО 1970 года патрабавала ад краін-удзельніц выпрацаваць правілы перамяшчэння культурных каштоўнасцей праз мяжу. Канвенцыя УНІДРУА мае на ўвазе, што гэтыя правілы ўжо існуюць, і даецца вызначэнне: незаконна вывезеныя культурныя каштоўнасці — гэта тыя, якія вывозяцца ў парушэнне дадзеных правілаў. Нашай краіне трэба глядзець у будучае, ісці ўперад, а не спыняцца на ахове толькі тых культурных каштоўнасцей, якія зарэгістраваны ў Дзяржаўным спісе.


Святлана КАРПУШЫНА:

— Заўважу, што Канвенцыя УНІДРУА рэгулюе якраз не пошук, а толькі працэс вяртання культурных каштоўнасцей. Правільна казала Ірына Леанідаўна: патрабаванне аб вяртанні скрадзеных культурных каштоўнасцей можа прад’явіць і прыватная асоба, а што тычыцца незаконнага вывазу каштоўнасцей — просьба робіцца ўжо толькі ад імя дзяржавы.


Святлана ІШЧАНКА:

— Наколькі заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны гатова да прыняцця Канвенцыі УНІДРУА? Ці патрабуе яно дапрацоўкі ў мэтах яго гарманізацыі з артыкуламі Канвенцыі?


 /i/content/pi/cult/115/309/Natallya-Hvir.jpg
Наталля ХВІР:

— Сапраўды, Міністэрства культуры распрацавала шэраг нарматыўна-прававых актаў з нагоды прыняцця новага варыянта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. Але калі будзе неабходна, пэўныя карэктывы адносна Канвенцыі УНІДРУА ў Закон будуць унесены. Хочацца дадаць, што на сёння ніхто не праводзіць маніторынг таго, як ажыццяўляецца праца па ўжо ратыфікаваных Беларуссю канвенцыях ЮНЕСКО. Лічу, што неабходна стварыць структуру, якая б займалася менавіта гэтымі пытаннямі.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Я думаю, што калі прынцыпы ўсіх гэтых канвенцый стануць часткай нашага нацыянальнага заканадаўства, у такім маніторынгу ўжо не будзе патрэбы. Бо ёсць кампетэнтныя дзяржаўныя органы, якія адказваюць за выкананне заканадаўства.


 /i/content/pi/cult/115/309/Vladimir-Shetko.jpg
Аляксандр ШАЦЬКО:

— Змены ў заканадаўстве — гэта досыць сур’ёзная праблема. Патрэбна жаданне зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў арганізаваць працоўную групу па ўнясенні змен у дзейнае заканадаўства. У прыватнасці, можна было б прыйсці да кансэнсусу з Канвенцыяй УНІДРУА па тэрмінах даўнасці вяртання каштоўнасцей. Мне хацелася б пачуць і пра адмоўныя бакі ратыфікацыі дадзенай Канвенцыі.


Святлана КАРПУШЫНА:

— У 2004 годзе Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры ўжо рыхтавалі пакет дакументаў для далучэння да Канвенцыі УНІДРУА. Міністэрства юстыцыі, даючы заключэнне аб адпаведнасці нацыянальнага заканадаўства палажэнням Канвенцыі, указала на некаторыя супярэчнасці ў тэрмінах і на адсутнасць у нашым заканадаўстве рэгулявання пытанняў рэстытуцыі.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Наша краіна робіцца і імпарцёрам культурных каштоўнасцей. Дарэчы, калі вы ўвозіце ў Беларусь каштоўнасць і не збіраецеся яе вывозіць, можна яе і не дэклараваць на мяжы, а калі ёсць намер у далейшым яе вывезці, то лепей, каб у будучым пазбегнуць праблем, адразу пры ўвозе запоўніць дэкларацыю. Мне імпануе паняцце “добрасумленны пакупнік”, бо калі жыхар Беларусі давядзе, што не скраў каштоўную рэч, а набыў яе за мяжой у антыкварнай краме і прывёз у сваю краіну законным чынам, ён, з пункта гледжання Канвенцыі УНІДРУА, мае права на кампенсацыю і атрымлівае званне “добрасумленнага пакупніка”, што з пазіцый маралі немалаважна.


Ірына ПЕТРЫК:

— У Канвенцыі ЮНЕСКО 1970 года таксама ёсць паняцце “добрасумленны пакупнік”, але, у адрозненне ад Канвенцыі УНІДРУА, не агавораны парадак кампенсацыі. І яшчэ істотная перавага Канвенцыі УНІДРУА— у адрозненне ад Канвенцыі 1970 года, яна на першае месца ставіць не ўладальніка, а культурную каштоўнасць: “уладальнік культурнай каштоўнасці, якая была скрадзена, абавязаны яе вярнуць” (раздзел 2, артыкул 3, пункт 1).


 /i/content/pi/cult/115/309/Valery-Korenev.jpg
Валерый КОРАНЕЎ:

— Культурныя каштоўнасці, якія незаконна перавозяцца транзітам праз тэрыторыю Беларусі, абарочваюцца ў даход нашай дзяржавы. Але калі мы далучымся да Канвенцыі УНІДРУА, гэтыя каштоўнасці давядзецца вяртаць?


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Дык гэта добра для нашай дзяржавы, што яна будзе выконваць міжнародныя правілы. Гэта на карысць прэстыжу краіны.


Святлана ІШЧАНКА:

— Наколькі часта зараз мытнікі выяўляюць спробы незаконнага вывазу ці транзіту праз нашы дзяржаўныя межы культурных каштоўнасцей?


 /i/content/pi/cult/115/309/Oleg-Fedotov.jpg
Алег ФЯДОТАЎ:

— З 1 студзеня гэтага года па сёння канфіскаваны па крымінальных і адміністратыўных справах 515 прадметаў, якія ўяўляюць сабой культурную каштоўнасць, на суму звыш 173 мільёнаў беларускіх рублёў. У параўнанні: з 1 студзеня па 1 мая 2006 года былі спынены спробы вывезці толькі 20 такіх прадметаў. Можна казаць аб рэзкім росце затрыманняў і эфектыўнай працы Дзяржаўнага мытнага камітэта ў гэтым накірунку.

Найчасцей мытнікам даводзіцца сутыкацца з кантрабандай рускіх абразоў, вырабаў з уральскіх самацветаў, старадаўняй зброі.


Святлана ІШЧАНКА:

— А які ў дадзены час існуе парадак перамяшчэння культурных каштоўнасцей праз мытную мяжу Беларусі?


Ірына ПЕТРЫК:

— Парадак перамяшчэння ўказаных груп культурных каштоўнасцей праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь найперш вызначаецца: законамі “Аб культуры” ад 4 чэрвеня 1991 г. (у рэдакцыі 2004 г. артыкул 37) і “Абахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” ад 9 студзеня 2006 г. (артыкул 35); Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2006 г. № 435 “Аб некаторых пытаннях перамяшчэння музейных прадметаў і (або) музейных калекцый праз мяжу Рэспублікі Беларусь”; пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 1997 г. № 218 “Аб устанаўленні забарон і абмежаванняў на перамяшчэнне тавараў праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь”; ад 18 ліпеня 2006 г. № 906 “Аб некаторых пытаннях вывазу за мяжу Рэспублікі Беларусь культурных каштоўнасцей”; пастановай Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2005 г. № 56 “Аб вывазе культурных каштоўнасцей і копій архіўныхдакументаў”.

Так, напрыклад, вываз за межы Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаных у Дзяржаўны спіс, забараняецца. Часовы вываз дапускаецца толькі ў межах міжнароднага культурнага абмену і ў выпадку ўзброеных канфліктаў. Умовай часовага вывазу гісторыка-культурных каштоўнасцей за мяжу Рэспублікі Беларусь з’яўляецца пісьмовы дазвол Міністэрства культуры (“Пасведчанне на права вывазу (перасылкі) культурных каштоўнасцей з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”) па форме, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2006 г. № 906. Афармляюць і выдаюць пасведчанне мастацтвазнаўцы-эксперты Міністэрства культуры.Умовай вывазу за межы мытнай тэрыторыі Беларусі культурных каштоўнасцей, не ўключаных у Дзяржаўны спіс, а таксама тых, якія не складаюць музейны, архіўны і бібліятэчны фонды Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца наяўнасць дазволу (пасведчання) Міністэрства культуры.Для разгляду пытання . перевод документов с апостилем. аб вывазе такіх культурных каштоўнасцей за мяжу Рэспублікі Беларусь юрыдычная або фізічная асоба падае ў Міністэрства культуры заяву адвольнай формы з указаннем мэты вывазу прадмета (вываз на пастаяннае захоўванне або часовы вываз за мяжу Рэспублікі Беларусь) і краіны назначэння, два экземпляры фатаграфіі найбольш характэрнай праекцыі дадзенага прадмета памерам 10 х 15 см, а пры неабходнасці — сам прадмет (прадметы) і (або) спіс прадметаў у двух экземплярах.Па выніках разгляду заявы эксперт прымае адно з рашэнняў: аб магчымасці вывазу культурнай каштоўнасці за мяжу Рэспублікі Беларусь; аб тым, што перамяшчаемы прадмет не належыць да катэгорый культурных каштоўнасцей, вываз якіх за мяжу Рэспублікі Беларусь абмежаваны; аб забароне вывазу культурнай каштоўнасці.

Калі прымаецца рашэнне аб магчымасці вывазу культурнай каштоўнасці за мяжу Рэспублікі Беларусь, заявіцелю выдаецца пасведчанне ў трох экземплярах: адзін для заявіцеля, другі выдаецца заявіцелю для прад’яўлення і передачы мытным органам, трэці (кантрольны) застаецца ў Міністэрстве культуры. Пасведчанне можа выдавацца як на асобны прадмет, так і на калекцыю.

Калі перамяшчаемы прадмет не належыць да катэгорыі культурных каштоўнасцей, вываз якіх забаронены, эксперт на фатаграфіях прадмета або на спісе прадметаў ставіць штамп “Дазволена да вывазу з Рэспублікі Беларусь” з указаннем даты прыняцця рашэння і подпісам эксперта. Адзін экземпляр фатаграфіі або спісу выдаецца на рукі заявіцелю, другі захоўваецца ў справах Міністэрства культуры разам з заявай на працягу аднаго года.

У выпадку прыняцця рашэння аб забароне вывазу культурнай каштоўнасці пасведчанне не выдаецца. Вываз за мяжу Рэспублікі Беларусь культурных каштоўнасцей без выканання прадпісанняў Палажэння аб парадку вывазу культурных каштоўнасцей забаронены.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Думаю, варта змясціць у газеце “Культура” адрас, куды можна будзе звярнуцца для атрымання такога пасведчання.


Наталля ХВІР:

— Выдачай такіх пасведчанняў займаецца аддзел мастацтвазнаўцаў-экспертаў па перамяшчэнні культурных каштоўнасцей праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь. Ён знаходзіцца па адрасе: Мінск, вуліца Дуніна-Марцінкевіча, 4, корпус 2.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Міністэрства замежных спраў даўно ўжо гаворыць аб тым, што варта выпрацаваць механізм, у адпаведнасці з якім мы маглі б пасля пэўнага перыяду ці выканання пэўных правілаў лічыць сябе паўнапраўнымі ўладальнікамі затрыманых на мытні каштоўнасцей. І выкарыстоўваць іх у нацыянальных інтарэсах — у прыватнасці, для абмену на культурныя каштоўнасці, якія ўяўляюць для нас цікавасць. Напрыклад, вядома, што ў запасніках некаторых расійскіх музеяў захоўваюцца дзесяткі слуцкіх паясоў. А ў нас затрымліваецца такая колькасць рускіх абразоў, якая нам, у прынцыпе, не патрэбна. І можна было б ажыццявіць важны для нашай культуры абмен, але для гэтага мы мусім давесці, што з’яўляемся законнымі ўладальнікамі затрыманых каштоўнасцей. І, магчыма, такі механізм з’явіцца якраз у выніку далучэння да Канвенцыі УНІДРУА.


Ірына ПЕТРЫК:

— Цяпер каштоўнасці, затрыманыя беларускімі мытнікамі, паводле рашэнняў спецыяльнай камісіі пры Міністэрстве культуры, размяркоўваюцца па музеях і іншых культурных установах на часовае захаванне.

Мытныя органы робяць запыты па месцы паходжаннягэтых рэчаў, асабліва ў Расію. Але найчасцей аказваецца, што каштоўнасці не зарэгістраваны, іх уладальнікі не знаходзяцца. Таму часовае захаванне ператвараецца ў доўгачасовае.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Ратыфікацыя Канвенцыі УНІДРУА дасць магчымасць вырашыць і гэтую праблему?


Ірына ПЕТРЫК:

— Я мяркую, што так. Бо калекцыянер, у якога, напрыклад, скралі калекцыю прадметаў, якія ўяўляюць культурную каштоўнасць, нават незарэгістраваную, можа са сведкам, які пацвердзіць яго валоданне гэтай калекцыяй, зрабіць запыт у кампетэнтныя органы краіны, дзе знаходзіцца ў дадзены час яго калекцыя, і атрымае права вярнуць сваю маёмасць.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Хачу акцэнтаваць вашу ўвагу вось на чым. У Беларусі — дастатковая колькасць калекцыянераў, чые прыватныя калекцыі нідзе не зарэгістраваны, але там ёсць досыць каштоўныя рэчы. І я думаю, што ратыфікацыя Канвенцыі УНІДРУА падштурхне іх зарэгістраваць свае зборы, у якіх захоўваюцца сямейныя рэліквіі, набытыя законным чынам рэчы. Дасюль яны нідзе не паведамлялі звестак аб сваіх каштоўнасцях, бо вельмі баяцца іх крадзяжу і вывазу.


Ірына ПЕТРЫК:

— Новы Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” кажа, што, калі культурныя каштоўнасці прыватнага калекцыянера ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, яны цалкам падпадаюць пад дзяржаўную ахову. Калі ж не ўключаны, але калекцыя зарэгістравана, уладальнік можа яе экспанаваць і карыстацца правамі, прадастаўленымі яму Законам “Аб культуры”. Ужо больш за 10 калекцыянераў паставілі свае зборы на ўлік у Нацыянальным мастацкім музеі.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Але, наколькі я разумею, Канвенцыя УНІДРУА дазваляе і ўладальніку незарэгістраванай калекцыі адрасаваць у кампетэнтныя органы краіны, дзе знаходзіцца скрадзеная ў яго каштоўнасць, патрабаванне аб яе вяртанні. У Святланы Карпушынай ёсць цікавая інфармацыя на гэтую тэму.


Святлана КАРПУШЫНА:

— У Мінску з’явілася ТАА “Тэхналітэкс”, якое прапануе як дзяржаўным музеям, так і прыватным калекцыянерам рабіць нябачную маркіроўку прадметаў сваіх калекцый. Гэта не рэгістрацыя.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Гэта вельмі дорага каштуе.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Думаю, што многія калекцыянеры, якія трацяць вялізныя грошы на набыццё ўлюбёных рэчаў, выкарыстаюць магчымасць канфідэнцыяльнай маркіроўкі. Гэта цывілізаваны падыход да захавання культурных каштоўнасцей.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— У Веткаўскім рэгіёне ў прыватнай уласнасці знаходзіцца шмат унікальных стараверскіх ікон, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Некаторыя абразы належаць стараверскім суполкам, і яны маглі б сабраць грошы на іх маркіроўку, але, пакуль мы не далучыліся да Канвенцыі УНІДРУА, ці ёсць у гэтым сэнс?


Святлана ІШЧАНКА:

— Існуе міжнародны стандарт ідэнтыфікацыі культурных каштоўнасцей, каб у выпадку іх знікнення інфармацыя аб пошуку была аператыўна перададзена ў міжнародныя следчыя службы, напрыклад, у Інтэрпол. Ці складаюцца апісанні нашых культурных каштоўнасцей у адпаведнасці з міжнародным стандартам?


Ірына ПЕТРЫК:

— Існуе Банк даных аб унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцях з іх фатаграфіямі, апісаннем, гістарычнымі і культуралагічнымі данымі.


Наталля ХВІР:

— Але такія апісанні ў асноўным складзены для матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей (помнікаў архітэктуры), а на матэрыяльныя рухомыя каштоўнасці такіх поўных звестак, на жаль, у Банку няма.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Ды паколькі няма электронных даных аб нацыянальных рухомых каштоўнасцях, якім чынам мытнікі змогуць аператыўна вызначыць, напрыклад, ці належыць да культурных каштоўнасцей карціна, якую спрабуюць правезці праз дзяржаўную мяжу без даведкі Міністэрства культуры, ці, што можа здарыцца, па падробнай даведцы?


Алег ФЯДОТАЎ:

— Мытнікі здольны на месцы заўважыць падробку дакументаў. Пры гэтым у спрэчных выпадках, калі не ўяўляецца магчымым адназначна аднесці вывазімы прадмет да катэгорыі культурных каштоўнасцей, далучаюцца ўпаўнаважаныя Міністэрствам культуры эксперты-мастацтвазнаўцы для прыняцця канчатковага рашэння аб магчымасці вывазу такога прадмета. Акрамя таго, у дадзены час актыўна ўкараняецца сістэма электроннага дэкларавання, у межах якой пасведчанні на вываз культурных каштоўнасцей будуць даводзіцца да ведама мытных органаў у электронным выглядзе. Гэта дазволіць сфарміраваць электронную базу даных выдадзеных пасведчанняў на вываз культурных каштоўнасцей, на аснове якой мытныя органы змогуць ажыццяўляць дадатковы кантроль.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Але можа здарыцца ўсякае. Напрыклад, высветліцца, што нейкая культурная каштоўнасць была незаконна вывезена і апынулася ў іншай краіне. Ці дапаможа нам яе вярнуць удзел у Канвенцыі УНІДРУА?


Валерый КОРАНЕЎ:

— Механізм вяртання скрадзеных прадметаў распрацаваны на аснове некалькіх канвенцый. Прывяду прыклад. Міністэрства ўнутраных спраў працяглы час выступала за распрацоўку для краін СНД нарматыўных дакументаў па вяртанні скрадзенага транспарту. Звычайна тыя, хто ненаўмысна набываў скрадзеныя аўтамабілі, ніякай судовай кампенсацыі не атрымлівалі. Але ад крадзяжу транспарту церпяць прыватныя асобы, а тут ідзе размова аб культурных каштоўнасцях. Пытанне аб магчымасці ратыфікацыі Канвенцыі УНІДРУА неаднаразова абмяркоўвалася ў Пракуратуры, Міністэрстве ўнутраных спраў, і былі зроблены высновы, што гэтая Канвенцыя ніякім чынам не супярэчыць нашым Крымінальнаму і Адміністратыўнаму кодэксам.


Марына ВЯТОХІНА:

— Мы згодны падтрымаць далучэнне да Канвенцыі УНІДРУА. А калі спатрэбіцца ўносіць змены ў заканадаўства — гэта і добра, яно павінна ўдасканальвацца, а не стаяць на месцы.


 /i/content/pi/cult/115/309/Genadz-Padbyarezny.jpg
Генадзь ПАДБЯРЭЗНЫ:

— Несумненна, Канвенцыя УНІДРУА патрэбна. Мы ж, як Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляем меры па прафілактыцы, папярэджванні і спыненні спроб незаконнага вывазу гісторыка-культурных каштоўнасцей за межы нашай дзяржавы.

Так, у 2006 годзе ў выніку прафілактычных мер нашы супрацоўнікі не дапусцілі вывазу за мяжу 53 пісьмовых дакументаў XVII— XVIII стагоддзяў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. Паводле заключэння экспертаў, яны ўтрымліваюць унікальныя звесткі пра жыццё Вялікага княства Літоўскага, а таксама вельмі рэдкі, адзін з некалькіх захаваных да нашых дзён, подпіс Льва Сапегі. У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей гэтыя рукапісы не значыліся…

Для павышэння эфектыўнасці абароны такіх каштоўнасцей бачыцца мэтазгодным у артыкуле 228 “Кантрабанда” Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вылучыць культурныя каштоўнасці ў асобную группу або стварыць для іх спецыяльны артыкул. Пры гэтым кіравацца не коштам, а даўнасцю іх паходжання і значэннем гэтых каштоўнасцей для нашай спадчыны. Варта зыходзіць з досведу краін СНД і, у прыватнасці, Расіі.

Трэба таксама шырэй выкарыстоўваць магчымасці СМІ для павышэння ўзроўню прававой культуры насельніцтва, для выхавання пашаны да нацыянальных рэліквій, каб пры жаданні прадаць каштоўныя рэчы іх уладальнікі звярталіся найперш у дзяржаўныя ўстановы.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— На парадку “круглага стала” абвяшчаліся два асноўныя пытанні. Першае: ці варта Беларусі далучацца да Канвенцыі УНІДРУА. Мяркую, што тут мы прыйшлі да супольнага станоўчага рашэння. Другое пытанне: хто будзе афіцыйна рыхтаваць пакет дакументаў для ратыфікацыі Канвенцыі?


Святлана КАРПУШЫНА:

— Ратыфікуе Канвенцыю Парламент. А наконт дакументаў — спачатку мы меркавалі, што іх павінна рыхтаваць Міністэрства культуры, але калі разабрацца, то да Яго кампетэнцыі належаць толькі аб’екты Канвенцыі, і ўскладаць на яго ўсю працу было б няправільна.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Паколькі юрыдычны аддзел Парламента кампетэнтны ў дадзеных пытаннях, я, як прадстаўнік Парламента і Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, прапаную атрымаць кансультацыю па Канвенцыі УНІДРУА ў нашых юрыстаў, каб яны вызначылі, да кампетэнцыі якога міністэрства галоўным чынам трэба яе аднесці. Меркаванне ўсёй Камісіі— ратыфікацыя гэтай Канвенцыі неабходная, бо Беларусь сапраўды прававая дзяржава ў цэнтры Еўропы. Да таго ж, да нас паступае шмат зваротаў, у тым ліку і ад прыватных калекцыянераў, з просьбай сістэматызаваць заканадаўства па вяртанні культурных каштоўнасцей. Трэба стварыць рабочую групу, дзе будуць прадстаўлены зацікаўленыя дзяржаўныя органы, якія прапрацуюць усе нюансы далучэння Беларусі да Канвенцыі УНІДРУА. Працэс падачы заявы ў Парламент Камісія возьме на сябе. Але мы мяркуем, што ўносіць прапановы аб ратыфікацыіпавінна Міністэрства культуры, хаця гэта могуць зрабіць і разам некалькі міністэрстваў і ведамстваў.


Святлана КАРПУШЫНА:

— Вось прыклады тых кампетэнтных органаў у дзяржавах, якія ўжо ратыфікавалі Канвенцыю УНІДРУА: у Азербайджане, Венгрыі і Літве — Міністэрства культуры, у Фінляндыі — Міністэрства юстыцыі.


Наталля ХВІР:

— Міністэрства культуры ўжо папярэдне займалася пытаннямі далучэння да Канвенцыі УНІДРУА і цалкам падтрымлівае гэтую ідэю. Але гэта вялізны аб’ём працы, і лепей, калі ёю будуць займацца некалькі міністэрстваў і ведамстваў.


Аляксандр ШАЦЬКО:

— Неабходна паскорыць стварэнне Банка даных як рухомых, так і нерухомых каштоўнасцей, прычым у гэтай справе разам з Міністэрствам культуры павінны ўдзельнічаць і Міністэрства ўнутраных спраў, і Дзяржаўны мытны камітэт, і іншыя дзяржорганы.


Ірына ПЕТРЫК:

— Спадзяюся, што паступова Міністэрства культуры пры садзейнічанні Урада знойдзе сродкі для алічбоўкі ўсіх культурных каштоўнасцей, якія перамяшчаюцца праз дзяржаўную мяжу. Тады адразу збіраўся б Банк даных аб культурных каштоўнасцях, якія вывозяцца на пастаяннае ці часовае захаванне. І мытнікі маглі б праз электронную сувязь атрымліваць інфармацыю аб пасведчаннях на вываз, выдадзеных Міністэрствам культуры.


Уладзімір ШЧАСНЫ:

— Міністэрства замежных спраў таксама будзе праводзіць папярэднюю прапрацоўку пытання ратыфікацыі Канвенцыі УНІДРУА з апытаннем зацікаўленых структур. Спадзяёмся на іх згоду і далейшае сумеснае абмеркаванне, наколькі гэты дакумент актуальны для Беларусі з пункта гледжання нацыянальных інтарэсаў.


Ірына ПЕТРЫК:

— Лічу, што яшчэ адна мэта нашага “круглага стала” — каб праз вядомую газету “Культура” з Канвенцыяй УНІДРУА пазнаёмілася грамадскасць, у тым ліку многія аўтарытэтныя культурныя дзеячы, каб Яны разгледзелі ідэю далучэння да Канвенцыі і падтрымалі яе.

 

Падрыхтавала Святлана ІШЧАНКА
Фота Юрыя ІВАНОВА і Наталлі ОВАД