“Паляна гультаяватых дубоў”, або Незвычайнае ў звычайным

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

У мінскім Палацы мастацтва працуе вялікая выстаўка работ творчага аб’яднання “Верасень” Беларускага саюза мастакоў, прысвечаная 20годдзю яго заснавання. Так, уся гісторыя “Верасня” ўкладваецца ў гэты невялікі тэрмін.

/i/content/pi/cult/229/3088/7-1.jpgЗа два дзесяцігоддзі "вераснёўцы" прыўнеслі значны і перспектыўны ўклад у беларускае выяўленчае мастацтва, аб чым гавораць хаця б такія імёны і работы членаў аб'яднання, як Георгій, Наталля і Кацярына Паплаўскія, Сяргей Волкаў, Мікалай Рыжыкаў, Вячаслаў Пашчасцеў, Мікалай Казлоў, Яўген Жылін, Ірына Лобан, Віктар Кліменка, Наталля Сустава, Яўген Саковіч, Уладзімір Шнарэвіч, Міхаіл Сенькін, Генадзь Дзянісаў, Міхаіл Моўчан... Усе яны актыўна ўдзельнічаюць у нацыянальных ды міжнародных выстаўках і пленэрах, а ілюстратары паспяхова супрацоўнічаюць з выдавецтвамі, маюць дыпломы і прэміі. Амаль усе члены аб'яднання ўдзельнічаюць у выстаўцы. У экспазіцыю ўвайшлі і тры акварэлі Міхаіла Міронава, які, на жаль, нечакана пайшоў з жыцця ў гэтым годзе.
Аб'яднанне "Верасень" - гэта, канешне ж, творчы кірунак, члены якога звязаны агульнасцю не толькі глыбінных разуменняў сучаснай праблематыкі ў выяўленчай культуры краіны, але і агульнасцю поглядаў на ролю і месца мастацтва ў жыцці чалавека. "Вераснёўцы" абгрунтаваны добрай акадэмічнай вывучкай, што немалаважна, і сцвярджаюць эстэтычную чысціню, прыгажосць высокіх духоўных і маральных каштоўнасцей. Усе гэтыя назіранні і азначэнні, хаця і закранаюць самае відавочнае, так бы мовіць, зыходныя рысы "Верасня", у цэлым цалкам абгрунтаваныя і слушныя. Засмучае толькі адно: усё ж такі замала ў творах сюжэтаў і тэм, непасрэдна звязаных з роднай Беларуссю. Мусіць, менавіта гэта галоўны недахоп, што кінуўся ў вочы пасля таго, як наведаў выстаўку. У экспазіцыю ўвайшлі 165 работ апошніх 2 - 3 гадоў: станковая і кніжная графіка, арыгінальныя малюнкі (від графікі, сёння амаль што забыты), акварэль, жывапіс алеем. А ўсяго ўдзельнічаюць у выстаўцы 32 мастакі. Асаблівую ўвагу выклікаюць лірычныя пейзажныя п а л о т н ы "Паляна гультаяватых дубоў" і "Пленэр. Празрысты гай" Георгія Паплаўскага, віртуозныя малюнкі чароўных жаночых вобразаў і выдатныя ілюстрацыі Сяргея Волкава да беларускіх казак. Ды і іншыя мастакі-ілюстратары выявілі свой прафесіяналізм і высокі эстэтычны густ.

/i/content/pi/cult/229/3088/7-2.jpgПадаецца, што ў цікавым накірунку ідуць творчыя пошукі маладых "вераснёўцаў":Наталлі Марчанка, Вікторыі Белавусавай-Кірыенка, Лізаветы Пашчасцявай. Кожная з іх ужо мае свой непаўторны мастакоўскі почырк, што мае дачыненне і да агульнавядомых сучасных мастацкіх накірункаў, і да чыста акадэмічных традыцый. Асабліва здзіўляе разгорнутая сапраўдная "экспазіцыя ў экспазіцыі" з 20 жывапісных палотнаў Ілоны Касабука-Бірыцкай - своеасаблівай, шчодра адоранай мастачкі, якая вельмі тонка адчувае прыродны і жыццёвы настрой, бачыць безліч "незвычайнага ў звычайным". У цэлым, нягледзячы на разнажанравае і рознастылёвае бачанне, новыя творы ўсіх "вераснёўцаў" выглядаюць вельмі гарманічна, так бы мовіць, на любы густ: верагодна, таму, што мастакі з поўнай аддачай імкнуцца ўбачыць і адлюстраваць, "даследаваць" унікальную каштоўнасць жыцця, апяваць прыгажосць навакольнага свету, чым і дораць людзям мноства светлых, станоўчых думак і жыццесцвярджальны настрой.
Аляксандр РУНЕЦ   

На фота:

К.Паплаўская. “Траецкае прадмесце”.

Н.Марчанка. “У гасцях у Рэнэ”.