“Чуццё” да гармоніі

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Шмат разнастайных мерапрыемстваў, своеасаблівых творчых справаздач праходзіць у Палацы культуры горада Маладзечна. У рознай форме і жанрах гучыць у іх прызнанне жыхароў у любові да свайго горада, краю, Радзімы. Году роднай зямлі прысвяціў сваю другую выстаўку пад назвай “Гарадская рапсодыя” наш мастак Яўген Рагуновіч.

Семнаццаць гадоў таму ён вярнуўся ў родны горад, дзе ў свой час скончыў сярэднюю школу, політэхнікум і адкуль, як сам кажа, "пачаў матацца па ўсім свеце". Час службы і працы ў войску ў Чэхіі, Сярэдняя Расія і Далёкі Усход... Першыя выстаўкі карцін у горадзе Усурыйску... У гэты ж час ён вывучае станковы жывапіс і графіку ў Маскоўскім народным універсітэце мастацтваў. Пасля вяртання ў 1992 г. у горад свайго юнацтва Я.Рагуновіч зрабіў тут сваю персанальную выстаўку. Сённяшнія работы выкананы ў новым для мастака матэрыяле - пастэлі. Простасць і, разам з тым, навізна ў выказванні думкі, удалае адчуванне гэтага матэрыялу нарадзілі цуды.
Яркія, часам кантрастныя, колеры мастак асаблівым чуццём уводзіць у гармонію, і творы атрымліваюцца незвычайна прыцягальнымі. Маладзечна прыгожае ў любую пару года і сутак - гэта сцвярджаюць нават тыя, хто яго наведвае ўпершыню. Начны горад на карцінах, чаму аддае перавагу мастак, здаецца, дыхае на поўныя грудзі, пачынае жыць нібыта казачным жыццём. Вабяць глыбіня і таямнічасць, нават калі бачыш на карціне толькі абрысы знаёмага будынка гатэля.
У арэоле ўнутранага свету - слаўнае Маладзечанскае музычнае вучылішча. А ягоны духоўны гаспадар Міхал Клеафас Агінскі, відаць, ужо зрабіў крок наперад, каб сысці з п'едэстала помніка, і крочыць напрасткі, шырокім гасцінцам, у свае Паўночныя Афіны. Утульныя вулачкі і скверы, касцёл Святога Іосіфа і Пакроўская царква, што на Старым месцы, - гэта не проста горад: ён - наша гісторыя...
Ларыса СЫСУН Маладзечна