Моладзь і мары

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

30 верасня, напярэдадні Міжнароднага дня музыкі, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся канцэрт Маладзёжнага сімфанічнага аркестра СНД пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Марка Гарэнштэйна. Стварэнне гэтага калектыву амаль два гады таму стала адным з праектаў Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Адначасова гэта стала яшчэ адным доказам нашай еднасці з агульнаеўрапейскай культурнай прасторай, дзе міжнародныя маладзёжныя аркестры — з’ява даволі распаўсюджаная.

 

Маладзёжны аркестр СНД можа лічыцца пераемнікам лепшых традыцый савецкай выканальніцкай школы. Больш як 100 маладых музыкантаў з'ехаліся на 10 дзён рэпетыцый і майстар-класаў, каб узрушыць публіку ў гастрольным туры Адэса - Мінск- Кіеў - Масква - Ерэван - Кішынёў. У кожным з канцэртаў - свае адметнасці праграмы, з уключэннем твораў нацыянальных класікаў гэтых краін: у Адэсе гучала музыка М.Лысенкі, у нас - Канцэрт для аркестра Яўгена Глебава. Адкрываў жа праграму Першы фартэпіянны канцэрт П.Чайкоўскага. Саліраваў лаўрэат міжнародных конкурсаў М.Култышаў.