Гармонія — тэрмін музычны

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Для чаго патрэбна музыка студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры? “Каб пад яе было весялей рабіць фізічныя практыкаванні!” — скажа хтосьці. Іншыя дададуць пра ролю музыкі ў мастацкай гімнастыцы, фігурным катанні, не забудуць і пра адпачынак. Але мала хто паверыць, што спартсмены “бавяць час”, слухаючы, да прыкладу, рамансы сучаснага пецярбургскага кампазітара Сяргея Сланімскага, якія нават з музыкантаў мала хто ведае. І дарма!

У фае актавай залы гэтай навучальнай установы рэгулярна, раз на месяц, ладзяцца мастацкія выстаўкі (у наступным навучальным годзе будзе юбілейная — 50-я), выступаюць музыканты, адбываюцца сустрэчы з дзеячамі культуры. У прыватнасці, мне давялося патрапіць на выступленне спявачкі Алены Золавай — дыпламанткі міжнародных конкурсаў, выхаванкі зоркі Беларускай оперы Ірыны Шыкуновай — і канцэртмайстра Таццяны Рыдлеўскай. Дый праграма была сапраўды конкурсная, філарманічная, без аніякіх скідак на непадрыхтаваную аўдыторыю. І гучала музыка ў атачэнні карцін Святланы Грыгор’евай, якая была рада, што яе 8-ая персанальная выстаўка “Імкненне да гармоніі” адбылася менавіта тут.

— Мы імкнёмся да гармоніі душы і цела, — расказала арганізатар усіх гэтых імпрэз, начальнік аддзела выхаваўчай работы універсітэта Святлана Васіленка. — У нас не толькі вакалісты выступаюць: і струны квартэт быў, і класічная гітара. Выступаюць і акцёры тэатраў, гучаць вершы, дэманструюцца фрагменты са спектакляў. А з беларускіх мастакоў, у тым ліку самых вядомых, — нават цяжка сказаць, хто яшчэ ў нас не пабываў. Пасля кожнай такой урачыста-афіцыйнай сустрэчы нашы госці выступаюць у групах, вядзецца зацікаўленая размова і пра мастацтва, і ўвогуле на самыя розныя жыццёвыя тэмы, выкліканыя гэтым мастацтвам. Пішуць нашы студэнты і водгукі на пачутае і ўбачанае — вы б толькі пачыталі, як кранаюць іх многія мастацкія рэчы. І не толькі мастацкія! Памятаю, адзін з мастакоў, які да нас прыходзіў, трапіў у шпіталь, дык яго цэлымі дэлегацыямі наведвалі. А пасля фотавыстаўкі “Розныя — роўныя”, прысвечанай інвалідам, адбываліся гэткія ж “паломніцтвы” ў дзіцячыя дамы і інтэрнаты. Сябруем мы і з пасольствамі, консульскімі аддзеламі розных краін. Рыхтуючыся да Алімпіяды, зладзілі фотавыстаўку “Гарманічны Кітай: імкненне і мары”. А як жа іначай? Намагаемся, каб нашы спартсмены неслі славу нашай радзімы не толькі сваімі рэкордамі, але і натхненнем душы, каб маглі за мяжой распавесці пра багатую нацыянальную культуру.