Каб раскрыць душу чалавечую...

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

З 25 па 28 верасня праходзіў Першасвяціцельскі візіт Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларусь. Яго Святасць наведаў тры беларускія гарады: Мінск, Полацк і Віцебск. “К” папрасіла падзяліцца ўражаннямі, якія пакінуў прыезд Патрыярха Кірыла, дзеячаў культуры, мастацтва і рэлігіі Беларусі.

 
/i/content/pi/cult/229/3078/3-4.jpg

Сустрэча з Яго Святасцю каля кафедральнага

Свята-Духава сабора.

Міхаіл КАЗІНЕЦ, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, прафесар:

- Безумоўна, для мяне як хрышчонага чалавека і чалавека, які нарадзіўся ў мінулым стагоддзі, прыезд Патрыярха Кірыла ў Беларусь - вельмі важная падзея. Я прысутнічаў на сустрэчы Яго Святасці з навуковай і творчай інтэлігенцыяй у Палацы Рэспублікі і адчуў там, як супакойваецца мая душа, якой хочацца паслухаць словы Пастыра пра тое, што галоўнае ў чалавечым жыцці, на што, наадварот, не варта звяртаць вялікай увагі, як трэба адносіцца да тых людзей, якія жывуць побач з намі. Я сам выпускнік Віцебскага музычнага вучылішча, і памятаю той жах, калі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя разбураліся шматлікія храмы. І, канешне ж, мне вельмі радасна, што яны аднаўляюцца, што Патрыярх, калі быў у Віцебску, абяцаў прыехаць на асвячэнне Свята-Успенскага кафедральнага сабора, які цяпер там будуецца.

/i/content/pi/cult/229/3078/3-6.jpg

Пад час канцэрта з нагоды сустрэчы Патрыярха

з творчай і навуковай інтэлігенцыяй у

Палацы Рэспублікі. 

Віктар МАНАЕЎ, заслужаны артыст Беларусі:

- Як можна не радавацца гэтаму візіту, візіту Свяцейшага Патрыярха Кірыла? Гэта - як радуюцца дзеці, калі да іх прыязджае бацька, гэта - як адчуваць вялікі духоўны ўздым праваслаўнага чалавека пасля сустрэчы і размовы са сваім духоўным айцом. Гэта тая ж радасць. Візіт Яго Святасці яшчэ раз сведчыць, што мы належым да адзінай праваслаўнай сям'і, куды ўваходзяць беларусы, рускія, украінцы, малдаване, аб чым казаў Патрыярх, і для мяне гэты момант падаўся надзвычай важным. Бо адчуваеш сябе мацней тады, калі знаходзішся ў вялікай сям'і, згуртаванай Любоўю.

Ігумення ЕЎДАКІЯ (Ляўшук), настаяцельніца Полацкага Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра

- Мы дзякуем Богу за гэты візіт, які адбыўся менавіта ў прастольнае свята нашага Крыжа-Узвіжанскага сабора. І за тое, што менавіта ў нашым саборы Патрыярх адслужыўвячэрню і нядзельную святочную Літургію, выкарыстоўваючы новаствораны Крыж Еўфрасінні Полацкай. А тая пропаведзь, з якой ён звярнуўся да вернікаў, уразіла і натхніла ўсіх, хто прысутнічаў у гэты час у царкве. Мы ўдзячны яму за службу і за візіт да нас.

/i/content/pi/cult/229/3078/3-1.jpg
Дар Патрыярха Кірыла Мітрапаліту Філарэту. 
Георгій ПАПЛАЎСКІ, народны мастак Беларусі, Наталля ПАПЛАЎСКАЯ, мастак:

- Мы з праваслаўных сем'яў, і таму да візіту Патрыярха паставіліся вельмі сур'ёзна. Неаднаразова бываючы ў розных кутках Беларусі, заўсёды балюча было бачыць, як разбураюцца храмы, а таму наш час узвядзення новых і аднаўлення старых цэркваў радуе душу. Як падаецца, важны момант у выказваннях Яго Святасці ў тым, што ён шмат увагі звяртаў на тое, каб праваслаўныя хрысціяне былі больш аб'яднаныя, больш дружныя. Таксама важна, што Патрыярх Кірыл заклікае да маральнага ўдасканалення людзей, да таго, каб кожны з нас рабіў сябе лепшым. А, як вядома, у маральным выхаванні чалавека роля Царквы - найвялікшая. Візіт Патрыярха - незвычайная падзея ў нашым жыцці і ў жыцці нашай краіны, бо, нягледзячы на важнасць эканомікі і палітыкі, духоўны складнік - гэта тое, што вельмі неабходна беларусам і ўсім праваслаўным людзям.

Мікалай ПАШЫНСКІ, начальнік упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта:

- Я быў і раней знаёмы з Патрыярхам Кірылам, калі ён быў Мітрапалітам Смаленскім і Калінінградскім. Ён унікальны, найразумнейшы чалавек у тым плане, што Яго Святасць - вялікі філосаф і псіхолаг, настолькі ён пранікнёна вядзе гутарку. Асабліва мяне ўразіла сустрэча Патрыярха з моладдзю, якая адбылася ў Летнім амфітэатры Віцебска, калі Яго Святасць гаварыў пра фарміраванне, раскрыццё чалавечай душы, пра тое, каб сучасны чалавек удасканальваўся паводле Боскіх законаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА




Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"