“Я к табе прылятаю, Белавежская пушча...”

№ 39 (907) 26.09.2009 - 02.10.2009 г

Як вядома, 3-га кастрычніка Нацыянальны парк “Белавежская пушча” адсвяткуе 600годдзе з часу ўсталявання запаведнага рэжыму. У межах гэтага дня Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, абласнымі ўпраўленнямі і раённымі аддзеламі культуры падрыхтавана вялікая культурная праграма. Што ж чакае гасцей святочнага мерапрыемства?

Як паведамілі "К" у Рэспубліканскім аргкамітэце па падрыхтоўцы святкавання да 600-годдзя ўсталявання запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы, на працягу ўсяго дня 3 кастрычніка чакаецца насычаная культурная праграма з удзелам больш як 500 артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Польшчы. Чакаецца прыезд Аляксандры Пахмутавай, Мікалая Дабранравава, Анжалікі Агурбаш, Ірыны Дарафеевай і іншых вядомых выканаўцаў. Усяго на працягу дня запланаваны тры ўрачыстыя канцэрты: першы будзе прысвечаны адкрыццю свята, другі - канцэрт сяброўства "Святкуем разам!", а завершыць дзень вечаровы гала-канцэрт. На сцэне будуць выступаць як знакамітыя беларускія калектывы, так і госці свята: ансамбль песні і танца "Зоренька" (Расійская Федэрацыя), Дзяржаўны ансамбль песні і танца "Letuva" (Літва), ансамбль беларускай песні "Прымакі" (Рэспубліка Польшча) і іншыя. Таксама запланаваны ўдзел творчых калектываў і майстроў народных рамёстваў з Брэсцкай вобласці. А для шматлікіх гасцей свята будуць працаваць гандлёвыя пляцоўкі. Усіх сакрэтаў арганізатары свята не раскрылі, а запрасілі прыехаць і паглядзець усё на свае вочы.
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"