Па народным календары беларусаў 2 мая і 24 ліпеня (па старым стылі) з даўніх часоў адзначалі Барысаглебскія святы. Найбольш шырока святкавалася 24 ліпеня, або, па новым стылі, 6 жніўня. Гэты дзень знаменаваў надыход жніва, і яго называлі Хлеб-Барыс.
У Беларусі ёсць і некалькі сакральных крыніц, апекунамі іх лічацца святыя Барыс і Глеб. У наш час вялікай пашанай карыстаюцца крыніцы паблізу вёскі Старыя Стайкі Шклоўскага раёна і паміж вёскамі Янава і Серкавіцы Талачынскага раёна.Вёска Старыя Стайкі ў пісьмовых крыніцах згадваецца з XVII ст. у складзе Гарадзецкага войтаўства Капыскага графства. Зараз яна ўваходзіць у Славенскі сельсавет Шклоўскага раёна. Каля вёскі ёсць узгорак з могілкамі, а на самай вяршыні — мураваная капліца. Пад гарой цячэ крыніца-ручаінка Святочніца. Над ёй зроблены навес. На свята ад Барысаглебскай капліцы на крыніцу ідуць хрэсным ходам. Перад фэстам жыхары вёскі Старыя Стайкі выкошваюць траву на лузе, упрыгожваюць капліцу і крыніцу і рыхтуюцца сустракаць гасцей, якія 6 жніўня ідуць і едуць з усяго наваколля і нават з дальніх раёнаў.
Яшчэ і сёння ў вёсцы распавядаюць паданне аб тым, што жылі некалі два браты Барыс і Глеб. Аднойчы яны плылі па Дняпры ў адной лодцы і з-за нечага паспрачаліся. У прыступе гневу Глеб забіў Барыса. Людзі пахавалі нябожчыка на высокім беразе Дняпра. У магілу паклалі залаты меч і іншыя каштоўнасці, над ёй узвялі капліцу. Некалькі разоў злыя людзі спрабавалі авалодаць багаццем, але заўсёды іх чакала хуткая смерць.
У канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. па некалькі тысяч людзей збіраліся ў Барысаглебскія святы на Няклюдаўскай крыніцы, што паміж вёскамі Янава і Серкавіцы ў Талачынскім раёне. Некалі крыніца атрымала найменне ад назвы манастыра. У 1889 — 1897 гг. паміж вёскамі Няклюдава і Янава была пабудавана мураваная царква ў імя святой Тройцы і заснаваны мужчынскі манастыр. З Кіеўскага Троіцкага манастыра сюды былі пераведзены 18 манахаў, а ў пачатку ХХ ст. тут ужо жыло іх 50.Паводле падання, некалі каля крыніцы ў лесе на дубе аб’явіўся абраз Барыса і Глеба. Першым яго ўбачыў селянін з вёскі Янава і забраў дахаты. Але яму прысніўся сон з патрабаваннем, каб ён аднёс абраз назад. Селянін з дапамогай суседзяў пабудаваў на месцы з’яўлення іконы капліцу, і там сталі праводзіцца богаслужэнні. Потым памешчык прыбудаваў яшчэ другую частку царквы, а для абраза зрабіў металічную пазалочаную рызу. Некалькі разоў абраз спрабавалі забраць у Няклюдаўскую царкву, але тады яе святар стаў пакутаваць на хваробу вачэй. Калі ён адносіў абраз на ранейшае месца, хвароба спынялася.
Да 1900 года абраз знаходзіўся ў драўляным храме каля крыніцы. 24 ліпеня (6 жніўня па новым стылі) яе пераносілі хрэсным ходам у манастырскую царкву, дзе яна захоўвалася да 1 мая (“зімавала”). Вясной (“на лета”) яе зноў адносілі да капліцы. У ноч з 1 на 2 мая праходзіла богаслужэнне, а раніцай — дзве літургіі: ранняя (у 7 гадзін) і позняя (у 10 гадзін). Пасля адбывалася водасвяцце.Некаторыя людзі зрывалі лісточкі з дуба, на якім аб’явіўся абраз. Лісткі, сарваныя менавіта ў гэты дзень, лічыліся святымі. Калі адыходзілі дадому, стараліся вуснамі дакрануцца да кары дуба. Паводле павер’я, тады не будуць балець зубы.
Некалі побач з манастыром вырасла вёска, якую і назвалі Манастыр. Да крыніцы людзі хадзілі заўсёды. Зараз месца вакол крыніцы добраўпарадкоўваецца: зроблены масткі, дзве вялікія альтанкі са столікамі. На лузе захаваліся дубы — сведкі былых пакланенняў абразу Барыса і Глеба на крыніцы. Зараз манастыр аднаўляецца, і больш людзей стала хадзіць да крыніцы, асабліва на святы.
Людміла ДУЧЫЦ,
кандыдат гістарычных навук