Запрашае… млын

№ 38 (906) 19.09.2009 - 25.09.2009 г

Калі яшчэ гадоў восем таму ў Ляхавіцкім раёне налічвалася 53 майстры народнай творчасці, дык цяпер іх — каля 230. Гэта ткачы, разьбяры па дрэве, бондары, керамісты, ганчары, гравёры… Значная частка іх папоўніла Клуб рамёстваў, які дзейнічае пры Раённым цэнтры культуры. Творы, разнастайныя па форме і жанрах, арыгінальныя і самабытныя, рэгулярна дэманструюцца на выстаўках Брэстчыны і за яе межамі.

Добра вядомы Дом рамёстваў вёскі Дарава. Пры ім дзейнічаюць гурткі па мастацкай вышыўцы - "Залатая пчолка", па вязанні - "Чароўны клубочак" і па саломкапляценні - "Саламяны цуд". Кіраўнікі гэтых гурткоў Людміла Сярдзюк, Людміла Варановіч і Надзея Горка дапамагаюць дзятве і людзям сталага ўзросту авалодваць даўнімі рамёствамі. Многія з тых, хто ўжо спасціг сакрэты майстэрства, узначалілі гурткі народнай творчасці ў суседніх вёсках. Вырабы гурткоўцаў можна ўбачыць ледзь не ў кожнай хаце вёсак Туркі, Федзюкі, Карані. З энтузіязмам і творчай выдумкай працуюць майстрыхі Кацярына Турко, Ганна Шавель, Соф'я Свістуновіч, Тамара Жукоўская і Вольга Ксёнжак. Гурткоўцы вельмі ўдзячныя майстру па вязанні Людміле Варановіч, якая вучыць жанчын і дзяўчат тэхніцы пляцення беларускіх паясоў... І яшчэ. Нацыянальныя касцюмы для мастацкай самадзейнасці, зробленыя рукамі дараўскіх гурткоўцаў, экспанаваліся на раённых і абласных выстаўках, у Палацы Рэспублікі. Той, каму давядзецца пабываць у вёсцы Дарава, можа, не распытваючы тамтэйшых жыхароў, беспамылкова трапіць у Дом рамёстваў. Ён адразу кідаецца ў вочы: перад вокнамі будынка ўстаноўлены дэкаратыўны млын. Памахваючы сваімі крыламі, ён нібы гасцінна запрашае: "Заходзьце, калі ласка!"...
Фёдар ЛАПАНІК
 Ляхавічы