Крышталёвае танга

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

16 - 17 мая ў Мінску адбудуцца канцэрты групы сучаснай харэаграфіі "ТАД" Гродзенскай абласной філармоніі, якая сёлета была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

 /i/content/pi/cult/114/304/Tanga.jpg
Гэта не адзіная ўзнагарода калектыву, якому летась споўнілася 15 гадоў. Яго арганізатар і кіраўнік Дзмітрый Куракулаў, які заканчвае Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, — лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў у Гомелі, Віцебску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве. І ёсць за што! Ён паставіў больш за 60 спектакляў і мініяцюр, сярод якіх — нават акрабатычныя нумары для артыстаў цырка.
Імя Д.Куракулава ўжо стала своеасаблівым брэндам беларускага contemporary dance, а ён сам — яго “першаадкрывальнікам” у Беларусі, стваральнікам першай у гісторыі айчыннай культуры трупы харэаграфічнага мадэрна і, на сённяшні дзень, ледзь не жывым класікам гэтага “экстрэмальнага” напрамку. Авангардныя прыёмы, “інакшавасць” лексікі, вольнай ад акадэмічных канонаў, выкарыстанне ў адным творы самай рознай музыкі — класікі і рока, этна і джаза — усё гэта было новым, дзёрзкім, нязвыклым. А потым да “новай танцавальнай хвалі” далучыліся Аляксандр Цебянькоў з танцтэатрам “Галерэя” (Гродна), Іна Асламава з групай “Квадра” ды Настасся Махава са студыяй “Паралелі” (Гомель) і многія іншыя: з’явіліся і прадаўжальнікі традыцый, і нават эпігоны.
З гадамі Дзмітрый не зніжае актыўнасці, а шукае новыя, няходжаныя шляхі для “выкіду творчай энергіі, якая матэрыялізуе ўяўленне” (менавіта так с санскрыту перакладаецца назва гурта). Таму нядзіўна, што кожны канцэрт тадаўцаў становіцца адметнай падзеяй. Асабліва ў сталіцы, дзе выступленні калектыву здараюцца да крыўднага рэдка (апошнюю буйную праграму гурт паказваў ажно тры гады таму).
Цяперашнія выступленні (два вечары — дзве розныя праграмы) прадстаўляюць свайго роду “the best” — збор лепшых твораў мінулых гадоў, дапоўненых сёлетнімі прэм’ерамі. У шматкаляровай палітры ёсць і касцюміраваныя шоу (“Авагарда, або Сілы ілюзіі”), і пранікнёна асабовыя эмацыйныя выбухі (аднаактовы балет “Ваца. Вянчанне з Богам”, напісаны паводле Віяланчэльнага канцэрта маладога беларускага кампазітара Алега Сліжанка і прысвечаны трагічнаму лёсу легендарнага рускага танцоўшчыка Вацлава Ніжынскага). А побач з візуальна-пластычнымі фантазіямі (“Крышталь”) — філасофскія прытчы (“Бывай, паверхня!” на музыку нашага вядомага кампазітара Алега Залётнева, “Маленькая сімфонія прасторы”). Асобае месца зойме танга — улюбёны танец і самога харэографа, і, вядома, публікі. 

Святлана УЛАНОЎСКАЯ
Фота Валерыя ЦІТОВА